Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вера Вярба

Фатаграфія Веры Вярбы   Вера Вярба (сапраўднае імя Сакалова Гертруда Пятроўна) нарадзілася 14 студзеня 1942 г. у сям’і служачых у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Бацька, Маркаў Пётр Андрэевіч, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Казлоўская Надзея Васілеўна, працавала інжынерам у Мінску. У 1958 В. Вярба скончыла мінскую сярэднюю школу і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго сканчэння (1964) была пазаштатным карэспандэнтам часопіса «Маладосць» (1964-1969), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку (1969-1971). 3 1972 – літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1977 няштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 працавала ў часопісе «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 г.  Абіралася членам бюро секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў БССР.
   Першыя вершы Веры Вярбы надрукаваны ў 1958 у рэспубліканскіх часопісах. Першая ж кніга «Вочы вясны» выклікала добрыя ўражанні, звярнула на маладую паэтэсу ўвагу крытыкі. Адзначалася, што некаторыя вершы з гэтай кнігі сталі плённым набыткам беларускай паэзіі. Творы В. Вярбы друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», у газеце «Літаратура і мастацтва» і інш. Яна аўтар шматлікіх кніг паэзіі. Паэзія В. Вярбы – лірычная споведзь пра час і сваё пакаленне. Асноўныя матывы – услаўленне маладосці, кахання, мацярынства, роздум над гісторыяй роднага краю і праблемамі сучаснасці. Творы паэтэсы вызначаюцца летуценнасцю, рамантычнай прыўзнятасцю і разам з тым часам у іх адчуваецца разгубленасць перад бытавымі няўвязкамі, разуменне складанасці жаночага лёсу, нялёгкасці жыццёвых выпрабаванняў. Яна па-свойму пераасэнсоўвае вобразы і матывы вуснай народнай творчасці. Верш «Ручнікі», пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй (акрамя таго, песні на вершы паэтэсы напісалі І. Барсукоў, Л. Свердзель). Ліра-эпічная паэма «Каліна» прысвечана гераічнаму подзвігу В. Харужай і яе паплечнікаў. Да запаветных сцяжынак юнацтва і вобразаў роднага краю вяртаецца В. Вярба ў «паэме даўняга кахання» (так названа яна) «Сіняя бухта». У аснове паэмы «Падаліст» роздум над гісторыяй сталіцы Беларусі, над гераічным лёсам свайго народа, над пераемнасцю пакаленняў.
   Паэтэса доўгі час жыла сярод шахцёраў Салігорска. Напісала пра іх нарысы ў прозе. Яе творы перакладаліся на рускую і іншыя мовы, і сама яна пераклала на беларускую мову «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» Р. Фраермана. Памерла 15 ліпеня 2012 года.

    Л. М. Гарэлік

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. – 541 с.

Похожие статьи:

Вера ВярбаВера Вярба - Дарагія бясконца мясціны...

Вера ВярбаВера Вярба - Бабуліны казкі

Вера ВярбаВера Вярба - Гусі клічуць у вырай

Вера ВярбаВера Вярба - Матуліны рукі

Вера ВярбаВера Вярба - Пралеска