Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Чачот - Наваградскі замак

Наваградскі замак1

 

1

Ёсць людзі, якія нічога убачыць
У свеце не ўмеюць душою.
Што воку адчыніцца, так і тлумачаць
Усё, нават «дзіва» любое.
А іншыя толькі душы сваёй зрокам
На свет і глядзяць мігатлівы.
Там бачаць, дзе пуста, дзе ўсё-ўсё пад змрокам,
І ўсюды ім мрояцца дзівы.
 

2

Каб гэтакіх я памірыў між сабою
(Не раз чуў між імі я звады),
Каб унаравіў ім хоць гэтай сваёю
Баладай — быў вельмі б я рады.
О Божа, зміры іх — забудзьма праклёны!
Хай з розумам сэрца сябруе:
Вы верце, калі што вам кажа вучоны —
Збірае ж ён мудрасць людскую.
 

3

Было гэта ў горадзе слаўным Міндоўга2
Вякоў найдалёкіх здарэнне:
На Замкавай ціхай гары колісь доўга
Я слухаў сцен даўніх каменне.
Дзве вежы вякі тут збіраюць на веча —
Паслухаць іх спыніцца кожны.
Руіны царквы ажываюць штовечар —
Ад зданяў трасецца набожны.
 

4

Дзе продкі калісь — не зайздросцьце іх долі —
У бойках сцякалі крывёю,
Студэнцкія нашы гады у сваволі
Прабеглі сваёй чарадою.
Мы ведалі мячык ваўняны — не кулі,
Палянты ўсяго — не гарматы.
Гулялі, вясёлыя, дзе ў каравуле
Калісьці стаялі салдаты.
 

5

Калі яшчэ дзесь пры Казіміры Яне3
Прыйшоў сюды Карл найшалёны4
І ўзяўся паіць дол крывёю, паганец,
Знішчаючы нашы плямёны,
А цар той з усходу ліў кроў гэтаксама,
Пакуль ён з Чарнецкім5 не стрэўся,
О колькі тут гора, дзе сённяшні замак
І далей, — наш люд нацярпеўся!
 

6

І сёння расказваюць людзі старыя,
Як шведы людзей нашых клалі
На воз, бы снапы, і жардзінай, ліхія,
Як толькі маглі, прыціскалі.
А дзетак маленькіх стаўлялі за лавы
І лавай душылі пад крык іх.
Такія во страшныя гулі-забавы
Былі у тыранаў тых дзікіх.
 

7

Напэўна, яны мелі цвёрдыя сэрцы,
Паўночныя тыя гіены.
На сорам нашчадкам сваім, людажэрцы,
Такія ўчынялі тут сцэны.
Дасюль у зямлі нашай скарбаў нямала —
Хто кожны ўскапае дзядзінец?
Рука іх чыясьці у спеху хавала,
Калі лютаваў тут чужынец.
 

8

У час, як пад Слонімам вёў з чужакамі
Чарнецкі свой рэй неласкавы,
Дым па-над Наваградкам віўся клубамі,
Людзей выразаў швед крывавы.
Дагэтуль не знаў замак здрады ніколі,
Ды сталася ж раптам такое,
Калі тым жа часам каханне міжволі
Укралася ў сэрца ліхое.
 

9

У шведку адну быў сам князь закаханы —
А быў палкаводцам у краі.
Ах, ганьба таму, хто, пачуццям адданы,
Свой край на дзяўчыну мяняе.
Каханкаю першаю нашай — айчына,
Ёй служым, яе мы шануем,
Другая ж каханка — вядома ж, дзяўчына,
Якую кахаем, мілуем.
 

10

Ужо тая хітрая шведка, якую
Так князь пакахаў бесталковы,
З сваімі на тайнай нарадзе мяркуе,
Як выманіць князя са сховы.
І вось абяцае яму, што да шлюбу
З ім пойдзе, калі ён здасць замак,
Які аніколі не дасць яна ў згубу,
Наваградак людны — таксама.
 

11

Не знаю, адкуль ён, з якога ён роду —
Відаць не ліцвін, не з палякаў:
У нас і не бачылі гэтакіх зроду —
Хутчэй з чужаземных ваякаў.
Ён шведам аддаў грозны замак без бою,
І вось яны замак руйнуюць.
Ваду, што яго амывала сабою,
Спусцілі — ўсё нішчаць, рабуюць.
 

12

Тут сёння шкілет толькі замка здалёку
І ўбачыш. На доле — гармата.
Маленькі струмень яшчэ сочыцца збоку.
О Божа, якая то страта!
Са смуткам абломак той наваградчане
З падножжа наверх ускацілі.
І даўняя з бронзы гармата там стане,
Дзе земства у гэтай во хвілі.
 

13

Прахожы, ты бой гэткі жорсткі, крывавы
Адно на паперы мо бачыў.
Калі пачынаеш ты важныя справы,
Зарок жа дай шчыры, гарачы:
Жыць вечна у згодзе, а раптам са звадай
Палезе сусед незычлівы,
Хоць не засмуці анікога ты здрадай —
Ці ж можа быць здрайца шчаслівы?
 

14

О людзі, каму шчыра зычу я згоды,
Паверце мне, хоць не стары я:
Роў гэты быў высах у даўнія годы
Праз шведкі той чары ліхія.
Як чуў, вам паведаў пра гэтыя дзівы —
У сметнік жа кіньце ўсе звады!
Калі б памірыў я вас, быў бы шчаслівы,
Я вашай бы згодзе быў рады!

 

   1. Наваградскі замак — унікальны помнік абарончага дойлідства Х-ХVІ стагоддзяў, старажытны цэнтр Наваградка. У пачатку ХVІІІ ст. быў узарваны шведамі.
   2. Маецца на ўвазе Наваградак, які быў рэзідэнцыяй вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга (каля 1200-1263). У 1253 (паводле іншых звестак — у 1252 г.), прыняўшы тытул караля, Міндоўг каранаваўся ў Наваградку.
   3. Ян Казімір з дома Вазаў (1609-1672) — польскі кароль, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага.
   4. Як відаць, маецца на ўвазе Карл Х Густаў (1622-1660) — шведскі кароль (з 1654). Яго агрэсіўная знешняя палітыка прывяла да вайны з Польшчай, Даніяй, Расіяй (Паўночная вайна 1655-1660; руска-шведская вайна 1656-1658).
   5. Стэфан Чарнецкі (1599-1665) — польскі военачальнік.

 

Похожие статьи:

Ян ЧачотЯн Чачот - Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст.

Ян ЧачотЯн Чачот - О ты край мой нешчаслівы...

Ян ЧачотЯн Чачот - Яжовыя імяніны

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады

Ян ЧачотЯн Чачот - Свіцязь