Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Палеская хроніка. Людзі на балоце. Частка трэцяя

  Вясельныя клопаты прывялі Чарнушкаў на кірмаш у Юравічы, і чытач меў магчымаць убачыць панараму Палесся, разам з Ганнай здзівіцца цуду: Прыпяць! — рака-казка, легенда. На Юравіцкім кірмашы Ганна пераканалася ў праўдзівасці Міканоравых слоў пра багатыя ўраджаі, вырашчаныя на асушаных балотах. Камунаўцы з "Росквіту жыцця" прадавалі капусту, якая вырасла на ...балоце. "На звычайным. На дрыгве, у якой коні тапіліся... Асушылі — і от, калі ласка, качаны!" — патлумачыў камунавец. 
   На кірмашы сустрэліся з Яўхімам. Ён пачаставаў Ганну, купіў ёй шыкоўны падарунак — хустку гарусавую, квяцістую. Такой яшчэ ні ў каго ў Куранях не было. Жанчыны глядзелі з зайздрасцю. Штосьці раптам занепакоіла. Калі прымярала хустку, у люстэрку ўбачыла Васіля... Іх позіркі ў люстры скрыжаваліся. Толькі момант было гэта — Васіль знік з люстра гэтак раптоўна, як і паявіўся. 
   Едучы назад, успамінала словы Параскі, якой яны прадалі бульбу: "Вы любіце яго? Як жа можна жыць не любячы!.." Калі ж успомніла Васілёва з'яўленне ў люстэрку — на душу легла трывога. 
   Разам з Чарнушкамі і іх клопатам прыдбаць кофту Ганне на вяселле, бо тая, чырвоная, "працерлася на локці! Латаная!", мы пабывалі ў Глінішчах у крамара Нохіма і швачкі Годлі і пераканаліся, што і яўрэйскі народ жыў у беднасці, але ў добрай згодзе з нашым. Выдатна выпісаны нацыянальныя тыпы Нохіма з яго спрытам, далікатнасцю, добразычлівасцю, памяркоўнасцю і Годлі з яе жыццястойкасцю, аптымізмам. І мы разам з Чарнушкамі "з увагай і пашанай" назіраем, як увіхаецца каля Ганны Годля, здымаючы мерку, быццам чуем яе незласлівае абурэнне "абдзіралам Нохімам", "такім паганым нэпманам, круцялём", якому савецкая ўлада волю дала. 
   І перадзел зямлі, які адразу пачаўся з крывавай бойкі паміж Васілём і Яўхімам, і размова двурушнага Зубрыча з кожным з іх па чарзе пасля гэтай бойкі (ён і перадаў Яўхіму пароль для сувязі з маслакоўцамі), і само вяселле Ганны і Яўхіма — усё быццам вяшчуе і героям, і нам, чытачам. што надзеі кожнага на шчасце не спраўдзяцца. Да ўсяго яшчэ перад самым вяселлем спаткала Хадоська Яўхіма і "павіншавала" праклёнам: "Няхай табе на тым свеце будзе так, як мне — на етым..." 
   Не было радасці і ў Чарнушкі: журба ўсё тачыла і тачыла, вярэдзіла яго душу... І сон прысніўся Ганне такі, што яна закрычала, прачнулася, поўная гідоты і страху... 
   Толькі адзін Яўхім, у новым касцюме, у скураных блішчастых галіфэ, у блішчастых ботах, сам увесь блішчасты: твар ільсніўся чырвона, як памазаны салам, вочы быццам памазаныя, блішчалі масляніста, радасна, шапачка з блішчастым казырком зухавата з'ехала на вуха, — толькі Яўхім касаваў усіх сваёй незвычайнай зухаватасцю. 
   А як ехалі вянчацца, Ганнін воз, хістаючыся на нявідным ламаччы, уехаў у балотную гушчу, а потым асеў так, што гразь была пад самымі драбінкамі. Коні сталі, і ніякая сіла не магла ўжо зрушыць іх з месца. 
   І тады Яўхім, як быў, у паддзёўцы, у наваксаваных хромавых ботах, скочыў у гразь: "Маладую трэба выручаць з бяды!" 
   Гэты ўчынак, смеласць яго, адданасць узварухнулі, усцешылі. Перахапіўшы яго закаханы, гарачы позірк, і Ганна зірнула мякка, удзячна... Аднак перад самай царквой зноў джала трывогі і шкадавання пра незваротнае пеканула ў самае сэрца. Крыху супакоілася, як абмяняліся пярсцёнкамі. 
   Этнаграфічныя і фальклорныя рэмінісцэнцыі пры апісанні вяселля Ганны таксама надаюць нацыянальны каларыт твору, як і старонкі, прысвечаныя Калядам. Аднак воляй аўтара, адпаведна з няўмольнымі законамі жьшця, гармонія і паэзія парушаюцца грубай прозай. Як некалі грубы вокліч мачахі: "Ганно-о!    Дзе ты, нячыстая сіла?!." уварваўся ў мроі дзяўчыны, не даўшы ёй пачакаць, пакуль супакоіцца вада, каб палюбавацца на сябе ў люстраную гладзь, так і цяпер "алешніцкі Калінін", Крывароты Дубадзел прымушае маладую піць з ім. Прымус і гвалт скончыўся тым, што ў маладой загарэліся агнём непакоры вочы, а малады, як той рысь, дамагаўся, каб Ганна дагаджала Крываротаму. Узнялася мітусня. Ганнарвалася з хаты. Адны суцяшалі яе, другія ўгаворвалі Яўхіма. Калі госці разышліся, Ганна на згаворлівы папрок Яўхіма зноў нагадала: "Помніш, што я табе адзін раз казала? Што са мной трэба — кеб па-добраму!" Яўхім жа, хоць і не стаў спрачацца, прымусіў сябе засмяяцца з тых слоў. 
   ...Куранёўцы і алешнікаўцы, якія рабілі грэблю, нарэшце, сышліся. Грэбля была пабудавана. На свята з Юравіч прыехаў сам Апейка і сказаў прачулую прамову, што "грэбля гэтая звязвае Курані... са ўсім светам, звязвае людзей з людзьмі!" 
   Міканор у сваім слове выказаў надзею, што "І цемра, і раска назаўсёды прападуць. Будзе адна чыстая, светлая вада, светлае жыццё!" 
   І толькі ў Васілёвых грудзях заныла, ажыла незагойная рана. Глянуў самотна на запаветны кавалачак каля цагельні — усё скончылася на карысць Карчу.
   Калі загаварылі пра Ганну, то Міканор упершыню ў словах Васіля: "Ну, упусціў! Што вам!" — чуў такі сум, такі боль, што сумеўся. 
   Пастараўся суцешыць, супакоіць. Але Васіль нічога не адказаў.  

Похожие статьи:

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

Іван МележІван Мележ - Здарэнне