Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ян Баршчэўскі - Пра чарнакніжніка і пра цмока... (Шляхціц Завальня...)
Адзін з падарожных людзей расказвае шляхціцу Завальню, што ў маладыя яго гады людзі мелі вельмі дрэннага пана. Яшчэ больш лютым пан стаў, калі сышоўся з чарнакніжнікам і прадаў душу д’яблу.
У пана быў лёкай Карпа. Але і ён з нейкага часу не мог дагадзіць пану. Пан яго выгнаў з маёнтка, аддаўшы ў работнікі заможнаму гаспадару. Працаваць Карпа не ўмеў і не любіў, быў упартым, таму на яго часта скардзіліся людзі. Урэшцэ пан даў яму колькі дзесяцін зямлі і пабудаваў хату.
Карпа ўпадабаў сціплую, слухмяную, прыгожую Агапку. Але бацькі не хацелі аддаваць адзіную дачку за лайдака. Пан па просьбе бацькоў Агапкі і аканома адклаў вяселле на год, За гэты час Карпа павінен быў паказаць, на што ён здатны як гаспадар.
Карпа пайшоў да чараўніка Парамона. Той даў яму зярнят і сказаў накарміць імі чорнага пеўня. Певень знясе яйка, якое Карпу трэба цэлы месяц насіць пад пахай. З яйка вылупіцца маленькая яшчарка. Карпа павінен яе кожны дзень карміць малаком са сваёй далоні. Праз месяц з яшчаркі вырасце крылаты цмок, які будзе служыць свайму гаспадару, прыносіць ноччу збожжа, золата, срэбра. Толькі трэба з ім жыць у згодзе.
З дапамогай цмока Карпа разбагацеў. Праз год ён накупляў пану падарункаў і прыехаў да яго на добрым кані. Пан загадаў бацькам Агапкі рыхтавацца да вяселля.
Вяселле Карпы і Агапкі было нярадасным. Калі яно перайшло ў дом Карпы, то гасцей стала апаноўваць незразумелая трывога. На вяселле з’явіўся Парамон. Акім і Грышка прыгадалі чараўніку, як калісьці ён назваў іх вінаватымі ў крадзяжы палатна, хоць гэта была няпраўда. Парамон, помсцячы, прымусіў аднаго граць, а другога скакаць да поўнай знямогі.
Пасля вяселля Карпа яшчэ больш разбагацеў, зажыў па-панску. Аднак быў увесь час неспакойны, пачаў знікаць на некалькі дзён. Да Агапкі стаў з’яўляцца малады чалавек. Ён прапаноўваў ёй золата, сваю службу, дапамогу. Калі жанчына памінала Бога ці хрысцілася, чалавек знікаў.
Агапка паслала ў вёску па бацькоў, каб тыя параілі, што ёй рабіць. У хаце пачало адбывацца неверагоднае: скакалі і падалі рэчы, з вакон і ад сцен ляцелі камяні.
Карпа, калі даведаўся, што дзеецца ў яго адсутнасць, пайшоў да Парамона, але на гэты раз чараўнік яму не дапамог.
Прыехаў Карпаў дом свянціць ксёндз. Аднак, калі ён са свянцонай вадой хацеў наблізіцца да сцен, дом імгненна ахапіла полымя.
Карпа пасля пажару знік. Праз нейкі час яго мёртвага знайшлі ў возеры. Агапка перайшла жыць да бацькоў, доўга хварэла, Пасля смерці бацькоў згасла, як свечка.
Похожие статьи:
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага. Адметнасць алегорыі
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Цэнтральная праблема «Шляхціца Завальні...»
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Ян Баршчэўскі → Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Сэнс назвы твора