Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Плакід Янкоўскі

(1810-1872)

   Амаль неверагодны факт: духоўная атмасфера ў размешчанай у сценах Аўгустоўскага манастыра Галоўнай духоўнай семінарыі па падрыхтоўцы каталіцкіх і ўніяцкіх святароў тэалагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта на самай справе... не спрыяла ўмацаванню каталіцтва на Беларусі. Дасведчаныя прафесары семінарыі крытыкавалі састарэлую дагматыку.
   Менавіта ў такіх умовах у 20-х гадах XIX ст. на тэалагічным факультэце вучыўся і Плакід (Плацыд) Гаўрылавіч Янкоўскі — сын уніяцкага святара з вёскі Вайская Гродзенскай губерні. Юнацтва будучы пісьменнік і святар правёў у сям’і небагатай беларускай шляхты з яе патрыярхальнымі традыцыямі, што мала чым адрозніваліся ад сялянскіх.
   Курс семінарыі Плакід завяршыў у 1830 г. у званні магістра тэалогіі і быў залічаны выкладчыкам адкрытай у мястэчку Жыровічы ўніяцкай Духоўнай семінарыі. Праз тры гады ён атрымаў святарскі сан і быў прызначаны прафесарам Святога Пісання і дагматычнай тэалогіі. У гэты час ён пачынае выступаць актыўным прыхільнікам скасавання Брэсцкай царкоўнай уніі. У 1839 г. Плакід Янкоўскі свядома падпісаў акт аб ліквідацыі уніі. Гэта былі самыя напружаныя гады яго духоўных пошукаў. Узвышаным ідэалам сельскіх святароў, да ліку якіх ён адносіў і сябе, лічыў бедны, але добрасардэчны сямейны ачаг. Імкнуўся да жыцця ў атачэнні шчырых, блізкіх людзей. Сардэчнасць і літаратурная творчасць давалі яму ўпэўненасць і надзею. Невыпадкова мітрапаліт Іосіф Сямашка вельмі любіў сям’ю Янкоўскага і нярэдка наведваў яе.
   Пасля пераносу Літоўскай кансісторыі і семінарыі ў Вільню Плакід Янкоўскі перабраўся туды на палажэнне настаяцеля Віленскай саборнай царквы Святога Мікалая. Падтрымліваў сувязь з тагачаснымі прадстаўнікамі культурнага і навуковага свету, у тым ліку Ігнатам Шыдлоўскім, Антоніем Адзінцом, Лявонам Бароўскім, Ігнатам Ходзькам, Канстанцінам і Ігнатам Тышкевічамі, Тэадорам Нарбутам. У сувязі з пагаршэннем здароўя ў 48 гадоў папрасіўся на адпачынак, набыў у Жыровічах дом і там пражыў свае апошнія 14 гадоў. Пахаваны разам з жонкай у склепе Жыровіцкай прыхадской царквы Святога Георгія.
   Схільнасць да літаратурных заняткаў Плакід Янкоўскі вынес з Віленскага ўніверсітэта, але сапраўднага росквіту і прызнання ў прозе і паэзіі дасягнуў у 40-50-х гадах XIX ст., калі яго кнігі былі надзвычай папулярныя ў Расійскай імперыі.
   Янкоўскі добра ведаў Гродна, Брэст, Наваградак. Пра іх і пісаў свае творы. Будучы несумненна адоранай, усебакова адукаванай асобай, свабодна чытаў і пісаў на французскай, нямецкай і англійскай, часткова — на грэчаскай, чэшскай і, зразумела, валодаў польскай, рускай і лацінскай мовамі. З мясцовым людам размаўляў найперш на роднай — беларускай — мове.
   Сучаснікі Плакіда Янкоўскага прызнавалі яго за вялікага літвінафіла. Беларусь у яго нязменна выступае ўлюбёным краем. У многіх яго творах апісваецца сельскі, святарскі асяродак. З вялікай сімпатыяй ставіўся Янкоўскі да простага беларускага люду, у многіх пытаннях пераходзіў на бок сялян, вельмі залежных ад капрызаў памешчыкаў. Адначасова з гэтым узвялічваў патрыярхальныя адносіны паміж «дваром» і вёскай.
   Плакід Янкоўскі застаўся пісьменнікам, які жыў і сілкаваўся праявамі сельскага жыцця. Лічыў, што аб простым чалавеку нельга казаць кепска. Да таго ж шырока выкарыстоўваў фальклорныя матэрыялы, балады, паданні, легенды, прымаўкі. Апісваў і рытуальныя звычаі беларусаў. Апрача таго, Плакід Янкоўскі быў добрым краязнаўцам.
Першая кніга прозы П. Янкоўскага — «Засценак» — была надрукавана ў 1841 г. Потым былі «Хвіля» (1842), «Апавяданні» (1843), у суаўтарстве з Юзафам Крашэўскім «Складзеная аповесць» (1843), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Крыніцы» (1853), «Адась» (1856). Пасля смерці пісьменніка выйшлі «Фанабэрыя пана старасты Канеўскага» (1873), нататкі «Пра Ігната Шыдлоўскага» (1896). Спрабаваў свае сілы і ў драматургіі: у 1842 г. Плакід Янкоўскі апублікаваў камедыю «Прадчуванне». У гэты ж час хацеў арганізаваць выданне альманаха «Літвіны», але задуму не ўдалося рэалізаваць да канца.
 


У. Кісялёў