Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Шамякін - Непаўторная вясна

   У сваім дзённіку-ўспаміне "Роздум на апошнім перагоне" Іван Шамякін прыгадвае, што не планаваў стварэння такога шырокага мастацкага палатна, як пенталогія "Трывожнае шчасце". Аповесць "Непаўторная вясна", першая з пяці аповесцей пенталогіі, задумвалася як самастойны твор, з'яўленне якога стала вынікам узнёсла-рамантычнага настрою аўтара і яго творчай фантазіі. Настрой жа гэты быў выкліканы самымі спрыяльнымі абставінамі, у якіх апынуўся пісьменнік. У 1956 годзе
   Іван Шамякін і яго жонка Марыя Філатаўна ў складзе турыстычнай групы наведалі Югаславію. Гэта цудоўнае падарожжа стала для іх сапраўдным " мядовым месяцам ", таму што ў далёкі даваенны час, калі студэнт Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў Іван Шамякін і вясковая фельчарка Маша Кротава сталі мужам і жонкай, дазволіць сабе такое шыкоўнае вясельнае падарожжа яны проста не маглі. А тут, у Югаславіі, на ўлонні дзівоснай прыроды,нахлынулі ўспаміны пра той шчаслівы даваенны час — вясну іх юнацкага кахання. Паступова гэтыя ўспаміны склаліся ў задуму, вырысаваліся сюжэтныя лініі, акрэсліліся вобразы, узнікла назва. Падчас паездкі Шамякін не занатоўваў свае шчымліва-радасныя думкі-ўспаміны, але для яго было зразумела: гэта будзе аповесць пра каханне, іх з жонкай каханне, а разам з тым — аповесць пра лёс цэлага пакалення. Па прызнанню пісьменніка, з паездкі ён вярнуўся з яшчэ не напісанай, але ўжо гатовай аповесцю. Рыхтуючы твор да друку ў часопісе "Полымя", Шамякін адчуў, што "Непаўторная вясна" стане першай у цыкле аповесцей пра лёс яго пакалення. I сапраўды, за кароткі час з'явілася пенталогія пад агульнай назвай "Трывожнае шчасце".
   Ужо ў назве першай аповесці аўтар не толькі акрэсліў асноўны яе змест — каханне Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай, але і вызначыў стыль, манеру аповеду — лірызм, узвышанасць у апісанні пачуццяў маладых людзей, якія ўвасабляюць сабой лепшых прадстаўнікоў пакалення даваеннай моладзі.
   Вобразы галоўных герояў аповесці Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай, прататыпамі якіх сталі сам пісьменнік і яго жонка Марыя Філатаўна, намаляваны аўтарам не толькі з незвычайнай псіхалагічнай дакладнасцю, але і з выразнай сімпатыяй, любоўю, нават з некаторай іроніяй сталага чалавека, які ўжо перажыў непаўторныя імгненні першага кахання. Адносіны маладых людзей раскрываюць для нас лепшыя душэўныя якасці Пятра і Сашы. З першай старонкі, калі адбываецца знаёмства з героем, мы пачынаем суперажываць разам з ім, захапляемся яго шчырасцю і юнацкай непасрэднасцю. Не можа пакінуць раўнадушным тое глыбокае пачуццё, якое Пятро адчувае да сваёй каханай. Перапоўненасць маладой душы гэтым трапяткім пачуццём сведчыць аб шчырасці юнака, яго рамантычнай натуры, юнацкай неўтаймаванасці пачуццяў.
   Паводзіны Сашы ў час першай сустрэчы сведчаць пра чысціню і прыгажосць яе пачуццяў, пра высокую маральную патрабавальнасць да сябе і іншых людзей. Саша ўспрымае каханне як глыбока інтымнае пачуццё, у якім удзельнічаюць двое і ў якое не павінны ўмешвацца іншыя людзі. Яна не хоча прылюдна выяўляць свае пачуцці і нават выдае Пятра за свайго стрыечнага брата, каб людзі не даведаліся пра іх каханне і не змаглі нават выпадковым словам парушыць нешта ў іх адносінах.
   Шчырасць пачуццяў маладых герояў выпрабоўваецца жыццёвымі цяжкасцямі і тымі праблемамі, якія часта ствараюцца імі самімі па прычыне юнацкага максімалізму, рэўнасці, няўмення, а іншы раз нежадання дараваць блізкаму чалавеку, паставіць сябе на яго месца. Але ж героі яшчэ вельмі маладыя, і мы верым, што іх каханне пераадолее ўсе перашкоды.
   Іван Шамякін змог стварыць у сваёй аповесці жывыя вобразы маладых людзей, якім уласцівы не толькі высокія маральныя якасці, але і тыя, што не заўсёды ўпрыгожваюць чалавека, могуць нашкодзіць адносінам з каханымі. Гэта ў першую чаргу датычыцца Пятра Шапятовіча, душу якога часта раз'ядае рэўнасць. Ужо па дарозе да Сашы героя агортвае трывога, няўпэўненасць перад сустрэчай. Ён перажывае, чаму яе апошняе пісьмо было кароткім і, як яму здалося, сухім. Пятру хочацца, каб Сашына каханне было такім жа гарачым, як яго пачуцці. У свядомасць героя міжволі закрадваецца рэўнасць. Пятро не думае пра тое, што прычынай любога праяўлення рэўнасці з'яўляецца недавер. Любіць і не давяраць свайму каханаму ці каханай, думаць пра яго дрэнна, падазраваць у нейкіх заганных учынках — гэта не самае лепшае ў адносінах людзей. Асабліва разбушавалася рэўнасць у душы Пятра, калі Саша затрымалася на рабоце. "Нездарма хлопцы гаварылі, што ўсе вы (дзяўчаты. —Аўт.) такія..." — ад адной думкі, што яго Саша зараз, магчыма, на спатканні з другім, у яго цямнела ў вачах". Нездарма яму становіцца сорамна за сваю рэўнасць, калі ён даведваецца пра тое, што Саша працавала, прымала роды, і ён нават даў сабе клятву больш ніколі не думаць пра Сашу дрэнна. Але, як піша Шамякін, "гэтыя клятвы мелі сілу толькі да раніцы, пакуль ён спаў". Непрыязныя адносіны гаспадыні выклікаюць неабгрунтаваныя прэтэнзіі да Сашы. Апошняй кропляй, што перапоўніла ўстурбаванае ад беспадстаўнай рэўнасці сэрца Пятра, стала сустрэча Сашы з мясцовым настаўнікам Лялькевічам. Паміж закаханымі ўзнікае спрэчка, і юнак, не могучы справіцца з крыўдай, пакідае вёску .
   Пісьменнік вельмі дакладна малюе псіхалагічны партрэт героя. З пачуццём лёгкай іроніі і спачування аўтар называе Пятра "ўяўным пакутнікам". Як пакрыўджанае дзіця, ён думае пра тое, што будзе "начаваць у стозе... назло табе" (Сашы. — Аўт.). Яблыкі, якія Саша дала яму з сабой, Пятро не хоча есці. А потым нават грошы, пакладзеныя Сашай, кіне пад куст (праўда, потым вернецца і падбярэ). Толькі сустрэча з Любай, з якой некалі Пятро разам вучыўся, дапамогуць яму зразумець, каго ён ледзь не страціў. На фоне мяшчанскіх адносін Любы да жыцця да людзей яшчэ выразней выяўляюцца высокія маральныя якасці Сашы. Пройдзе час, і Пятро здолее пазбавіцца ад рэўнасці.
   У сваёй аповесці "Непаўторная вясна" I. Шамякін з сапраўдным майстэрствам раскрывае характары герояў у іх развіцці. Эвалюцыя адбываецца як у паводзінах герояў, так і ў іх светапоглядзе, глыбіні інтымных пачуццяў, духоўным настроі. Найбольш яскрава аб гэтым сведчыць іх другая сустрэча. Яна зусім не падобная на першы прыезд Пятра Шапятовіча ў госці да Сашы.
   Многае ўзважыўшы і пераацаніўшы, герой цяпер нібы на крылах ляціць да каханай. Пісьменнік вельмі дакладна, усім сэрцам суперажываючы свайму герою, перадае тыя непаўторныя імгненні шчасця, якімі цяпер жыве Пятро:
   "Ён хадзіў у стане нейкага незвычайнага ап'янення: увесь свет здаваўся яму ў гэтыя майскія дні казачна чароўным, а ў цэнтры гэтага свету — яго сонцам, зоркай — была яна, яго Саша. Яна асвятляла яго сваім ззяннем, грэла сваім цяплом... Гэта была пара самага высокага ўзлёту ўсяго лепшага, што было ў яго душы..." Гаспадыня, якая была такой непрыветлівай у мінулым яго прыезд, цяпер зусім перамяніла свае адносіны да Пятра. Ён спакойна сустракаецца з настаўнікам, бо рэўнасць, якая атручвала душу героя, знікла. Нават даведаўшыся ад Сашы пра сватаўство Лялькевіча, Пятро не раўнуе, таму што каханне стала моцным і чыстым, нібы майскі дождж, які рабіў "чыстымі і цёплымі" думкі людзей. Пятро баіцца цяпер толькі аднаго: "А што, калі ў выпадку нейкіх абставін разбурыцца шчасце, якое ён толькі спазнаў? Адарвуць яго ад Сашы, вось ад гэтых яе мяккіх валасоў, якія нават пахнуць шчасцем..." Саша таксама шчыра прызнаецца Пятру, што баіцца страціць шчасце. Вось чаму нішто не змагло спыніць Сашу, калі яна даведваецца пра хваробу мужа. Цяпер яна не хавае сваіх пачуццяў: "Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце... даражэй жыцця..."
   Асабліва хвалюе лірызмам і праўдай чалавечых перажыванняў фінальная сцэна "Непаўторнай вясны" — расстанне Пятра і Сашы, звязанае з прызваннем героя ў армію. Саша і яе муж не саромеюцца сваіх пачуццяў, не шкадуюць ласкавых слоў, прызнаюцца ў каханні і вернасці адно аднаму. Каб не ўстрывожыць Пятра, Саша хавае слёзы і толькі потым дае волю сваім пачуццям.
   Чаму аўтар назваў сваю аповесць "Непаўторная вясна"? Па-першае, у гэтай назве адлюстраваны шчымліва-радасныя пачуцці-ўспаміны самога пісьменніка пра шчаслівыя часы і дні юнацкай закаханасці, якія яму давялося перажыць. Успамінаць пра іх можна бясконца, толькі вось вярнуць назад — нельга. Так назвай аповесці аўтар застаўляе чытача задумацца пра хуткі бег чалавечага жыцця, дзе нічога нельга паўтарыць, вярнуць. Пісьменнік як мудры дарадца пераконвае свайго чытача: даражыце кожнай хвілінай жыцця, бо яна непаўторная.
   Па-другое, у назве акрэслены асноўны змест твора, у цэнтры якога — каханне герояў, тая непаўторная вясна, калі яны былі бясконца і па-сапраўднаму шчаслівыя, калі не было на свеце для іх нічога важнейшага, чым каханне. Тым больш, што хутка скончацца шчаслівыя дні, і лёс паставіць герояў перад сапраўднымі, рэальнымі выпрабаваннямі.
   Любы пісьменнік марыць пра тое, што яго творы будуць цікавымі і патрэбнымі для чытача. Ці можа быць твор, напісаны ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, цікавым і актуальным для сучаснага пакалення моладзі? Безумоўна, можа, таму што ў цэнтры ўвагі пісьменніка — агульначалавечыя каштоўнасці, важныя для кожнага чалавека ў любыя часы. У першую чаргу, гэта каханне. Няма на свеце чалавека, які не кахаў і якога не кахалі, хто не зведаў бы рэўнасці і суму, каму без каханай ці каханага свет быў бы мілы. Перажываючы разам з героямі пенталогіі за іх пачуцці, і сённяшні малады чалавек можа задумацца над сваімі адносінамі з блізкімі і дарагімі яму людзьмі, асцерагчы сябе ад праяўлення негатыўных эмоцый, каб не пакрыўдзіць каханага чалавека, не загубіць жывое і трапяткое пачуццё, якое робіць кожнага з нас чалавекам.
   Па-другое, чытач, які ўмее думаць, у любой кнізе знойдзе для сябе нешта карыснае, патрэбнае: новыя веды, думкі, погляды, назіранні, суаднясе іх з уласным жыццёвым вопытам, зробіць вывады, убярэ жыццёвы вопыт пісьменніка ў вопыт уласны. А гэта, як ні скажыце, абагачае душу і дапамагае нам "быць чалавекам".
   Як вядома, I. Шамякін не спыніўся, закончыўшы аповесць "Непаўторная вясна". Узнікла жаданне прадоўжыць аповед пра жыццё герояў, якія спадабаліся чытачам, і разам з гэтым расказаць пра лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам пісьменнік. У канцы 1958 года выйшла другая аповесць кнігі — "Начныя зарніцы", за ёй, у 1959 годзе — аповесць "Агонь і снег", у тым жа 1959-м — чацвёртая аповесць "Пошукі сустрэчы". Багаты ўласны вопыт мірнага аднаўлення жыцця, жаданне прадоўжыць мастацкі лёс любімых герояў натхнілі Шамякіна на напісанне ў 1965 годзе заключнай аповесці пенталогіі "Мост".
   У аснову ўсіх аповесцей пенталогіі ў той ці іншай ступені пакладзены асабісты вопыт, падзеі і факты з біяграфіі Iвана Шамякіна. Аўтабіяграфічны характар аповесцей не зніжае мастацкай вартасці кнігі: пісьменнік, як і ў іншых творах, застаецца верны творчым задачам — пільна сачыць за развіццём асноўных падзей, дэталёва распрацоўваць сюжэтныя лініі і хады, грунтоўна вывучаць гістарычныя факты і падзеі, якія яму недастаткова вядомы.
   Аўтарскі стыль кожнай кнігі пенталогіі мае свае мастацкія адметнасці. Так, у першай аповесці "Непаўторная вясна" асабліва выразна выявіўся лірычны характар аўтарскага пісьма. У кожным радку аповесці мы адчуваем прысутнасць аўтара, яго захапленне, замілаванне галоўнымі героямі, лёгкую іронію ўжо сталага чалавека над іх учынкамі і паводзінамі, неадольнае жаданне пракаменціраваць той ці іншы эпізод. Лірычныя адступленні аўтара, якія іншы раз выходзяць за межы асноўнай мэты твора (напрыклад, у эпізодзе захапленне пісьменніка роднымі краявідамі, дзе ён просіць прабачэння ў чытача за сваю слабасць — "пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах") стварае магчымасць для дыялога "аўтар-чытач"; надае яму асобую даверлівую інтанацыю.
   Другая аповесць кнігі — "Начныя зарніцы". У цэнтры гэтага твора — лёс Сашы Траянавай, якая жыве на акупіраванай тэрыторыі і ўдзельнічае ў змаганні з ворагам. Аўтар ускладняе сюжэтныя калізіі кнігі, узбагачае яе новымі вобразамі, звяртаецца да маральна-этычных праблем ваеннага часу. Аповесць вылучаецца глыбінёй псіхалагічных партрэтаў герояў, асабліва Сашы Траянавай. Аўтар ставіць 'яе ў складаныя драматычныя сітуацыі, якія патрабуюць ад гераіні поўнага маральнага выбару і з якіх яна выходзіць, не паступаючыся сваімі жыццёвымі прынцыпамі. Гэта не выпадкова. Іван Шамякін сцвярджаў, што адной з галоўных мэт у "Трывожным шчасці" была паэтызацыя яго пакалення, услаўленне яго маральнай чысціні і высокіх духоўных якасцей.
   Мастацкай асаблівасцю трэцяй аповесці кнігі "Агонь і снег", якая прысвечана франтавым будням другога галоўнага героя твора, Пятра Шапятовіча, з'яўляецца "натуральнасць", найбольшая праўдзівасць у адлюстраванні ваенных падзей, псіхалагічная дакладнасць вобразаў. Шмат у чым аповесць з'яўляецца аўтабіяграфічнай: у ёй пісьменнік у форме дзённікаў Пятра Шапятовіча ўзнавіў у памяці сваю ваенную маладосць. (Цалкам біяграфічным з'яўляецца эпізод, дзе Шамякін апісвае разгубленасць маладзенькіх зенітчыкаў у першыя дні вайны, калі нямецкія лётчыкі бамбілі іх пазіцыі і расстрэльвалі з кулямётаў.) Форма дзённіка, як мастацкі ход аўтара, дазваляе ствараць аб'ектыўную карціну ваенных будняў маладых курсантаў-артылерыстаў, паказаць іх паступовае сталенне, маральныя якасці. Праўда жыцця ў аповесці дасягаецца яшчэ і тым, што пісьменнік не ідэалізуе сваё пакаленне і стварае вобразы не толькі мужных і смелых салдат і афіцэраў, але і вобразы кар'ерыстаў, прыстасаванцаў, гатовых данесці на таварыша, абылгаць яго, ашальмаваць нявіннага, карыстаючыся тагачаснай атмасферай страху і падазронасці.
   Бясспрэчнай заслугай пісьменніка з'яўляецца не толькі праўдзівае адлюстраванне ваенных падзей, але і пільная ўвага пісьменніка да духоўнага свету чалавека на гэтай вайне.
   Чацвёртая аповесць "Пошукі сустрэчы" працягвае асноўную тэму пенталогіі — тэму кахання і вернасці. Аповесць у меншай ступені аўтабіяграфічная і не вылучаецца дакладнасцю і праўдзівасцю ў адлюстраванні рэчаіснасці. Многія факты і падзеі ўспрымаюцца не натуральна, яны надуманыя, штучна прывязаныя да сюжэта: змест твора часта вызначаюць выпадковасці, а не лагічная заканамернасць развіцця мастацкага дзеяння. Сам пісьменнік пазней шчыра прызнаваўся, ацэньваючы мастацкую вартасць аповесці, што "збіўся на прыгодніцтва, меў такую слабасць".
   Самай праўдзівай і біяграфічнай у рамане "Трывожнае шчасце" аўтар лічыць апошнюю аповесць "Мост". Шамякіну хацелася падзяліцца з чытачамі пасляваенным вопытам удзелу ў мірным аднаўленні жыцця, прадоўжыць аповед пра лёс любімых герояў. У цэнтры твора — драматычны лёс Пятра Шапятовіча, які з-за сваёй сумленнасці і прынцыповага характару ледзь не стаў ахвярай рэжыму. Аўтар не толькі расказвае пра падзеі пасляваеннага часу, але і каменціруе, накіроўвае думку чытача, дапамагае зразумець учынкі герояў, прыводзіць іх, як і свайго чытача, да разумення таго, якімі важнымі з'яўляюцца шчырыя і спагадлівыя ўзаемаадносіны, як неабходна ўмець дараваць крыўду адно аднаму, не адступаць ад маральных прынцыпаў, заўсёды "быць чалавекам".

Похожие статьи:

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінІван Шамякін - Ахвяры

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"