(1795-1873)
Пісьменнік, мемуарыст, удзельнік паўстання 1830-1831 гг. Нарадзіўся ў Навагрудку, пасля вучобы працаваў там адвакатам. Пасля падаўлення паўстання з 1831 г. знаходзіўся ў Лондане, удзельнічаў у польскіх эмігранцкіх арганізацыях. Быў кампаньёнам Аляксандра Рыпінскага па выдавецкай справе. У 1857 г. вярнуўся на радзіму, выступаў у друку з публіцыстычнымі творамі, успамінамі, вершамі. Аўтар публіцыстычных кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае знаходжанне на Усходзе» (Лондан, 1857). У кнізе мемуараў «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (выйшла ананімна, 1-е выд. — Лондан, 1854; 2-е — Познань, 1858) паказаны побыт і звычаі жыхароў Беларусі, расказана пра хваляванне сялян у мястэчку Крошын Наваградскага павета ў 1828 г. Гэта кніга — адна з асноўных крыніц звестак пра беларускага паэта Паўлюка Багрыма і яго творчасць. У ёй Ігнат Яцкоўскі ўпершыню апублікаваў верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...».
Г. Кісялёў