Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Палеская хроніка. Подых навальніцы. Частка трэцяя

   У першы ж свой дзень у Мінску Апейка "знайшоў той адзіны цагляны будынак на два паверхі, дзе — каля самай чыгункі — ціснуўся пакуль універсітэт". Сакратар ячэйкі універсітэта пацвердзіў Апейку самае горшае пра Алеся: "Адкалоўся, а потым — пакаціўся ўніз. Дакаціўся да таго, што стаў прыслужнікам нацдэмаў. Паслугачом нацдэмаўскага ахвосця! Паслугачом ворага!.. Спрабавалі адгаварыць, пераканаць — ён знарок упарціўся. Героя з сябе... строіць пачаў! Яму ўсякія Зарэцкія і Гартныя — дарагія таварышы! Выдатныя дзеячы, сыны народа!.. Яны яго пахвальвалі, спявалі: ты — паэт, талент! і от — ён рашыў аддзячыць! Знайшоў таварышаў!" 
   Сітуацыя для Алеся ўскладнілася яшчэ і тым, што "заступнікаў у яго знайшлося даволі", што "на сходзе было і крыку, і віску", — "ліберальныя настроі перамаглі прынцыповасць!" Таму прыйшлося ўмешвацца, нанава збіраць сход — "расхлёбваць кісель, які заварыў герой ваш!.." 
   У інтэрнаце, дзе пакуль яшчэ жыў Алесь, і таварышы яго расказалі Апейку, што Маёвы і на тым сходзе не толькі не перамяніў думку, не толькі не пакаяўся, а быццам "знарок паказваў стойкасць сваю". Ён спрачаўся з тым, што пісалі пра Пушчу і Дубоўку, даводзіў, што яны не нацдэмы, не ворагі, што ім трэба дапамагчы, а не адштурхоўваць. 
   Гаварыў пра гэта адкрыта, на сходах. "У яго што наўме, тое і на языку". Так, як Маёвы, думалі многія, таму і галасавалі супраць выключэння — яго выключылі ўсё роўна потым на бюро, а на літфаку сабралі яшчэ адзін сход: аб прынцыповасці і аб шкодных праявах на літфаку. Хлопец, які пра ўсё расказаў Апейку, падсумаваў разважліва: "Неабавязкова лезці з усім, што ты думаеш. Трэба перш падумаць, які будзе толк з таго". 
   Шчырая размова з Алесем пераканала Апейку: хлопец невінаваты, усё, што было напісана пра яго, — паклёп. Юнак паплаціўся толькі за ... веру! Сказаў, што верыць "аднаму чалавеку ... якому не трэба верыць..." — Цішку Гартнаму. Калі і не пагадзіцца цалкам, то і абвергнуць довады Алеся Апейка не змог. Радасць ад таго, што ўсё ж не памыліўся ў юнаку, заглушылася болем за тое, што на добрага хлопца навалілі такую няпраўду, такую несправядлівасць. 
   "Абараняць от цяжка, а абвінавачваць лёгка!.. Цяпер жа той, хто абвінавачвае, часта выглядае — як герой! І чым з-злей крычыць, т-тым — б-большы герой!" — гэтыя словы Алеся наклаліся і на асабістае, перажытае Апейкам. Адзінае, што мог зрабіць Апейка, — папрасіць Белага дапамагчы разабрацца. Той адказаў: "Што змагу, зраблю". Ва унісон Алесевым былі і словы Белага: "Галенчык не адзін... Модна становіцца выкрываць, крычаць, лупіць — пад маркай прынцыповасці! Модна і выгад-на. І рызыкі ніякай, і смелым паказаць сябе можна!" 
   З выключнай дакладнасцю вызначыў Белы прычыну такой "прынцыповасці" і гарлапанства, такога падзення людскога і подласці — кар'ерызм: "Імкненне пагрэць рукі на сітуацыі, выскачыць на чужой бядзе. Зрабіць кар'еру..." Філасофія пісьменніка, што самай страшнай сілай валодае зло, надзеленае ўладай, канцэнтравана выяўлена ў словах Белага: "Нягоднік з пасадай — гэта нягоднік у квадраце. У кубе". 
   Знакавым у рамане з 'яўляецца эпізод чысткі Апейкі — знакам вялікай усенароднай трагедыі, што ўжо набліжалася. Знакам бяды для ўсіх была і трагедыя Маёвага, які паплаціўся толькі "за веру", як ён сам патлумачыў, падсумаваў коратка і вычарпальна. 
   Сцвярджэнню ўсенароднай трагедыі, наказу навальніцы, што няўхільна набліжалася, спрыяе кампазіцыйная роля трэцяга і чацвёртага раздзелаў апошняй часткі рамана. "Падзяліўшы" паездку Апейкі ў Мінск на высвятленне фактаў "вінаватасці" Маёвага і ўдзел старшыні райвыканкома ў сесіі ЦБК, аўтар паміж гэтымі двума момантамі зноў апісвае падзеі ў Куранях. Такі перамежаваны паказ "вялікіх" і "малых" падзей спрыяе панарамнаму адлюстраванню "карэннага пералому" ў гісторыі народа, у лёсах усіх без выключэння людзей: моцных і слабых, вялікіх і малых, уладарных і бяспраўных. 
   ... Ужо, здаецца, забыліся ў Куранях пра пагрозу перадзелу зямлі, але бяда не мінула. У Курані прыехалі новы старшыня сельсавета Гайліс і каморнік. У іх паводзінах значыўся не вядомы пакуль куранёўцам лёс... 
   Па рашэнні адпаведных органаў калгаснікам (усяго шэсць сем'яў) выдзяляюць самую лепшую зямлю — Піліпаў рог. Бурна праходзіць сход, але згоды большасці куранёўцаў на перадзел ужо і не патрэбна: яны не калгаснікі! Пастка зачыняецца! 
   Крычаў і Васіль: гарачы гул, вір крыкаў узняў, вырва ў з грудзей трывогу і злосць, што даўно мучылі яго. Не адступіўся рабы [Міканор] — лепшы Васілёў кавалак забраць хоча! Адзіны людскі кавалачак, які так трудна даўся! На які ўся надзея! З якога толькі і жывеш! 
   Міканор прапанаваў уступіць у калгас і іншым: "І вам будзе ўдзелено! Не абідзім! Як у добрай сям'і, падзелімся!" 
   Усю ноч не звёў вачэй Васіль. Як тут будзеш драмаць спакойна, калі блізкае, нядобрае грозіцца самаму галоўнаму, на чым трымаецца гаспадарка, з чаго жывеш?! Успамінаў, як біўся смяротным боем з Яўхімам за той кавалачак зямлі каля цагельні, як радаваўся, што ненавісных Карчоў з году ў год сталі прыціскаць падаткамі, як прадчуваў, што нядоўга ўжо засталося панаваць ім на мілай, аблюбаванай даўно зямлі ля цагельні. І от жа як усё павярнулася. І ад Карча, і ад яго — разам! Нібы знарок, нібы на насмешку! 
   Гэтая рунь, гэтая зямля памагла Васілю рашыцца тады, калі думаў, як быць з Ганнаю. І от — на табе! Збярог грунт пад сабою! 
   Жыццё як бы зноў насмяялася з яго! Назаўтра перадзел закончыўся тым, што Нібыто-Ігната звязалі і адвезлі ў Юравічы, а Васіль пабіўся з Міканорам. Стаялі адзін перад адным. Амаль упрытык. Яны стаялі твар у твар. Страх, адчай, смеласць і адчуванне, што набліжаецца горкі і неадменны час, — усё змяшалася ў душы Васіля. Міканор амаль упрытык убачыў сляпыя і радасныя, поўныя лютасці вочы, скрыўлены нянавісцю, прагай помсты твар... Некалькі разоў у той дзень бегала маці да Дамеціхі, каб улагодзіць яе, упрасіць заступіцца перад Міканорам за Васіля, — каб не злаваў, не перадаваў у суд. Трывожыліся не менш і Глушакі. Яўхім вырашыў ехаць да Зубрыча. Выснова таго была такая: чакаць, калі абстаноўка зменіцца. На адчай Яўхіма, што "жыць ўжэ няма як", паведаміў: "Бальшавіцкая партыя толькі пачала генеральнае наступленне... Толькі пачала наступаць на капіталістычныя элементы ў сяле. Гэта значыць — на мужыка. Партыя — не спыніцца, пакуль не сатрэ мужыка ў парашок. 
   У першую чаргу, вядома, мужыка заможнага, гаспадарлівага, які імянуецца кулаком..." і параіў энергічна распускаць гаспадарку, пераводзіць маёмасць у грошы, "каб не рызыкаваць астацца і без грошай і без маёмасці", бо ёсць падставы, што ўсё будзе рэквізавана — адабрана — для калагасаў. 
   "Буралом гэты не абміне нікога. Усіх захопіць. Кожнае дрэва выверне, з коранем. Не міне ні дужае, ні слабое дрэва. Ні кулака, ні бедняка..." — патлумачыў Зубрыч. На яшчэ большы Яўхімаў адчай, як жа жыць, адказаў, што ў гэтым якраз і паратунак, бо "чым больш бальшавікі будуць ціснуць, тым больш будуць слабець яны. І тым мацней будзем мы! Такая дыялектыка!" 
   І назваў калгасы здзекам з мужыка, з усёй яго прыроды. Сам жа Зубрыч не толькі чакаў, не толькі піў і співаўся: жыць без гарэлкі ўжо не мог. Зубрыч яшчэ і дзейнічаў. Рабіў усё, каб адначасова паправіць колішнюю сваю памылку, калі адмовіўся ад прапановы ўступіць у партыю. Бо ўлезці ў партыю — гэта не толькі ўшыцца ў кіруючую эліту, прыдбаць сабе новыя магчымасці, але і пайсці самому на новыя чысткі, праверкі. Гэта было б і раскошай з яго эсэраўскімі грахамі і з яго радаслоўнай, і магчымасцю ўбіраць з дарогі самых небяспечных. Самым "небяспечным з усіх ён лічыў "лысую гіену" Апейку. Моцна ўпіліся ў таварыша старшыню, у самыя чулыя месцы, тыя стрэлы, намочаныя едкім ядам, якія ён выпусціў у яго на чыстцы: тыя ананімныя запісачкі былі справай яго рук і сталі матэрыяламі, аўтарытэтнымі партыйнымі дакументамі. А да гэтых можна дадаць новыя... Тут і рызыкі ніякай і амаль поўная гарантыя, што будзе карысць... 
   І Васіль дапаў да Юравіч у пошуках справядлівасці. Апейка быў у Мінску на сесіі. І ён трапіў да Зубрыча! Toe, што пачуў ад яго, яшчэ больш спусташала душу. Вяртаючыся дадому, звыкла збочыў з дарогі — зірнуць на сваю рунь. Рунь была паарана! Ён не мог паверыць: разарана было ўсё. Усё было загублена. Усё было кончана. 
   Але і ў Міканора значныя непрыемнасці: Хоня не толькі самавыключаецца з камсамола, але і мае цвёрды намер выйсці з калгаса. 
   Хадоська нарэшце дала згоду выйсці за яго замуж, але паставіла, як некалі Ганна Яўхіму, "кеб па добраму було", такую ўмову: і з калгаса, і з камсамола! Небам пасланае Хоню каханне да Хадоські ён ужо акрэсліў сваім выбарам: у імя кахання — прыняць умову Хадоські. І ніякія ўгаворы, парады і нават пагрозы Міканора на Хоню не падзейнічалі. 
   Апісаннем вясельнай чарады, што каціла да царквы, заканчваецца раман. Рагатаў, галёкаў на возе Хоня: здалёк было відаць, як давольны ён быў сваёй удачы, сваёй долі. Гэтаму папярэднічала і поўнае прымірэнне Хадоські з Ганнай; Хадоська пакаялася за свае чорныя думкі перад сяброўкай і атрымала ад яе і дараванне, і разуменне. Сама ж Ганна назаўсёды пакінула ненавісную сям'ю Глушакоў і знайшла прытулак у Глінішчах, у настаўніцы Параскі. І ніякія ўгаворы і грозьбы Яўхіма на Ганну не падзейнічалі таксама. 
   У Куранях багата, па-рознаму гаварылі пра Ганнін учынак. Старыя казалі, што не помнілі, каб у Куранях калі-небудзь якая-небудзь жонка кідала чалавека, ды яшчэ такога, як Яўхім... 
   Апісанне сесіі ЦБК, пададзенае паводле стэнаграмы (І. Меле ж сам у вынятку выказаў такое меркаванне), будзе нецікавым для чытача, які любіць лёгкае чытанне. Для нас жа яно не толькі цікавае тым, што дазваляе "адчуць думкі і настроі той пары, зразу мець асаблівасці, складанасць становішча", але і карыснае, папераджальнае: мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння. Каб з новай сілай не паўтарылася тая трагедыя, пагроза якой не знікае ніколі. 
   Слухаючы на сесіі выступленні старшыні ЦБК Чарвякова, старшыні Саўнаркома Галадзеда, педантычнага акадэміка Некрашэвіча, наркома земляробства Рачыцкага, намесніка наркома РСІ Рыскіна, а таксама выступленні радавых удзельнікаў Другой сесіі ІX склікання, Апейка адчуў яшчэ большую трывогу, чым у Юравічах у час чысткі. 
   Заключнае слова Чарвякова было пра тое, што "большасць можа прымусіць меншасць пакарыцца, увайсці ў калектыў і падпарадкавацца калектыўнаму парадку", што трэба ўзмацняць тэмпы калектывізацыі, бо "Беларусь па калектывізацыі павінна ісці ў першых радах", што калектывізаваць Беларусь неабходна за два-тры гады. 
   І гэтая спешка; і тое, што калгасам, якія яшчэ толькі становяцца на ногі і сілу якіх так лёгка падарваць, павышаўся хлебанарыхтоўчы план; і акрэсленая ў прамовах неабходнасць барацьбы з нацдэмаўшчынай без канкрэтнага патлумачэння яе шкоднасці і небяспечнасці, — да трывогі дадалі незадавальненне, нязгоду. Яшчэ больш узмацнілі сумнеў і адчуванне няпэўнасці, нетрываласці: "Няўжо я, праўда, не разумею чагосьці?" Пагрозным успаміналася тое, што жорстка абвясціў, здавалася, добры, разважны Чарвякоў: жыццё бязлітасна ад-кіне ўсіх, хто не зможа ісці нага ў нагу! Нібы папярэджанне сабе чуў Апейка... Усё могуць зрабіць галенчыкі, любы ўхіл прышыць могуць, прышыць — і "зрабіць вывады"!.. Чаго там — могуць, рабілі ўжо. Намаганнем волі разарваў навалач думак і ста ў думаць пра сям'ю. 
   "Дадому, дадому!" — быццам грукаталі пад вагонам і колы. 
   A вярнуўшыся ў мястэчка, вельмі хутка атрымаў паперу, у якой паведамлялася, што яго раён быў уключаны ў зону, дзе калектывізацыю завяршыць поўнасцю трэба было ўжо не ў два-тры гады, а за вясну, можна лічыць, за тры месяцы! Толькі што ў яго кабінеце пабываў Васіль Дзяцел. Разумеў яго Апейка, шчыра спачуваў. Паслухаўшы, Апейка зычліва і шчыра стаў угаворваць Васіля ўступіць у калгас. 
   І зразумеў Васіль, што раней хоць на Апейку надзея была, а цяпер не засталося нават такой, няпэўнай. 
   "Будзе твая ўся — самая лепшая! Сказаў, парадуваў!.. Усіхняя — ето не твая... І як не чужая саўсім, а і не твая! Нічыя его!.." 
   І Васіль так пашкадаваў, што не сказаў гэтай простай і яснай развагі Апейку, што яму раптам захацелася вярнуцца назад, дагаварыць... Аднак роспач была не такой балючай, як раней: нібы прывыкаў ужо да бяды. Зноў нібы звала Ганна яго ў неадступны свет, куды ён вось-вось, разарваўшы ўсё, пойдзе вольны і шчаслівы. Ледзь стрымаў сябе, каб не зайсці ў школу, дзе жыла цяпер Ганна...  

Похожие статьи:

Іван МележПалеская хроніка. Подых навальніцы. Частка першая

Пераказы, дыктантыНавальніца на возеры

Пераказы, дыктантыНавальніцы

Іван МележПалеская хроніка. Подых навальніцы. Частка другая

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Красавіцкая навальніца