(1840-1898)
Беларускі паэт, мемуарыст, перакладчык Альгерд Абуховіч (псеўданімы Граф Бандынэлі, Olgerd gr.) паходзіў са шляхецкай сям’і, звязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэлі (адсюль і псеўданім). У 1852-1854 гг. вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, што паўплывала на фарміраванне яго светапогляду. Ужо пазней, у час падарожжаў па Еўропе, і асабліва тады, калі Абуховіч жыў у Жэневе, узмацнілася яго цікавасць да кальвінізму.
Адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры; пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратур. Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, і да нас дайшла толькі невялікая частка яго літаратурнай спадчыны; вельмі адметны твор — мемуары Абуховіча (надрукаваны ў газеце «Гоман», 1916). Аўтар паэмы пра шведскага караля Карла XII («Дума аб Каралю XII»), сацыяльнай сатыры на парэформенную Расію («Старшына»), пісаў пра праблемы свабоды чалавечай асобы («Ваўкалака»). Альгерд Абуховіч вёў дыскусію з Францішкам Багушэвічам аб пурызме і дыялектнай аснове беларускай мовы («Мне перш за ўсё ідзе аб тое, ...каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры атрымалі як нашырэйшае абывацельства. I дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія... У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа»).
Альгерд Абуховіч удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гг., за што быў сасланы царскімі ўладамі ў Сібір. Пасля вяртання меў намер раздаць зямлю сялянам, але з-за нязгоды сям’і вымушаны быў пакінуць фамільны маёнтак; заняўся рэпетытарствам у Слуцку. Там вакол яго збіралася творчая моладзь, будучыя ўдзельнікі незалежніцкага і вызваленчага руху — Язэп Дыла, Пётр Карповіч і інш. Памёр у нястачы ў Слуцку, дзе і быў пахаваны.
В. Маракоў