Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвіга Бяганская

Фатаграфія Ядвігі Бяганскай   Беларуская пісьменніца Ядвіга Іосіфаўна Бяганская нарадзілася 29 лютага 1908 года ў горадзе Верхневудзінск (цяпер Улан-Удэ) Расійскай імперыі ў сям’і беларускіх перасяленцаў у Сыбір. Бацька, Іосіф Вікенцьевіч Бяганскі, ураджэнец засценка Лазіна Барысаўскага павета Мінскай губерні, працаваў машыністам на паравозе. Маці Браніслава Іванаўна (Самковіч).
   У 1922 г. сям’я Бяганскіх вярнулася ў Беларусь. Спачатку жылі ў Лазіна, а ў 1923 г. пераехалі на радзіму маці ў фальварак Пагулянка, да яе старэйшага брата А. Самковічу. У 1924 г. Іосіф Бяганскі уладкаваўся на чыгунку машыністам, і сям’я пераехала ў Мінск.
   У 1926 г. Ядвіга скончыла Мінскую чыгуначную школу і паступіла на аднагадовыя курсы па падрыхтоўцы ў ВНУ, а у 1927 годзе была залічана на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыла ў 1930 годзе Працавала ў 20-й Мінскай школе імя М. Горкага.
   Выйшла замуж за паэта Аляксандра Мікалаевіча Сака, які нарадзіўся ў сям’і селяніна-каваля. У 1917 г. скончыў каталіцкую семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, быў прыхільнікам вядзення службы ў касцёле на беларускай мове, некаторы час служыў святаром у Койданаве (цяпер Дзяржынск). 17 снежня 1929 г. публічна адмовіўся ад святарскага сану. Працаваў стыльрэдактарам ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 24 ліпеня 1930 г. арыштаваны АДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўнай калоніі. Працаваў на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала, дзе знаходзіўся па 1934 г. Паўторна арыштаваны 25 жніўня 1937 г. і расстраляны ў Мінску.
   27 жніўня 1937 г. у Мінску быў арыштаваны машыніст паравознага дэпо Іосіф Бяганскі і 23 верасня 1937 г. «тройкай» НКУС прыгавораны за "шпіянаж на карысць буржуазнай польскай разведкі» да ВМП і 17 кастрычніка 1937 г. расстраляны ў Мінскай унутранай турме НКУС. Рэабілітаваны 11 красавіка 1956 г. СССР Вярхоўным судом.
   6 лістапада 1937 г. Ядвіга была арыштаваная, а 4 студзеня 1938 г. асобай нарадай пры НКУС была асуджаная за «контррэвалюцыйную агітацыю» і «неданясенне аб шпіёнскай дзейнасць мужа» да 10 гадоў працоўных лагераў, сасланая на Калыму.
   Вызвалена 6 лістапада 1947 г. У пачатку 1948 г. узяла шлюб з мастаком М. Леберфарбам, з якім пазнаёмілася ў лагеры.
   Леберфарбы жылі на Чукотцы, у 1948 г. ім дазволілі вярнуцца ў БССР, куды шлях ляжаў на параходзе ўздоўж берагоў Якуціі. У кастрычніку 1948 г. Ядвіга вярнулася ў БССР, жылі ў Рэчыцы.
   У 1954 г. Ядвіга Бяганская была рэабілітаваная [26 кастрычніка 1962 г. рэабілітаваная трыбуналам Беларускай ваеннай акругі]. Пасля рэабілітацыі першага мужа А. Сака ў 1955 г. яна пераехала з сям’ёй у Мінск. З 1957 г. член Саюза Пісьменнікаў СССР. У 1956-1963 гг. працавала на Беларускім радыё. З 1963 г. на пенсіі.
   Аўтар кніг для дзяцей «Далёка на Поўначы» (1954), «Жэнін галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1978), «Сланечнікі» (1980), «Ля самага сіняга мора» (1982), «Сонцу і ветру насустрач» (1988), кнігі ўспамінаў «Моя Голгофа» (1997). Перакладала з польскай і славацкай моў.
   Незадоўга да смерці запісала ў сшытак вершы, якія захавала яе памяць, якія падзеленыя на дзве часткі: «Вершы розных гадоў, якія ўдалося сабраць пасля доўгіх год майго выгнання. 1925-1930 гады» і «1938 год, Калыма. Тое вельмі нямногае, што захавалася пасля вобыскаў, якія час ад часу праводзіла у бараках лагернае начальства».
   Памерла 3 красавіка 1992 года ў Мінску і была пахавана на Паўночных могілках.


Алесь Баркоўскі, Виктория Петрушкина.

Похожие статьи:

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Новенькая

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Сланечнікі

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Міколкава ялінка

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Маленькі капітан