Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Дамашэвіч - Абуджэнне

Увага!!! Поўны змест

   Мне было тады гадоў дзесяць, не больш. Мы жылі бедна, свае зямлі мелі ўсяго каля трох гектараў, а зямля пясчаная, камяністая, неўрадлівая. Хлеба да новага ніколі не хапала. Нават не да новага, а да вясны. Таму бацька часта паўтараў паляшуцкую прымаўку, што ніколі не даводзіцца наесціся на поўную губу бярозавага соку з хлебам: хлеб ёсць – соку няма, ёсць сок – хлеба няма.
   Бацька ездзіў па заработках, а летам, ухадзіўшыся ля дома, ішоў на работу да пані Ласоўскай, у суседнюю вёску Гасцілавічы. Туды ж я кожны дзень улетку вадзіў на павадку пасвіць сваю карову, а за гэта памагаў панскаму пастуху сцерагчы вялізны статак.
   Пані Ласоўская, старая ўдава, мела добры маёнтак, сваю сыраварню. У яе было трое ўжо дарослых дзяцей: два сыны і дачка-красуня. Дачку звалі Маруся. Ёй было гадоў мо васемнаццаць, калі пачалі гаварыць, што хутка яна выходзіць замуж за маладога статнага шляхцюка з-пад Клецка – Сеўрука.
   Вяселле назначылі недзе перад жнівом, бо ў маладога не так даўно памерла маці і ў яго гаспадарцы не было жанчыны. Вось ён і спяшаўся. Вяселле было багатае, люднае. I не дзіва – адна дачушка, пешчаная, прыгожая, як ружа. Чарнявая, з доўгімі косамі, з тонкім прамым носам, з поўнымі вуснамі, стройная, як маладая таполя, яна з малых год ведала сабе цану. Казалі, што ў панны Марусі не было адбою ад жаніхоў – багатых, паважаных і, як звычайна, паноў у гадах, але яна выбрала хоць не такога багатага, як сама, але чалавека прыстойнага і сімпатычнага з твару.
   Словам, вяселле было як трэба. Гасцей напрыязджала многа, і ўсё не абы-хто: суседзі – паны і паўпанкі, чыноўнікі з Ляхавіч, нават з Баранавіч, і яшчэ вышэй – з ваяводства, што ў Навагрудку.
   Але ўсё гэта зацьміла музыка. Іграў аркестр. Не аркестр, а хутчэй сямейны ансамбль ці як яго яшчэ лепш назваць. Музыканты былі з Баранавіч, усе з адной яўрэйскай сям’і: дзве сястры, брат і муж аднае з сясцёр. Чатыры музыканты на чатыры інструменты: скрыпку, акардэон, віяланчэль і бубен. Але як яны ігралі! Гэта трэба было чуць і бачыць. Больш за ўсіх кідалася ў вочы скрыпачка, апранутая ў чорную дарагую сукенку, чорненькая, невысокая і зграбная, з вялікімі цёмнымі вачыма на белым твары і чорнымі пышнымі валасамі. Другая, маладзейшая, была бландзінка, але вельмі падобная на старэйшую сястру – такі ж тып інтэлігенткі, толькі з прымессю нетутэйшай крыві. У яе таксама былі вялікія вочы і яркая белазубая ўсмешка, як і ў старэйшай сястры. Яна туліла да сваіх высокіх грудзей бліскучы ад перламутру вялікі акардэон. Мужчыны былі зусім розныя. Малодшы, брат жанчын, барабаншчык, быў яшчэ зусім юнак, невысокі і шчуплы, а той, што іграў на віяланчэлі ці на басэтлі, як мы тады думалі, быў высокі і здаравенны мужчына з тыпова яўрэйскім гарбатым носам і капою густых рыжых валасоў, такіх густых і віхрастых, што, здавалася, як толькі і брала іх расчоска. Сваю віяланчэль ён мог бы трымаць так жа лёгка, як яго жонка скрыпку.
   Іграючы, мужчыны сядзелі, а жанчыны стаялі. Саліравала чарнявая скрыпачка. Яна стаяла крыху наперадзе ўсіх і іграла. Іграла не толькі скрыпка ў яе руках. Яна ўся іграла сама – ад спрытных ног у элегантных чорных лакірках да кончыкаў валасоў над белым мармуровым ілбом, на якім не было ні адной маршчынкі.
   Мазуркі, абэркі, паланезы, танга, вальсы... Танцы ў розным тэмпе, з розным настроем, у кожнага была свая душа, свой гукавы воблік. I скрыпачка ўвесь час мянялася: іншы выраз твару быў у яе, іншая ўсмешка, іншая пастава; па-другому хадзіла правая рука, у якой свабодна і плаўна, як дасканалая дырыжорская палачка, лётаў тонкі рухавы смычок. Ён далікатна, але ўпэўнена дакранаўся да струн, і яны давалі жыццё тысячам чароўных гукаў, якія напаўнялі ўсё наваколле, западалі ў душу. О, гэтая скрыпка! Што яна рабіла з людзьмі!
   А мо вінавата была не так скрыпка, як тая скрыпачка, што трымала яе ў сваіх віртуозных руках? Я ўпэўнен, што ў іншых руках тая скрыпка не мела б такое магічнае сілы. Яна жыла, дыхала, але жыццё гэтае перадавалася ёй ад чароўнай невялічкай жанчыны-артысткі, што, крыху нахіліўшы галаву і стоячы перад астатнімі музыкантамі, злёгку прытупвала левай нагой, нібы адбіваючы рытм. Смычок, як прыліпшы да струнаў, то плаўна перабягаў справа налева, то вяртаўся зноў. Першая струна вяла тоненька, аж ныла, як посвіст ветру праз саломінку, а калі смычок забіраў улева, пачынаў гусці бас – ён гуў, нібы вялізны чмель, і нават густыя пявучыя гукі віяланчэлі не маглі яго заглушыць. А ў гэты самы час пальцы левай рукі скрыпачкі, тонкія, далікатныя жаночыя пальцы, песцілі грыф, перабягалі па струнах, нібы гладзілі іх, пераскоквалі то ўверх, то ўніз, надаючы гуку характэрнае дрыжанне.
   Здавалася, скрыпка ўздыхала ледзь прыхаваным чалавечым болем.
   Дзіўна, што я перастаў заўважаць астатніх аркестрантаў разам з іх інструментамі. Аркестр жыў неяк па-за скрыпкай: вось так, як сама скрыпачка стаяла спераду, а ўсе астатнія музыканты за ёю, так і скрыпка была на першым плане, а ўсе іншыя інструменты рабіліся проста фонам, акампаніравалі ёй,– так, як нізкія ноты ў акардэоне ствараюць фон для высокіх галасоў. Чуваць была толькі скрыпка, усе іншыя інструменты толькі падпявалі ёй, толькі памагалі. Яна здавалася мне голасам птушкі на фоне бясконцага ляснога шуму, хоць спачатку можна і падумаць, што яны не звязаны адно з другім. Не, яны звязаны, і яшчэ як моцна, а адно без другога яны адразу блякнуць, трацяць усю першародную прыгажосць. У гэтым я пераканаўся трохі пазней...
   Скрыпачцы было цяжка, яна стамлялася, але рэдка хто мог гэта заўважыць за ўсмешкай, якая час ад часу – і вельмі дарэчы – прабягала па яе вуснах, за прыгожым паваротам ці за мяккім і такім натуральным па, якое яна рабіла часам у такт свайму гранню.
   Пары, танцуючы, падыходзілі да яе ўпрытык, і мужчыны, не баючыся пакрыўдзіць сваіх партнёрак, пасылалі ёй цёплыя, а то і шматзначныя ўсмешкі; а стары вусаты пан з лысаю бліскучаю галавою, кружачы дзябёлую, вышэйшую за сябе, пані, відаць, не сваю жонку, кожны раз, робячы круг і праходзячы каля музыкантаў, пасылаў скрыпачцы сімвалічны пацалунак.
   Ёсць такое няпісанае правіла – хто заказвае, той і плаціць. Ёсць яно і ў музычным свеце. Той, хто хацеў заказаць сабе танец, падыходзіў да музыкантаў і даваў старшаму з іх пэўную суму, і чым яна была большая, тым большы гонар быў для заказчыка. Гэты раз паны асабліва не скупіліся, і амаль што ўсе танцы былі заказныя, і ў белую далікатную руку скрыпачкі перайшла не адна дзесятка злотых. Гэта рабілася проста, без намёку на абразу ці прыніжэнне, як падаюць каму-небудзь шклянку вады. Яна адказвала тым жа; ветліва схіляла галаву, усмешка, самая шчырая і зычлівая, асвятляла яе твар, толькі ля вачэй з’яўляліся ледзь прыкметныя маршчынкі. Пасля яна абводзіла позіркам сваіх калегаў-музыкантаў, нібы пытаючы ў іх дазволу, і ківала галавою ў знак згоды.
   Зноў пачынаўся танец, зноў кружыліся пары, а скрыпка спявала яшчэ галасней, перакрываючы сярэбраныя пералівістыя гукі акардэона, падымаючыся над нізкімі жалобнымі нотамі віяланчэлі. Скрыпка спявала і плакала, смяялася і галасіла наўзрыд, уздыхала, шаптала і ўмольвала, яна злавала, загадвала і праклінала. Было ў яе голасе ўсё, што ёсць у кожнай чалавечай душы. Нездарма скрыпка мае сваю «душу». Няйначай яна іграла славуты «Паланез» Агінскага...
   Урэшце скрыпачку запрасіў на танец адзін адмысловы франт з вусікамі і ў камізэльцы, відаць, заўзяты танцор, які перабраў ужо ўсіх паненак і, пэўна, не знайшоў сабе па густу. Яна спачатку хацела адмовіцца – яе справа іграць, але ён настойваў, і яна, паклаўшы скрыпку на калені свайму мужу, пайшла танцаваць.
   – Вы замужам? – спытаў кавалер па-польску.
   – Так,– адказала яна гучна і з годнасцю,– мой муж іграе на...
   Я не разабраў апошняга слова – можа, таму, што яно было незнаёмае для майго вуха.
   – Шкада,– з жалем у голасе сказаў ён.
   Яны танцавалі хуткую польку, многія пары адразу выйшлі з кола, не вытрымаўшы шпаркага тэмпу, і засталіся толькі франт з вусікамі і скрыпачка.
   Цяпер усе зявакі, раскрыўшы раты, пазіралі не на аркестр, а на танцораў, і менавіта на яе, бо дагэтуль на франта ніхто асабліва не заглядваўся. Чамусьці адразу збяднеў і аркестр, нечага ў ім стала бракаваць і, здаецца, ці не самага галоўнага... Так, не хапала ў ім душы, не хапала таго агню, таго высокага напалу, які прыносіць сапраўднае натхненне. Такі праўда: шумеў лес, толькі не было ў ім салаўінай песні, і не было ансамбля.
   А танцавалі яны здорава! Франт, па ўсім відаць, быў танцор адмысловы. Ён кружыў яе, як пушынку. Тэмп быў шалёны, а яны ўдваіх рабілі такія нечаканыя павароты – справа налева ці наадварот, так раптоўна мянялі кірунак ці рвалі з месца, што ўсе ахалі. Здаецца, ногі ў іх не датыкаліся да падлогі.
   Усмешка, на гэты раз больш напружаная, не сыходзіла з яе вуснаў, але не было відаць стомы ў яе шырока адкрытых вачах, толькі рука, што ляжала ў партнёра на плячы, выдавала яе трывогу – яна баялася канфузу,– і, напэўна, хацела даказаць, што і ў танцы яна не горшая, чым у музыцы. I яна гэта даказала! Першы здаўся кавалер. Ён раптоўна спыніўся і, як сянкевіцкі шляхціц, упаў перад ёю на адно калена, аж задрыжала падлога, пасля далікатна пацалаваў ёй руку. Твар яго гарэў агнём, а яна стала яшчэ больш бледная, толькі дыхала глыбока і часта. Усе запляскалі ў далоні, зашумелі, пасыпаліся воклічы «брава*.
   ...Ад таго вяселля застаўся яшчэ адзін малюнак.
   На прасторным двары выстраіўся цэлы абоз брычак і фаэтонаў, а наперадзе іх, перад ганкам, стаяла запрэжаная шасцёркаю дагледжаных коней нейкая адмысловая карэта з адкідным верхам.
   З пакояў выйшлі маладыя – ён вясёлы, узбуджаны, апрануты ў чорнае, яна заплаканая, бледная, уся ў белым, як лебедзь, у доўгім вэлюме.
   Яны ўзняліся ў карэту, чынна раскланяліся і селі.
   Малады фурман, які з выпадку такой урачыстасці быў апрануты пад паноў, устаў з перадка і, напяўшы скураныя лейцы, падняў угору правую руку.
   – Бах! Бах! Бах!
   Тры стрэлы прагрымелі адзін за адным. Спуджаныя коні рванулі з месца. За маладымі рушылі госці...
   Пасля той музыкі я доўга быў сам не свой, жыў як у сне. Я спыняўся сярод дарогі, вочы мае самі заплюшчваліся, і я выразна чуў музыку, толькі трохі прыглушаную адлегласцю, нібы яна даходзіла да мяне праз якую не надта шчыльную перагародку. Музыка была ў маёй галаве, ва ўсёй маёй істоце, яна перапаўняла мяне да краёў. За тыя дні я патравіў каровамі многа пасеваў, нарабіў не раз шкоды, і карова мая часцяком прыходзіла дадому адна, а я, як сонны, плёўся ззаду. Бацька крычаў, маці гразіла паскамі. Я ачынаўся, рабіў, што мне казалі, а пасля зноў нешта на мяне находзіла, і я зноў чуў музыку.
   У вольную часіну я ўцякаў у лес, які быў пры самай хаце, клаўся на траву, глядзеў на разгатыя галіны бяроз, якія ледзь варушыліся на ветры, і тады да мяне прыходзіла музыка. Увесь лес быў ужо для мяне аркестрам, я мог слухаць яго ўволю. Хутка я ўжо нічога не бачыў, не адчуваў, дзе я і што са мною – была толькі музыка, музыка без канца і краю, і адкуль яна ішла – нельга было разабраць. А над усім гэтым морам музыкі чуваць было, як спявае і плача скрыпка. Бацькі ўжо хацелі везці да доктара, але паступова ўсё прайшло. Ды не, не ўсё! З таго часу я нібы ачнуўся ад доўгага сну, глянуў на свет другімі вачыма і ўбачыў новыя змены. Я ўбачыў, што таго, чым я жыў дагэтуль, ужо для мяне мала, бо на свеце ёсць нешта большае і прыгажэйшае, нешта такое, без чаго жыццё будзе здавацца няпоўным і нецікавым.
   Ва мне абудзіўся чалавек.

1964 г.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГармата помсціць

Пераказы, дыктантыНа магіле Марата

Пераказы, дыктантыДрэвы яшчэ не распусціліся

Пераказы, дыктантыАбуджэнне

Пераказы, дыктантыСкрыпачка