Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Звонак

Фатаграфія Алеся ЗвонакаЗвонак Алесь [01(14).02.1907 – 02.02.1996, Мінск] – паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1935.

   Алесь Звонак (сапраўднае імя Пётр Барысавіч Звонак) з сям’і рабочага-муляра. Бацька, Барыс Антонавіч, працаваў спачатку парабкам, рабочым у князёў Радзівілаў, графа Чапскага, потым адмовіўшыся ад свайго зямельнага надзелу ў адну дзесяціну, у пошуках заробку падаўся ў Мінск, дзе ўладкаваўся на Лібава-Роменскай чыгунцы. Удзельнік руска-японскай, першай імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў. Маці родам з в. Узгорак былога Ігуменскага пав. Пухавіцкай воласці.
   З прычыны беззямелля была аддадзена ў служанкі да паноў у горад. У 1914-1917, калі бацька быў на фронце, тры яго сыны выхоўваліся ў дзіцячым прытулку, бо маці-салдатка не магла іх пракарміць. У час Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый усе выхаванцы разбегліся. А. Звонак апынуўся на радзіме маці, дзе працаваў падпаскам, парабкам. Ратуючыся ад голаду, прыехаў у мястэчка Ляды на Аршаншчыне. Там яго ўсынавіў былы чыноўнік пошты, які хацеў атрымаць лішні кавалак зямлі, бо дзялілі яе па колькасці «едакоў». Зімой 1922 ён збег ад прыёмных «бацькоў» і дабраўся да Мінска. Калі з грамадзянскай вайны вярнуўся бацька, А. Звонак разам з ім і старэйшымі братамі хадзіў па вёсках, сваёй «арцеллю» яны клалі печы і ўзводзілі падмуркі ў сялянскіх хатах. У 1923 скончыў сямігодку і паступіў на агульнаадукацыйныя курсы, якія давалі сярэднюю адукацыю. Мову і літаратуру на курсах выкладаў Я. Плашчынскі (тады ўжо вядомы паэт Язэп Пушча). Пасля заканчэння курсаў (1925) працаваў у Беларускім аддзяленні акцыянернага таварыства «Кніга – вёсцы», адказным сакратаром полацкай акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». Кіраваў Полацкай філіяй «Маладняка». У 1927-1929 А. Звонак рэдактар літаратурных перадач Беларускага радыё, адказны сакратар і рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладняк» (1929-1931). Адначасова вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ. Скончыўшы яго ў 1931, у тым жа годзе стаў студэнтам трэцяга курса літаратурнага факультэта Маскоўскага універсітэта. У 1932, калі факультэт ліквідавалі, а на яго базе стварылі Рэдакцыйна-выдавецкі інстытут, А. Звонак не пажадаў там вучыцца, паступіў у аспірантуру Тэатральнага камбіната. Але ў сувязі са стварэннем К. Станіслаўскім Тэатральнай акадэміі пры МХАТ аспірантура хутка была расфарміравана, а А. Звонак для працягу вучобы накіраваны ў Ленінградскую акадэмію мастацтвазнаўства, дзе ён спецыялізаваўся па гісторыі тэатра 20 ст. Тэма яго дысертацыі – пытанні беларускага народнага і савецкага тэатра. Яна была напісана ў 1935-1936, знаходзілася ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве ў стадыі надрукавання. А. Звонак быў у той час навуковым супрацоўнікам АН БССР, загадчыкам аддзела мастацтва ў газеце «Літаратура і мастацтва». Вынікам жа вучобы ў Маскве і Ленінградзе з’явіліся манаграфіі аб тэатрах У. Мейерхольда і Уладзіслава Галубка, але ў сувязі з арыштам А. Звонака ў лістападзе 1936 работы загінулі, у перыядычных выданнях апублікавана толькі частка іх. У 1937-1946 А. Звонак асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Сваё незаконнае пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Пасля вызвалення з лагера да 1956 працаваў на залатаносных прыісках Поўначы (начальнікам геолагаразведкі, прыісковым геолагам, галоўным геолагам). У 1954 рэабілітаваны. Вярнуўшыся ў Мінск у канцы 1955, займаўся творчай працай. З 1962 – на заслужаным адпачынку.
   Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Літвы, Латвіі, медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1992, за кнігу «Святлацені»).
   Першыя вершы А. Звонака былі змешчаны ў часопісе «Малады араты» (1925). Раннія творы паэта (кнігі «Буры ў граніце», «На лінію агню», «Мая Радзіма», паэмы «Каршун» і «Загай») вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, вобразнай арнаментальнасцю, квяцістасцю стылю. У пазнейшай творчасці (кнігі «Табе адной», «Запаветнае», «Россып», «Прадчуванне», «Санеты») паэтызуюцца працоўныя будні Радзімы, а таксама ўслаўляецца хараство прыроды. Роздум аб кругабежнасці ў прыродзе, аб узаемазвязанасці імгнення і вечнасці, часцінкі і цэлага нязменна прасякнуты трывогай за мір на зямлі. А. Звонак часта выступае ў галіне драматургіі тэатра і кіно. Аўтар п’есы «Навальніца будзе» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», пастаўлена ў Віцебску ў 1959), шэрагу сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў, у тым ліку «Якуб Колас» (1962). Пераклаў на беларускую мову некаторыя творы латышскіх, літоўскіх, рускіх, украінскіх і іншых пісьменнікаў. У тэатрах рэспублікі ставіліся ў перакладах А. Звонака п’есы «Сябры і час» Л. Зорына, «Два веронцы» У. Шэкспіра і інш. У сваю чаргу асобныя паэтычныя яго творы перакладзены на многія мовы народаў СССР і замежных краін. На тэксты санетаў А. Звонака стварыў вакальны цыкл Р. Пукст, на тэксты вершаў напісалі песні Д. Камінскі, С. Палонскі, Ю. Семяняка, М. Чуркін.    

Л. М. Гарэлік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. – 541 с.

 

Похожие статьи:

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Радзіма

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Гарбуз

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Мой сад

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Дагарэла зара ў небакраі...

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Курапаты