Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвіга Бяганская - Маленькі капітан

Увага!!! Поўны змест

   Вось і вясна прыйшла. Сонейка выпусціла на волю усе свае праменні і праменьчыкі, і яны пачалі будзіць зямлю ад доўгага зімовага сну.
   Зацырыкалі весела вераб’і ў падстрэшшы, зазелянела траўка на праталінках; зазвінелі, заспявалі вясёлыя веснавыя ручаінкі.
   – Дзядуля, зрабі мне караблік, – папрасіў Андрэйка. – Я яго на ручай пусціць хачу.
   – А з чаго мы яго рабіць будзем? – запытаў дзядуля.
   – З паперы, вядома, – сказаў Андрэйка.
   – Ну, які гэта карабель з паперы? Ён жа адразу размокне, патоне. Бяжы лепш пад павець ды прынясі кавалачак сасновай кары. З яе мы і зробім табе караблік.
   Андрэйка запляскаў ад радасці ў ладкі і, бразнуўшы дзвярыма, выбег з хаты.
   – Вось, дзядуля! – праз хвіліну вярнуўся ён з двара і паклаў на стол некалькі кавалкаў сасновай кары.
   – Тут, браце мой, на цэлую флатылію будаўнічага матэрыялу хопіць, – пажартаваў дзядуля і дастаў з кішэні свой адмысловы сцізорык.
   Агледзеўшы па парадку кожны кавалак кары, дзядуля спыніўся нарэшце на адным з іх і ўзяўся за работу.
   Неўзабаве караблік быў гатовы. Маленькі, зграбны, ён стаяў на стале, і Андрэйка не мог адвесці ад яго зачараваных вачэй. Караблік меў і капітанскі мосцік, і прасторную палубу, і высокія мачты, на адной з якіх вісеў маленькі чырвоны сцяжок.
   – А як жа без капітана? – запытаў Андрэйка і заклапочана паглядзеў на дзядулю.
   – I праўда, як жа гэта без капітана? – у тон унуку сказаў дзядуля.
   – Я прыдумаў! – усклікнуў раптам Андрэйка і ўсхапіўся з месца.
   Не паспеў дзядуля што-небудзь уцяміць, як Андрэйка паставіў перад ім скрынку са сваімі даўно забытым! цацкамі і, пакорпаўшыся ў ёй, дастаў маленькага матроса з пластмасы.
   – Вось! – радасна ўсклікнуў Андрэйка. – Ён будзе нашым адважным капітанам.
   Прымацаваўшы капітана на капітанскім мосціку, Андрэйка яшчэ раз агледзеў свой караблік і пабег з ім на вуліцу. Тут да Андрэйкі далучыліся Толік і Вова.
   Ручай іскрыцца, бруіць на вясновым сонейку. Які ён быстры, які вясёлы! Андрэйка асцярожна апускае на ваду свой маленькі, лёгкі караблік, і той, падхоплены імклівым патокам, плыве, трапеча чырвоным сцяжком. Бяжыць за ім і Андрэйка са сваімі сябрамі.
   А вось і возера. Яно цяпер шырокае-шырокае, нават берагоў не відаць. Да яго і спяшаецца імклівы ручай з Андрэйкавым караблікам.
   – Глядзіце, колькі чаек! – усклікнуў Вова.
   – Гэта яны рыбу ловяць, – сказаў разважлівы Толік.
   Заглядзеліся дзеці на возера, на белакрылых чаек і забыліся пра ўсё на свеце. «Ой, а караблік?» – успомніў раптам Андрэйка. Ён акінуў вачыма ручай і ўбачыў ля самага возера запаветны чырвоны сцяжок.
   – Караблік! Караблік! – усклікнуў Андрэйка і кінуўся да возера. Следам за ім заспяшаліся і яго сябры. Але не паспелі яны дабегчы да вады, як караблік падхапіла хваляй і адкінула ад берага.
   Дзеці замітусіліся, закрычалі. Толік нават ускочыў у халодную ваду, каб схапіць караблік. Ды дзе там! Хвалі ўсё далей і далей гналі яго, і чырвоны сцяжок на мачце то ўзлятаў уверх, то знікаў з вачэй.
   I раптам...
   – Глядзіце, глядзіце, чайка хоча схапіць караблік! – усклікнуў Вова.
   I сапраўды, адна з белакрылых птушак, што кружыліся над возерам, заўважыла маленькі Апдрэйкаў караблік і каменем кінулася ўніз.
   Андрэйка ажно вочы заплюшчыў.
   – Яна ляціць сюды, на наш бераг! – закрычалі дзеці і кінуліся туды, дзе сярод узбярэжных камянёў апусцілася чайка. Заўважыўшы хлопчыкаў, птушка ўзмахнула вялікімі белымі крыламі і паляцела прэч.
   – Капітан! Мой капітан! – радасна ўсклікнуў Андрэйка, убачыўшы на пяску сярод водарасцей маленькага пластмасавага матроса.

Похожие статьи:

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Міколкава ялінка

БиографииЯдвіга Бяганская

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Сланечнікі

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Новенькая