Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Якімовіч

Фатаграфія Алеся ЯкімовічаАляксандр Іванавіч Якімовіч (17.01.1904, в. Чурылава Ігуменскага пав. Мінскай губерні, цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці – 15.01.1979, Мінск, пахаваны на Усходніх могілках) – дзіцячы празаік, паэт. Член СП Беларусі з 1934. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1968). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1974; за аповесці «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту», «Кастусь Каліноўскі»).

   Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Старэйшы з шасцярых дзяцей, ён памагаў бацькам па гаспадарцы. Скончыўшы Вышэйшае пачатковае вучылішча ў мястэчку Узда і двухмесячныя настаўніцкія курсы (1921), вучыўся ў Белпедтэхнікуме (1921-1926). У студэнцкія гады фарміраваліся яго светапогляд і талент. Разам з ім займаліся А. Александровіч, П. Глебка, П. Трус, а методыку роднай мовы выкладаў Якуб Колас, які клапатліва ставіўся да пісьменнікаў-пачаткоўцаў. Неўзабаве малады літаратар стаў членам літаратурнай арганізацыі «Маладняк» (1923), працаваў адказным сакратаром рэдакцыі новага часопіса для школьнікаў «Беларускі піянер» (1924). З 1927 займаўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ, якое скончыў у 1930. Вучобу ва універсітэце сумяшчаў з абавязкамі рэдактара часопіса «Іскры Ільіча». Некаторы час працаваў сакратаром педагагічнага часопіса «Асвета», выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вячэрнім Тэхнікуме вогнетрывалага будаўніцтва. У 1934 быў дэлегатам 1 з’езда савецкіх пісьменнікаў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі, працаваў настаўнікам у адной з сярэдніх школ г. Чыстапаля (Татарская АССР), адказным сакратаром раённай газеты ў сяле Шаманаіха Казахскай ССР. Адтуль у 1942 накіраваны на курсы малодшых лейтэнантаў у г. Андыжан, затым – на фронт. Пад Харкавам быў паранены (1943). Пасля выхаду са шпіталя пэўны час жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай (1943-1944). Пасля вайны працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944-1948), літкансультантам Саюза пісьменнікаў рэспублікі (1955-1960). Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга, медалямі.
   Пачатак творчасці А. Якімовіча прыпадае на 20-я г. – перыяд станаўлення беларускай савецкай дзіцячай літаратуры. Вершы стаў пісаць у час вучобы ў Белпедтэхнікуме. Першае выступленне ў друку – верш «Вясна», надрукаваны ў 1923 у часопісе «Маладняк». У 1925 выйшлі першыя кнігі А. Якімовіча: «Вершы» і зборнік апавяданняў «Гул бубна», у якіх расказвалася пра жыццё дзетвары. У іх было, аднак, яшчэ нямала абстрактнага, дэкларацыйнага. Пазней выходзяць у свет аповесці, апавяданні, вершаваныя казкі. Героямі твораў пісьменніка з’яўляюцца равеснікі юных чытачоў, якім аўтар хоча памагчы асэнсаваць важныя гістарычныя падзеі, што адбываліся тады ў краіне (зборнік апавяданняў «Залаты зуб», аповесці «Перамога», «Незвычайны мядзведзь»). Алесь Якімовіч быў адным з пачынальнікаў тэмы заходнебеларускага жыцця ў дзіцячай літаратуры (апавяданне «Апоркі»). Значная частка апавяданняў пісьменніка, яго аповесць «Смелыя людзі» прысвечаны гераізму юных барацьбітоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праблемы працоўнага, маральнага выхавання дзяцей узняты ў зборніках апавяданняў пісьменніка «Сябры», «Залатыя рукі», аповесці «Гаворыць Масква». Цэнтральнай тэмай яго творчасці стала тэма пакутлівага, абяздоленага дзяцінства (апавяданне «Новы год», аповесць «Базылёў курган»). Тэма далёкага мінулага беларускага народа, барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне найбольш поўнае мастацкае ўвасабленне атрымала ў тэтралогіі А. Якімовіча «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту», «Кастусь Каліноўскі», «Цяжкі год», якая сведчыць пра ўзросшае майстэрства пісьменніка, яго ўменне цікава і даступна, псіхалагічна праўдзіва і дакладна расказаць юнаму чытачу пра важныя старонкі гісторыі нашай краіны. Адным з першых у беларускай дзіцячай літаратуры А. Якімовіч расказаў у жанры дакументальнай аповесці пра складаныя падзеі 1863, стварыў праўдзівы вобраз нацыянальнага героя беларускага народа Кастуся Каліноўскага. Асобную старонку творчай біяграфіі пісьменніка складае яго плённая дзейнасць у галіне мастацкай апрацоўкі беларускіх народных казак, у развіцці жанру літаратурнай казкі. Асабліва шырокую вядомасць набылі вершаваныя казкі «Каваль Вярнідуб», «Вераб’ёвы госці», у якіх наследаванне традыцый вуснай народнай творчасці відаць і ў выяўленні ідэі, і ў сюжэтна-вобразнай структуры, і ў мове твора. Алесь Якімовіч – складальнік кнігі для чытання ў 2 класе «Роднае слова», а таксама артыкулаў па пытаннях развіцця дзіцячай літаратуры. Нямала зроблена ім і ў галіне перакладу. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі творы А. Пушкіна, М. Някрасава, П. Яршова, І. Крылова, І. Тургенева, Д. Маміна-Сібірака, Л. Талстога, А. Чэхава, У. Маякоўскага, М. Горкага, К. Чукоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Гайдара, М. Носава, І. Франка, М. Рыльскага, П. Тычыны, Г. Андэрсена, Дж. Лондана і інш. На вершы А. Якімовіча кампазітарамі А. Багатыровым, Н. Сакалоўскім напісаны песні. Імем пісьменніка названа Зенькавіцкая СШ (Уздзенскі раён).   

М. Ф. Шаўлоўская.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6. Талалай – Яфімаў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Беларуская Энцыклапедыя; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 684 с.

 

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат