Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Баршчэўскі - Пакутны дух. Апавяданне дзявятае (Шляхціц Завальня)

   У час размовы Завальні з гасцямі сляпы Францішак сядзеў моўчкі, а калі Якуш апавядаў пра Белую Сароку, заглыбіўся ў нейкія журботныя думкі; але па твары можна было бачыць, што гэтае апавяданне моцна кранула ягоную душу.
   Дзядзька, каб перапыніць яго маўчанне, сказаў:
   – Пан Францішак доўга ўжо маўчыць, і здаецца, яго нешта хвалюе.
   – У дзяцінстве ўжо скончыліся мае вясёлыя забавы, калі дзень схаваўся ад мяне; сярод ночы, якая ніколі не канчаецца, увесь час чую скаргі няшчасных людзей: пакуты іншых балюча раняць сэрца таго, хто і сам тое зазнаў.
   – Ат, Бог міласэрны, усяму некалі будзе канец. Янка, папрасі прынесці нам гарэлкі і закускі, ужо час падсілкавацца. Наш век кароткі, нап’ёмся водкі.
   Калі выпілі і закусілі, дзядзька сказаў гасцям:
   – Дзякуй Богу, праз некалькі хвілін прыйдзе Новы год; міласэрны Бог дазволіў нам сустрэць яго ў добрым здароўі. Пакуль певень праспявае поўнач і міне апошняя гадзіна года, пан Францішак раскажа нам што-небудзь, калісьці ім чутае на свеце, бо ў сваім жыцці ён шмат сустракаў людзей і памятае ўсе размовы з імі, а пасля чарга пана Сівохі.
   – Мае апавяданні наўрад ці могуць усім падабацца, бо я памятаю толькі сумныя.
   – Яны ў нашым краі ўсе сумныя, – сказаў Сівоха. – І мае гісторыі нікога не насмешаць. Няхай пан Францішак пачынае, а я тым часам, можа, што-небудзь прыпомню.
   – Згодны, калі ўжо такая воля гаспадара і гасцей, – сказаў сляпы і пачаў апавяданне:
   – Гадоў колькі таму ехаў я з Полацка ў Невель; выехаўшы з горада, хутка апынуўся сярод лясоў, над галавой шумелі дрэвы, конь мой ішоў паволі – быццам з нагружанай фурманкаю па пясчаных пагорках, – я сядзеў, марачы пра сёе-тое, а таварыш мой ішоў пешшу. Перапыняючы мае думкі, ён сказаў:
   – Праехалі дваццаць пяць вёрст. Ужо недалёка вёска і карчма Бабавікі, трэба каб конь там адпачыў крыху; яшчэ некалькі вёрст – і будзе рэчка і добрая паша; напасвіўшы добра каня, будзем ехаць усю ноч, бо дзённая спякота і нас мучыць, і каня мардуе.
   Я ахвотна згадзіўся з яго парадаю.
   Прыехалі ў вёску; мой таварыш завіхаўся каля воза; а я, седзячы ў карчме, слухаў размовы і розныя думкі тутэйшых сялян пра нейкага незнаёмага чалавека.
   Потым завязалася між імі спрэчка: адны даводзілі, што ён, гнаны лёсам, а таксама нявінна пакутуючы ад людзей, мусіць туляцца па свеце; іншыя ж называлі яго гультаём і шкадлівым чалавекам, з якім страшна сустрэцца. І гэтая іх спрэчка такая была гарачая, што даходзіла да бойкі.
   – Ужо каторы тыдзень, – сказаў адзін з іх, – як ён з’яўляецца ў розных мясцінах нашае ваколіцы. Нібыта ёсць такія, хто ведае яго, ён бывае ў іх і, забавіўшыся там нейкі час, зноў выходзіць, каб блукаць па гарах і лясах. Ён спакойны і лагодны; кажуць нават, што бачылі некаторыя, як, спаткаўшы ўбогіх, даваў ім кавалак хлеба або дзяліў між імі апошнія грошы.
   – Пэўна, ён звар’яцеў, калі апошні кавалак хлеба або апошнія грошы аддае іншым, не думаючы пра заўтра; разумны чалавек найперш павінен забяспечыць сябе; век пражыць – не поле перайсці, дык няхай кожны думае пра сябе. Якое гэта жыццё, калі свае нары не маеш, каб схавацца ад дажджу і буры, – такі чалавек не заробіць у мяне і слова добрага.
   Трэці загаварыў да мяне:
   – Едзеш, як бачу, у Невель; будзь асцярожны, каб не сустрэцца з якім няшчасцем: у нашых лясах рознае бывае, і пра таго незнаёмага Бог ведае што думаць.
   – Я не баюся, – кажу, – скарбаў не вязу.
   – Калі так, то шчаслівае дарогі!
   І ўся грамада, спрачаючыся, выйшла з карчмы.
   Хутка прыйшоў мой таварыш.
   – Каня запрог, – кажа, – паедзем далей, лепей там, ля рэчкі, дзе шмат травы і вады, адпачнём болей.
   Сказаўшы гэта, ён дапамог мне дайсці да воза.
   Мы былі ўжо на прызначаным месцы; фурманка наша стаяла на беразе рэчкі, таварыш мой павёў каня туды, дзе бачыў болей травы, я сядзеў пад дрэвам; дзень набліжаўся да вечара, нада мною тужліва скардзілася зязюля, і непадалёку ў кустоўі салоўка не спыняў сваіх пяшчотных і прыгожых песень; я, самотны, акунуўся ў прыемныя ўспаміны.
   – Цудоўны вечар, – сказаў нехта побач, перапыняючы мае думкі.
   – Цудоўны вечар, – адказваю, – ціха ўсюды, і як чароўна вакол спяваюць салоўкі.
   – Але, бачу, ты маеш, толькі палову прыемнага, бо чуеш птушыныя спевы, а блакіту неба, вясновае аздобы гор і лясоў не бачыш.
   – Даўно туляюся па свеце, не бачачы яго.
   – Прыкра не бачыць свет, але прыкра таксама мець добрыя вочы і бачыць далёка.
   – Чалавек не можа бачыць і чуць далей, як яму прырода дазволіла.
   – А ці верыш, што ёсць цуды на свеце? Я не толькі бачу і чую вельмі далёка, але і перакідваюся ў розныя абліччы.
   – Не разумею, як можа чалавек перамяняцца ў розныя абліччы.
   – Не бачыш мяне і ўбачыць не можаш.
   – Хто ж ты такі? Ты тутэйшы ці таксама вандруеш?
   – Я – Пакутны Дух, вандрую да вечнасці шпарчэй за іншых.
   – Нейкі неспакой ляжыць на тваёй душы.
   – Так, неспакой. Пакутнаму цяжка быць спакойным; хворы на ложку глядзіць у розныя бакі, каб хоць крыху суцешыць боль, – і я, каб знайсці палёгку, мяняю воблік. Раскажу табе пра страшны мой грэх. Калі мяне падманулі надзеі і душа акунулася ў смутак, здалося мне, што лятучае зелле 1 , якое прыносіць спакой і шчасце, можна знайсці толькі на могілках; марачы пра яго і шукаючы тую кветку, часам да ночы, як вурдалак, блукаў я між магіл, думаў пра духаў, зайздросціў іх шчасцю і спакою, – саграшыў, ах! І, можа, той грэх атруціў кроў маю, расхваляваў усе нервы, страсянуў усю маю натуру; у цяжкай немачы цела напружыўся слых і вочы зрабіліся, як вочы духа. Бачу і чую далёка – жахлівая хвароба! Не могучы яе трываць, мяняю свае абліччы і не знаходжу палёгкі.
   – Што ж ты чуў або бачыў на свеце, – кажу, – што так мучыць душу тваю?
   – Бачыў дзікіх пачвараў, якія рвалі дзяцей і кабет; слухаючы лямант тых няшчасных, велізарныя скалы не рушыліся з месца, а водгулле толькі паўтарала енкі пакутных ахвяр і змаўкала. Гледзячы на гэтую велізарную сцэну, я сам быў пачвараю, я праклінаў зоркі, што абыякава глядзелі з неба на ўсё гэта, і хмары, што не стрэлілі ў пачвараў вогненнымі перуновымі стрэламі.
   Яшчэ скажу табе: людзі-волаты на ўсіх паглядаюць зверху, быццам на нікчэмных карузлікаў, мараць пра славу, дрыжаць перад найменшаю непагодаю, ідуць з трывогай і асцярожнасцю па шырокай дарозе, баяцца ступіць на калючыя церні; я сустракаў іх, бачыў малыя душы ў велізарным целе; страсянулася ўся мая натура, не ведаю, як глядзеў на тых волатаў зверху і пагарджаў іх вялікасцю.
   Вандруючы ў самы поўдзень, калі была наймацнейшая спякота, я сеў пры дарозе на траву, каб адпачыць у засені бярозы. Нехта хітры ішоў дарогаю. Я здалёк убачыў у ім атрутную кроў; ён не ашукаў мяне, хоць набліжаўся ў абліччы вужакі, хаваючыся сярод хмызняку і травы. Надзея яго падманула, бо ўжо і я быў таксама ў вобліку змяі: глянуў мне ў вочы, але не мог вытрымаць майго позірку: кінуўся ў хмызы і схаваўся ў гушчары лесу.
   Доўгае апавяданне атрымалася б, каб табе пералічыў усе постаці, якія неахвотна і з болем мусіў браць на сябе, блукаючы па вёсках, гарадах і мястэчках.
   Калі ў багатых дамах гарэла святло, гучала музыка і вясёлыя забавы, перадавалі з рук у рукі келіхі, а пад саламянаю страхою селянін у галечы, галодны, падымаў да неба замглёныя слязьмі вочы, я ў абліччы звера хаваўся ад залеваў пад галінамі густое яліны, слухаючы, як вецер шумеў у цёмным лесе.
   Бачачы гэтыя перамены ў маёй натуры, некаторыя мяне не зразумелі, называлі неспакойным і дзікім.
   – Ціха... чуеш галасы? Крычаць: “Воўк! воўк!” Яны ўбачылі мяне – я ў постаці воўка – стрэляць хутка. Бывай! Я схаваюся ў лясных нетрах і пакіну назаўсёды гэты край.
   Там, куды ён пабег, пачуўся шум галін, а я думаў, седзячы, пра тую яго гаворку, як пра дзіўны сон. Прыйшоў мой таварыш.
   – Ужо сонца нізка, – кажа, – час каня запрагаць. Паедзем далей.
   – Ці бачыў ты ля мяне каго-небудзь?
   – Тут не бачыў нікога, – адказаў ён, – а бачыў – толькі вельмі далёка – хтосьці хутка прабег па гары. Не ведаю: ці звер, ці чалавек.
   – Гэта, пэўна, той самы незнаёмы, – сказаў Завальня, – пра якога спрачаліся і была бойка ў карчме.
   – Пэўна, ён. Сапраўды Пакутны Дух. Едучы цэлую ноч, я не мог ні на хвіліну пра яго забыць і, думаючы, нязменна бачыў яго перад сабою ў размаітых абліччах.
   Успамінаў спрэчкі, якія чуў у карчме, лаянку і розныя думкі пра незнаёмага чалавека. Такія вось заўсёды абгаворы людскія! Аднаго пахваламі ўзносяць да неба, другога пераследуюць, называючы гультаём і нягодным чалавекам. Адзін толькі Бог справядлівы суддзя: прыйдзе канец свету, тады ўбачаць, хто як жыў і чаму перакідваўся ў розныя постаці.
   – Апавяданне пана Францішка, – сказаў Латашэвіч, – смутак наводзіць; крый
   Божа мець такі характар. Чулы чалавек ніколі не будзе спакойны і шчаслівы.
   – Усе яго апавяданні такія, – сказаў дзядзька. – Памятаю, апавядаў мне пра аднаго, што называў сябе Сынам Буры і туляўся па цэлым свеце, нідзе не знаходзячы спакою.

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага. Адметнасць алегорыі

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Ян БаршчэўскіШляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Сэнс назвы твора

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Цэнтральная праблема «Шляхціца Завальні...»

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом