Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Грамовіч

Фатаграфія Івана ГрамовічаГрамовіч Іван Іванавіч (26.07.1918, в. Закружка Мінскага раёна – 02.07.1986, Мінск; пахаваны на Паўночных могілках), празаік. Член СП Беларусі з 1946. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1978).

   Нарадзіўся Іван Іванавіч у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Крупіцкай сярэдняй школе, пасля паступіў і ў 1939 скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Пасля вучобы ў інстытуце быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе праслужыў у артылерыйскіх часцях ад радавога байца да афіцэра. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1948 дэмабілізаваўся, працаваў загадчыкам грамадска-палітычнага аддзела часопіса «Беларусь» (1946-1953), адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1953-1954, 1958-1970), начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм» (1956-1957), літкансультантам СП БССР (1958-1970), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (1970-1975). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, УССР, Латвійскай і Малдаўскай ССР. Член КПСС з 1943.
   Першае апавяданне «Ружовіўся ўсход» надрукавана ў 1935 у альманаху «Аднагодкі». Да вайны многія творы Івана Грамовіча, яго першая аповесць «Чужы грунт» друкаваліся ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». Галоўнае ў іх – жыццё калгаснай вёскі. У франтавых газетах змяшчаў нарысы, апавяданні. Асноўныя тэмы пасляваеннай творчасці – вайна, аднаўленне, каханне і сяброўства, нараджэнне новых узаемаадносін у заходне-беларускай вёсцы, праца рабочых, інтэлігенцыі, праблема горада і вёскі, сціранне граней паміж імі (зборнікі апавяданняў «Шырокія азёры», «Да ясных вышыняў», «У лесе, на палянцы...»; «Рына-Марына», аповесці «Сям’я Вішнёвых», «На крутой гары», і інш.). Пісаў для дзяцей (зборнікі «Першага верасня», «Сонца скрозь воблакі»). У сатырычных і гумарыстычных творах выкрываў і асуджаў праявы спажывецтва, мяшчанства, нявыхаванасць, бескультур’е («Нарасць», «Вадалей-гэтакдалей», «Залатая бранзалетка»). Аўтар успамінаў пра дзеячаў літаратуры і мастацтва, сцэнарыяў дакументальных і відавых фільмаў («Памяццю сэрца», 1962; «Паэт у дарозе» і «Паўлік і партфель», 1963). Пісаў публіцыстычныя артыкулы, нарысы. Творы І. Грамовіча перакладаліся на рускую і іншыя мовы.

Л. С. Савік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. – 541 с.

 

Похожие статьи:

БиографииПятрусь Броўка

БиографииСтаніслаў Шушкевіч

БиографииАлесь Бачыла

ББіяграфія

БиографииГеоргій Марчук