Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхал Рукевіч

(1796-1841)


   У філамацкую сям’ю Міхал Рукевіч прыйшоў з Беласточчыны, з вёскі Гозьна, якой валодаў яго бацька — шляхціц сярэдняга дастатку. Скончыўшы ў Беластоку гімназію, Міхаіл запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт. Але вучыцца яму перашкодзіла вайна 1812 г. Ахоплены патрыятычным духам семнаццацігадовы дзяцюк стаў салдатам «вызваленчай» арміі Напалеона, з імем якога і беларуская шляхта звязвала вызваленне сваёй зямлі ад расійскіх «апекуноў». У шэрагах аднаго з палкоў лёгкай кавалерыі, складзенага з «ліцвінаў», бязвусы ўлан пабываў у многіх крывавых бітвах. За адвагу ў адной з іх яму нават была прысуджана самая высокая ўзнагарода — Ордэн Ганаровага легіёна. Але потым малады ліцвін трапіў у палон.
   Вярнуўшыся пасля баявых паходаў дадому, Міхал Рукевіч меў намер зноў узяцца за вучобу. У 1816 г. ён зноў паступае ва ўніверсітэт, выбраўшы прафесію юрыста. Апаленага ў баях ваяра філаматы з ахвотай прымаюць у сваё Таварыства, дзе Міхал Рукевіч адразу праявіў сябе як выдатны арганізатар моладзі, завадатар і ўдзельнік многіх філамацкіх пачынанняў. За гэта вельмі цаніў яго Адам Міцкевіч. 11 лістапада 1819 г. ён пісаў Францішку Малеўскаму: «Рукевіча я вельмі хвалю... Шчыры і вельмі здольны». Гэтак жа высока ставілі Кавалерыста, ці Жаўнера, як часам называлі яго сябры, і Тамаш Зан з Янам Чачотам, праслаўляючы яго ў сваіх філамацкіх вершах.
   У 1820 г. Міхал Рукевіч скончыў вучобу ў Віленскім універсітэце і выехаў гаспадарыць у родную Беласточчыну. Але не парываў стасункаў з Таварыствам. Ён актыўна заняўся стварэннем філарэцкіх філій на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Гэта ён арганізаваў згуртаванне беластоцкіх гімназістаў «Згодныя браты» і падобнае згуртаванне ў Свіслацкай гімназіі. Калі ў 1823 г. пачаліся арышты філарэтаў і філаматаў, Міхала Рукевіча таксама схапілі жандары і адвезлі ў турму ў Вільні. Але на допытах яму ўдалося выкруціцца. Вярнуўшыся дамоў, у Завыкі, ён працягваў сваю антыцарскую дзейнасць. Пазнаёміўшыся з афіцэрамі так званага Літоўскага асобнага корпуса царскіх войскаў, часці якога былі раскватараваны ў недалёкім Бранску, Рукевіч арганізаваў сярод іх Таварыства ваенных сяброў, якое было, па сутнасці, адной з дзекабрысцкіх арганізацый. У кіраўнічы камітэт Таварыства ўвайшлі афіцэры царскай арміі Ігельстром, Вягелін, Гофман, Трэбінскі, Пятроўскі і інш. Старшынёй згуртавання выбралі паручніка Гофмана. Ідэйным кіраўніком арганізацыі стаў Міхал Рукевіч.
   Мужнае выступленне дзекабрыстаў Паўночнага таварыства ў Пецярбургу 14 снежня 1825 г. вельмі напалохала цара і яго памагатых. Ды, як піша ў сваёй кнізе «Дзекабрысты і польскі нацыянальна-вызваленчы рух» П. Альшанскі, «не паспеў яшчэ новы імператар Мікалай I апомніцца ад узрушэння, выкліканага паўстаннем на Сенацкай плошчы, як у Пецярбург прыляцела новая страшная вестка: салдаты і афіцэры аднаго з падраздзяленняў Асобнага літоўскага корпуса — Літоўскага піянерскага батальёна — узбунтаваліся і адмовіліся прысягаць новаму манарху. Тое, што гэты бунт адбыўся ўслед за паўстаннем у Пецярбургу і амаль адначасова з паўстаннем Чарнігаўскага палка, дазваляе паставіць пытанне пра ўзаемадачыненні гэтых падзей. Нездарма ж урад Мікалая I адразу пачаў шукаць ніці, што звязвалі гэтыя рэвалюцыйныя цэнтры». Ваенны суд вынес суровы вырак «ваенным сябрам» — смяротная кара. Але цар «всемилостивейше» змяніў яго на сібірскую катаргу. I вось беларускія дзекабрысты пагрымелі сваімі кандаламі ў далёкую Сібір. Першым адправілі апранутага ў арыштанцкую вопратку, закаванага ў кандалы і пазбаўленага дваранства Міхала Рукевіча, за ім — усіх астатніх.
   У пачатку 1828 г. калоднікаў даставілі ў Іркуцк, а праз колькі тыдняў — у халодную і непрытульную Чыту. Тут «ваенныя сябры» трапілі ў спагадныя абдымкі герояў 14 снежня. Лепшыя сыны Расіі Мікіта Мураўёў, Сяргей Трубяцкой, Сяргей Валконскі, браты Бястужавы, Мікалай Лорэр, Міхаіл Лунін, Іван Якушкін, Аляксандр Адоеўскі і іншыя сталі сябрамі Міхала Рукевіча і яго паплечнікаў. Рускія сябры цанілі Міхала Рукевіча за вясёлы нораў, за ўменне пераносіць цяжкасці катаржнага жыцця. Ужо ў першы дзень з’яўлення Рукевіча ў Чыцінскім астрозе гэтыя яго якасці заўважылі дзекабрысты і іх жонкі, што жылі побач з астрогам. Так, княгіня Валконская ў сваіх «Запісках» успамінала, як «Міхал Рукевіч прымушаў нас многа смяяцца сваімі чыста сармацкімі выхадкамі. Ледзь паспеў ён увайсці ў астрог, насупраць дома Александрыны (Аляксандры Рыгораўны Мураўёвай. — К. Ц.), як стаў каля агароджы і з сентыментальным выглядам (і з моцным польскім акцэнтам) запеў стары французскі раманс: «В стенах мрачной кельи младой король томится...». Пасля катаргі Рукевіча адправілі на вечнае пасяленне ў далёкую і глухую вёсачку на беразе Лены. Там ён абзавёўся сям’ёй і жыў да сваёй смерці ў 1841 г.
   Як літаратар Міхал Рукевіч вядомы толькі сваімі смелымі філамацкімі вершамі, асобныя з якіх апублікаваў Ян Чубак у кнізе «Паэзія філаматаў», а таксама публіцыстычнымі выступлениямі той жа філамацкай пары. Верш «Хай звіняць аб чашу чашы...» быў напісаны як філарэцкая песня, што ўвайшла ў вершаваную прамову Рукевіча, прачытаную ім 29 мая 1821 г. на ўрачыстасці, прысвечанай яго сябру-філамату Тамашу Зану. Дзеля гэтага Рукевіч спецыяльна прыехаў у Вільню з вёскі.
 


Кастусь Цвірка