Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сяргей Тарасаў - Фрэскі

Сяргей Тарасаў - Фрэскі - Чытаць кнігу

 

   Побач з бацькам Андрэйка ідзе па вузкай і бруднай гарадской вулачцы. Вымашчаная бярвеннямі, заляпаная граззю вулачка цягнецца ўздоўж рамесніцкіх хатак і двухпавярховых сядзіб гараджан. Яна то звужаецца, то зноў пашыраецца. Крок — тоўстае бервяно, крок — тонкае. Некалькі — тоўстых, некалькі — тонкіх. А вось і зусім новыя, толькі-толькі абкораныя і пакладзеныя зверху, ад чаго пасярод вуліцы атрымалася невялікая прыступка.
   Андрэйка ўважліва глядзіць пад ногі. I не таму, што яго цікавіць маставая і кожнае пад нагамі бервяно. Ён баіцца паслізнуцца ці спатыкнуцца аб аполак — бяды тады не абярэшся. Чаго-чаго, а бруду тут хапае...
   Хлопчык апрануты ў новыя порткі і чыста вымытую кашулю. Бацька нават дазволіў абуць новыя, шытыя чырвоным узорам чарэўі.
   Хіба ж далі б яму такі абутак сярод лета, каб не ішлі яны... Ах, куды яны ішлі! Ад радасці Андрэйку хочацца на ўсю вуліцу крычаць. Глядзіце: ён ужо дарослы! Будзе самастойна працаваць! Стане майстрам!
   Ад такіх думак, быццам крылы, распраўляліся плечы, грудзі напаўняліся паветрам, выпіналіся наперад, а нос аж задзіраўся ўгору. Гады ён забываўся глядзець пад ногі, і некалькі разоў ледзь не чмякнуўся. Але ўтрымаўся. Гэта прымусіла зноў апусціць галаву.
   Вось ужо сядзібы Вялікага пасада засталіся ззаду. Яны выйшлі з бацькам на бераг Палаты. Рака весела бегла па камянях, віравала над ямамі і хавалася ў шматлікіх выгінах. То ў адным, то ў другім месцы звісалі над кручамі дрэвы, карані якіх пілі ваду проста з ракі.
    Па хісткім мастку, адным з тых, што так багата на Палаце, бацька з сынам перайшлі на другі бераг і там ступілі на шырокую сцяжыну, якая павяла іх праз лес
    Толькі зайшлі ў лес, магутныя сцены і высокія вежы Полацка разам з пяццю гмахамі Сафійскага сабора адразу схаваліся за густымі дрэвамі. Бацька не расказваў, што сабор быў пабудаваны гадоў сто назад знакамітым полацкім князем Усяславам Чарадзеем Гэта — трэці па ліку сабор пасля Кіеўскай і Ноўгарадскай Сафіі.
   ...Сцежка вядзе ў Сяльцо. Зусім нядаўна па загаду цяперашняга князя і з дазволу полацкага епіскапа уладыкі Ільі, там пачалі будаваць манастыр. Старэйшая дачка князя — Прадслава — пастрыглася ў манашкі і прыняла імя Ефрасінні. Гэта для яе будуюць палачане манастыр. Андрэйка, праўда, так і не зразумеў, што такое манастыр, хоць бацька і тлумачыў, што гэта такое месца, дзе асобна жывуць мужчыны і асобна — жанчыны, моляцца Богу, чытаюць, перапісваюць нейкія таямнічыя кніжкі.
   Кніжкі Андрэйка бачыў, калі разам з бацькам хадзіў на свята ў Сафію. Толькі навошта вось дзеля гэтага будаваць новы дом, ды яшчэ за горадам, незразумела. Але калі так робяць дарослыя, значыць, трэба...
   Нарэшце яны прыйшлі. На пляцоўцы між лесам і полем віравала жыццё. Гэтулькі людзей Андрэйка ніколі не бачыў. Хіба што падчас вялікіх кірмашоў. Звычайна гэта было ўвесну, як толькі спадала ў Дзвіне вада. Тады на бераг ракі высыпала палова горада, каб паглядзець на заморскія тавары. Чаго толькі не прывозілі ў Полацк замежныя госці! Паважныя візантыйцы няспешна назіралі як згружалі дарагую парчу і шкло, мажныя барадатыя варагі ахапкамі зносілі мячы для вояў і бразготкі для жанчын. Мітусіліся і весела гаманілі кіяўляне. Яны звычайна прывозілі тавар для простага люду: шкляныя бранзалеткі, шыферныя оўруцкія праслачкі для верацён і іншую драбязу. Тады на беразе было весела, святочна, а тут...
   Строгія твары, стрыманая гаворка. Высокім гмахам узвышалася царква. Яна яшчэ напалову была ў рыштаваннях. Крытая свінцом макаўка рассыпала вакол сябе зіхатлівыя промні сонечных зайчыкаў. Крыху далей яшчэ адна царква, ніжэйшая, быццам прыціснутая да зямлі. Відаць, што не першы год стаіць, бо месцамі пашарпаная.
   Людскі паток віраваў каля новай, як казаў бацька, Спаскай царквы. Ды яе туліліся драўляныя прыбудовы — манастырскія келлі. Навокал стукалі сякеры цесляў, а побач, у спецыяльна адведзеным месцы, муляры мясілі вапну, рабілі раствор — цамянку і рыхтавалі тонкую пляскатую цэглу — плінфу.
    Ідучы паўз пляцоўку, на якой сохла на сонцы сырая плінфа, Андрэйка ўбачыў вялізнага шэрага ката. Ён схаваўся за кучаю будаўнічага друзу і цікаваў за вераб’ямі, якія скакалі па цэгле, пакідаючы на ёй адбіткі сваіх маленькіх гонкіх лапак. Вось адзін верабейка неасцярожна наблізіўся да ката, Маланкавы скачок — і шэры разбойнік прымусіў усю чародку падняцца ў паветра. Кату не пашанцавала. Толькі на плінфах побач з маленькімі птушынымі трохкутнічкамі засталіся глыбокія, крыху размазаныя каціныя кіпцюры.
   Бацька засмяяўся.
    — Вось і кот прыклаў лапы да будоўлі,— сказаў ён.— Высахне цэгла і ляжа ў сцены царквы разам са слядамі няўдалага палявання.
   Тым часам падышлі да худога, сярэдняга росту муж чыны з доўгай чорнай барадою. Рукі і кашуля яго былі так запэцканы фарбаю, што, каб не сур’ёзны паі незнаёмца, можна было б прыняць яго за вулічнага скамароха.
    —  Дзень добры, Лукаш,— павітаўся бацька.
    —  Добры.
    — Вось, як і дамовіліся, прывёў сына...
   Бацька шырокай далонню падштурхнуў Андрэйку наперад.
   Хлопчык, не падымаючы галавы, уважліва разглядаў свае чарэўі.
    —  Ці возьмеш?
    —  Чаму ж — можна ўзяць. Спачатку вучнем, потым падмайстрам, а там, глядзіш, і сам пісаць лікі навучыцца не горш за мяне. Толькі ці ёсць у яго душы іскра?
    —  Ёсць, ёсць! — запэўніў бацька.— Колькі ўжо бяросты скрэмзаў сваімі малюнкамі! Я нават тое-сёе захапіў. Вось глянь!
   Ён дастаў з-за пазухі некалькі скруткаў бяросты, на якіх вострай палачкай, падобнай на тыя, якімі пісалі дарослыя, былі надрапаны Андрэйкавы малюнкі. На адным — смешныя, нязграбныя чалавечкі з вялікімі галовамі і танюткімі ножкамі. Побач, на доўгіх вяроўках, матлялі хвастамі два сабакі. Відаць, ім было сумна, і сабакі брахалі на месяц, які таксама быў надрапаны ў верхнім куточку бяросты.
   На другім малюнку хлопчык намаляваў маці, тату і сябе. У маці былі доўгія падвязаныя валасы, бацька трымаў у руцэ малаток — ён быў каваль, а сам Андрэйка стаяў побач і ўсміхаўся на ўвесь рот.
    —  Ну, браце,— здзівіўся Лукаш,— цябе не ў вучні, а у майстры адразу можна браць,— і, цёпла ўсміхнуўшыся, спытаў: — Як жа зваць цябе, майстра?
    —  Андрэй,— глуха прабубніў пад нос хлопчык.
    — То вазьму цябе, Андрэй, усіх мудрэй, усіх хітрэй. Пажывём, паглядзім, што з цябе атрымаецца. А пакуль будзеш фарбы расціраць ды розуму набірацца.
   На гэтым мужчыны развіталіся, і Андрэйка застаўся з Лукашом.
    —  Ты, дружа, не губляйся,— пачуў ён голас майстра, калі бацькава постаць знікла на лясной сцяжыне.— Такіх, як ты, тут многа — не засумуеш. I работы хопіць. Хадзем, пакажу, што рабіць маеш.
   I яны пайшлі да царквы, што стаяла ў рыштаваннях. Каля самага ўвахода нечакана спыніліся.
   З вузкага праёма царкоўнай брамы насустрач выйшла жанчына, з галавы да пят апранутая ва ўсё чорнае. У вочы кінуўся надзвычай белы, з лёгкім, ледзь прыкметным румянцам твар. Яна была зусім маладая, маладзей за Андрэйкаву маці.
   Жанчына паглядзела на хлопчыка, потым на Лукаша. Шырока пасаджаныя вялікія блакітныя вочы вабілі незвычайнаю сілаю. Глыбокі, пранізлівы позірк прыгожых вачэй апаліў, працяў Андрэйку наскрозь, прымусіў схіліць галаву. Тое ж адбылося і з Лукашом. Па постаці, па гэтых таямніча-загадкавых вачах хлопчык зразумеў, што перад ім сама Ефрасіння — князёўна Прадслава, для якой і будуецца гэты манастыр,
   З хвіліну стаялі моўчкі. Нарэшце пачуўся ціхі, крыху ўсхваляваны, але цвёрды голас:
    —  Я бачыла тваю работу, майстра... Ці не занадта дазваляеш сабе?
   Лукаш ніжэй апусціў галаву.
    —  Я ўсяго толькі грэшная манахіня,— працягвала яна,— смяротны чалавек, які нарадзіўся і памрэ. Ты >і павінен пісаць лікі святых — тых, хто быў і вечна бу дзе. Ты мяне разумееш?
    —  Разумею.
    —  Тады перапішы лікі нанава...
    —  Не.
    —  Чаму?
   Нарэшце Лукаш падняў галаву і зірнуў на Ефрасінню. Позіркі іх сустрэліся. Ён маўчаў. Потым ледзь чутна вымавіў:
    А ты не разумееш, Прадслава?
   Словы гэтыя быццам апяклі яе, штурханулі ў грудзі. Твар ледзь заружавеўся, але выраз яго не змяніўся. У вачах успыхнулі і адразу згаслі кволыя агеньчыкі. На хвіліну здалося, што і яна, гэтая строгая манахіня, зараз апусціць вочы.
    —  Лукаш,— у голасе ігуменні пачулася цеплыня.— Лукаш, ты ж ведаеш: няма больш князёўны і няма больш Прадславы. Гэта не вернецца, як і не вернуцца нашы гульні на бацькавым дворышчы... Забудзь! Так трэба. Ты чуеш мяне?
    —  Чую.
    —  Перапішы лікі...
    —  Не буду.
    —  Тады... я магу загадаць табе, але я прашу: не рабі так болей.
    —  Добра.
   I яны разышліся.
   Пераступіўшы ганак царквы, майстра ўспомніў пра Андрэйку. Той ішоў услед і ледзь не таркануўся яму ў спіну, калі Лукаш нечакана спыніўся.
    — Хадзем сюды, не хвалюйся,— апошняе сказаў не столькі хлопцу, колькі сабе самому.
   Зніклі вулічная гамана, галасы людзей. Уласныя крокі рэхам луналі пад столлю. Праз нейкі час вочы Андрэйкі звыкліся з цемрай, і ён са здзіўленнем заўважыў, што і ўнутры царква ў рыштаваннях. Яны ўзнімаліся да самага верху, але канца не было відно. Здавалася, стаіш над бязмежнай прасторай начнога неба, на якім ніводнай зорачкі.
   У некалькіх месцах на драўляных бэльках свяціліся агеньчыкі — гарэлі свечкі. Каля іх у розных паставах сядзелі людзі. Яны распісвалі сцены па свежай тынкоўцы.
    —  Вось глядзі, Андрэйка, калі-небудзь і ты гэтак будзеш пісаць. Толькі навучыцца гэтаму не проста, як, скажам, шыць чарэўі, ляпіць гаршкі ці каваць, як робіць твой бацька, Можна ўсё жыццё расціраць фарбы для тых, хто піша лікі. Сапраўдным майстрам трэба нарадзіцца...
   У некалькіх месцах праз вокны прабіваліся яркія промні святла. Круглымі каляровымі плямамі яны па- далі на сцены, зіхацелі, пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.
   Андрэйка наблізіўся да адной сцяны, каб разгледзець яшчэ не прасохлыя фрэскі, і - сумеўся. Адтуль на яго глядзела маладая жанчына. Белы, з лёгкім румянцам авальны твар, апраўлены ў манаскі клабук, трошкі завостраны падбародак, шырока пасаджаныя блакітныя вочы. Вочы Ефрасінні-Прадславы... Яны пранізліва, з глыбокім сумам глядзелі на хлопчыка, быццам пра нешта пыталі.
   Андрэйка разгубіўся. З супрацьлеглай сцяны на яго зноў пазіралі тыя ж вочы. Але выраз іх ужо змяніўся. Не было таго суму і ўнутранага сузірання. Яны свяціліся надзеяй, узнёсласцю і чысцінёй.
   Такога дзіва хлопчык дагэтуль не бачыў. Усхваляваны, ён зірнуў на Лукаша, і раптам у яго душы нешта абарвалася. Гэта «нешта» ніяк не клалася п словы. Яно трымцела, штурхала малечае сэрца, ірвалася вонкі. Андрэйку хацелася закрычаць, але не было сілы. I ён заплакаў. Дробныя пякучыя слёзы пакацілі- ся па твары...
   Дзве вузкія далоні з тонкімі пальцамі мякка легліна яго плечы.
— Ну што ты! Не варта... Бачу, з цябе атрымаецца сапраўдны майстра.— I ціха дадаў: — Можа, яна і мае рацыю: нічога не было... А тое, што было,— трэба за- быць. Вось толькі вочы...
 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыТры колы на гліне

Пераказы, дыктантыЛань

Пераказы, дыктантыФрэскі Спасаўскай царквы

ІншаеСяргей Тарасаў - Фрэскі - ГДЗ

Пераказы, дыктантыПа якіх законах жылі нашы продкі