Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Яраслаў Пархута - Птушыны інтэрнат

   Аднойчы ў таполі навальніца зламала вершаліну. Людзі заўважылі непарадак, усцягнулі на дрэва старую барану і сказалі:
   – Няхай хоць птушкам паслужыць.
   I праўда. Вясною прыляцелі аднекуль буслы і пачалі завіхацца – майстраваць гняздо. Носяць сухія галінкі, шматкі моху, леташнюю салому і радуюцца: хутка зажывуць у новым доме!
   А вераб’і ўвесь гэты час гойдаліся на галінках і толькі пасміхаліся:
   – Ці ў ім жыцьмуць?! Ці ў ім жыцьмуць?!
   Іх падтрымалі шпакі:
   – Дарма ўюць! Дарма ўюць!
   А калі буслы нарэшце закончылі будаўніцтва і з вясёлым клёкатам паведамілі, якое ў іх цудоўнае жытло атрымалася, вераб’і першыя спахапіліся і пачалі прасіцца ў падсуседзі.
   Буслы падумалі-падумалі і дазволілі вераб’ям пасяліцца разам.
   Узрушаныя шпакі ад зайздрасці ажно свіснулі: маўляў, не шкодзіла б і ім прысуседзіцца!
   – Такі клопат! Такі клопат! – сказалі буслы і шпакам таксама далі дазвол.
   Але як ні стараліся шпакі прыстроіцца да буслінага гнязда – не змаглі. I тады з ельніку прыляцеў дзяцел і пачаў рабіць ім дупло. Ніжэй буслінага жытла, ніжэй вераб’інага... А калі ўбачыў, што кватэра шпакам цудоўная выйшла, дык рашыў заадно і сабе дупло змайстраваць.
   На старой таполі нібы інтэрнат атрымаўся.
   Але аднойчы рыжы кот Фядот вырашыў праверыць буслянку. I тут дзяцел першы ўзняў трывогу. Стукнуў тройчы ў сук:
   – Кот-кот-кот!
   Усхапіліся шпакі ды завагаліся:
   – Біць ці не? Біць ці не?
   – Біць-біць-біць! – закрычалі вераб’і, кінуліся ў атаку і пачалі калашмаціць Фядота – ажно рыжая поўсць паляцела. Тут і шпакі пасмялелі, памагаць пачалі. А калі на той гоман з бліжняга балотца прыляцелі бусел з бусліхаю, на таполі быў поўны парадак: бусляняты спрасонку пазяхалі на мяккай пасцельцы, шпакі з вераб’ямі абмяркоўвалі нядаўнюю падзею, а кот Фядот ляжаў у крапіве і лічыў сінякі.
   З таго часу жыхары птушынага інтэрната жывуць спакойна. А кот Фядот за вярсту абыходзіць старую таполю.

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая