Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Маўр - Падарожжа вакол дома
Увага! Поўны змест
Маці вынесла Ірачку на двор. Там, у зацішку, каля сцяны, ужо стаяла яе калясачка. Побач была насыпана гурба жоўтага пяску, а ў ім капашыўся народ, у тым ліку старэйшы брат Ірачкі шасцігадовы Арсенька.
Ірачка ўжо драмала, і маці адразу палажыла яе ў каляску. Закрыла яе як мае быць, засланіла ад сонца і сказала Арсеньку:
— Наглядай за Ірачкай, я іду ў хату. Чуеш?
Арсенька ў гэты час рабіў гараж для сваёй трохтонкі. Вядома, што пры такой важнай справе ён зусім не звярнуў увагі на новае адказнае даручэнне, але сказаў:
— Чую.
Маці пайшла ў хату. Арсенька дабудоўваў гараж. Ірачка спала. Усё было ў парадку, як і ўчора і пазаўчора. Арсенька быў спакойны, і маці не трывожылася.
Магчыма, і гэты дзень прайшоў бы спакойна, але на тую бяду нейкім чынам заблудзіў у гэты раён вялікі, тоўсты чмель. Як ён сюды трапіў — невядома. Па суседству былі дрэвы, агароды, лапухі і розная іншая зеляніна, а ён чамусьці ўпёрся ў сцяну вялікага трохпавярховага дома. Трэба думаць, што чмель гэты быў трохі дурнаваты; гэта відаць яшчэ і з таго, што ён гвалтам праціснуўся пад марлю ў каляску да Ірачкі і давай там гусці страшным, тоўстым голасам.
Ну вядома, ад такога тоўстага чмяля з такім тоўстым голасам прачнулася б і сама мама, а пра Ірачку і казаць няма чаго. Але ёй так не хацелася расплюшчваць вочы!
Аднак гэты гудач рабіўся ўсё больш і больш нахабным: ён гудзеў то ў адно вуха, то ў другое, нават загудзеў у нос.
Нічога не зробіш — прыйшлося расплюшчыць свае сінія вочы. Тут Ірачка і ўбачыла, што над ёю мітусіцца нешта чорнае, вялізнае, калматае. Пакуль яно мітусілася там недзе высока, Ірачка толькі з цікавасцю сачыла за ім. Але чмялю, мусіць, здалося, што пад ім з’явіліся дзве сінія кветкі, і ён захацеў апусціцца на іх.
Ірачка крыкнула, замахала рукамі, адсунула марлю і апынулася пад чыстым небам. А чмель знік.
Арсенька нічога не пачуў і не ўбачыў. Будаўніцтва было ў поўным разгары. Толя, засопшыся, будаваў сабе дом. Дзіма стараўся зрабіць крэпасць. Ліля будавала тэатр. А Валодзя капаў нейкае падземнае сховішча.
Ішоў міма нечы тата і спытаўся:
— Ну, будаўнікі, што вы тут пабудавалі? Вось, скажам, гэтая будыніна што азначае?
Гэта была Арсенькава будыніна.
— Гараж! — з гонарам адказаў Арсенька.
— Ой, які выдатны гараж! — сказаў дзядзька і ступіў нагой на прыступку ганка, а пакуль ступіў другой нагой, то і забыўся, што ён тут бачыў, пра што пытаўся і што яму адказалі. А між тым яго словы не прапалі дарэмна.
— I ў мяне таксама гараж! — крыкнуў Толя.
— I ў мяне будзе гараж! — далучыўся Дзіма.
— I ў мяне гараж!..
— I ў мяне...
У той жа міг і дом, і тэатр, і крэпасць, і падзямелле ў вачах будаўнікоў адразу ператварыліся ў гаражы. Нават дакрануцца да іх не прыйшлося. Вось што значыць шчыра захацець!..
Але нядоўга яны цешыліся сваімі дасягненнямі. Раптам над іх галовамі пацямнела неба, нешта вялізнае шаснула на іх, і на гаражы пляснулася... Ірачка!
Што тут пачалося — апісаць немагчыма. Ірачка, вядома, заплакала як магла, але больш ад страху, чым ад болю: гаражы дапамаглі ёй прызямліцца досыць мякка. Арсенька заплакаў ад таго, што гараж загінуў. Ліля заплакала таму, што каляска досыць балюча стукнула ёй па галаве. Толькі Дзіма з Валодзем смяяліся над перакуленай каляскай. Неспадзявана засмяялася і сама віноўніца няшчасця.
Гэта паслужыла сігналам да агульнага супакаення. Каляску паставілі на колы, Ірачку паставілі на ногі і прыступілі да аднаўлення гаражоў. Арсенька, як адказны за сястру, хацеў быў увапхнуць яе назад у каляску, але атрымаў такі адпор, што вымушаны быў пакінуць яе на волі.
Такім чынам Ірачка заваявала сабе свабоду, якой да гэтага часу не мела. Палову свайго жыцця яна правяла са звязанымі рукамі і нагамі. Калі ж яе вызвалілі ад путаў, то ўсё роўна не давалі магчымасці пасунуцца, куды яна хоча,— так увесь час і трымаліся за яе. Нават пасля таго, як яна стала на свае ўласныя ногі, і тады яна не мела свабоды: куды ні ступіць, што ні зробіць — усё нельга, усё не так.
На гэты раз сітуацыя для Ірачкі склалася вельмі ўдала. Адзіны чалавек, які меў на яе мандат, адступіў і заняўся сваёю справай. Больш не было каму крычаць на яе: «Нельга! Ідзі сюды!» Яна стала сапраўды вольнай, і ёй вельмі захацелася закрычаць. Яна напружылася, уцягнула ў сябе паветра, нават прысела і так крыкнула, што каб гэта зрабіў які трыццацігадовы дзядзька, гэта значыць, у трыццаць разоў мацней, то аглушыў бы ўвесь дом. Але, на шчасце, ніякі дзядзька так крыкнуць не мог бы: у яго не хапіла б для гэтага ні жыццёвай сілы, ні шчасця, ні жадання. А крык Ірачкі аглушыў толькі яе самую.
Куды ж цяпер накіраваць сваю энергію? Відаць, самае цікавае месца ўсё ж такі там, дзе Арсенька і іншыя дзеці. Яны ж нешта там робяць, капаюцца ў пяску. Чаму ж ёй не пакапацца?
Ірачка падышла і таксама запусціла руку ў пясок. А ён, як жывы, выслізгваецца паміж пальцаў. Цікава!.. Схапіла яшчэ раз, потым пусціла ў ход другую руку — пясок рассыпаецца, уцякае; яна стала больш яго хапаць, падкідаць — ён закружыўся ў паветры, дух захапіла ад радасці... Яшчэ, яшчэ!..
Але тут пасыпаліся з усіх бакоў пратэсты:
— Ай, вочы засыпала!.. Дом разбурыла!.. Ідзі адсюль!.. Не перашкаджай!.. Нельга!..
Тады і Арсенька ўспомніў, што ён нясе за Ірачку адказнасць, і прыняў суровыя меры: узяў яе ручкі, ачысціў ад пяску, потым ціхенька пляснуў па кожнай руцэ і, пераймаючы дарослых, сказаў:
— Нельга! Нельга!
Зноў гэтае вечнае «нельга». Самі гуляюць, а ёй — нельга. Дзе ж справядлівасць? Губы яе ўжо скрывіліся, каб заплакаць, але ў гэты момант Ліля прынесла коціка і захацела пасяліць яго ў сваім пясчаным палацы. Плач прыйшлося адкласці на потым. Хто ж гэта будзе плакаць, калі тут побач жывы коцік? Коцік нізавошта не захацеў лезці ў палац, і прыйшлося яго пакінуць у Лілі на каленях.
Нястрымная сіла пацягнула Ірачку да коціка. Працягнуўшы рукі і балбочучы «дай, дай», рушыла яна прама цераз усе пабудовы. Правай нагой знішчыла гараж, левай — разбурыла тэатр, потым спатыкнулася, павалілася і сваім целам зруйнавала ўсё, што яшчэ ўцалела.
Крыкі абурэння аглушылі Ірачку. Нехта штурхануў яе ў бок, другі пацягнуў за нагу, а тут яшчэ пяску ў рот набралася. На гэты раз прыйшлося заплакаць як мае быць. I тады ўсе праціўнікі адразу перасталі на яе крычаць, пачалі супакойваць, лагодзіць, прасіць, каб яна перастала плакаць. Ліля падняла яе, ачысціла твар, адвяла ўбок, падала ў рукі коціка. Перамога была поўная, і Ірачка перастала плакаць.
Але новая бяда — здабыча не па сілах. Гэта толькі так гаворыцца — коцік, а сапраўды гэта быў добры кот. Для Ірачкі ён быў такім жа цяжарам, як для нас з вамі, скажам, сярэдніх памераў тыгр. Паспрабуйце патрымаць яго!
Калі яна ўхапіла яго пад пахі, то заднія ногі валакліся па зямлі. А калі яна яшчэ пераступіла нагой, то наступіла кату на хвост. Вядома, кот не захацеў цярпець такіх здзекаў і вырваўся на волю.
Як пры кожнай непрыемнасці, Ірачка зараз жа нарыхтавалася плакаць, але плакаць чамусьці не хацелася. Наадварот, лягчэй і лепей зрабілася, калі такі груз зваліўся з рук.
Тады яна задумалася. Вось сонца свеціць — і добра, што свеціць. Дрэвы стаяць вялікія-вялікія — і добра, што стаяць. Нейкае стракатае адзенне вісіць на вяроўцы — вельмі добра, што яно тут вісіць. Верабей апусціўся ля самых ног і давай скакаць — гэта ўжо зусім добра. Ён куды меншы за ката, трэба было б яго злавіць. Яна памкнулася за ім, а той на яе аніякай увагі не звяртае: скача сабе побач, нібы тут ніякага чалавека няма. Нахілілася Ірачка, каб узяць яго ў рукі, а ён — скок, скок! — і пасунуўся далей. Яна за ім, зноў нацэлілася, а ён зноў далей скача. Здзекуецца ды і годзе! На тую бяду яшчэ і нага трапіла ў ямку. Ірачка захісталася, замахала рукамі і, каб не паваліцца носам, пастаралася хуценька сесці.
Аднак гэта была ўсё ж такі вымушаная пасадка, значыцца, трэба выказаць сваё нездавальненне плачам. Але спачатку трэба паглядзець, ці ёсць для каго плакаць. Мамы няма, Арсенька сядзіць далёка і не глядзіць на яе, ды і наогул ніводнага чалавека навакол няма — каму ж тады плакаць? Не, няма ніякага сэнсу пачынаць, бо ніхто не падыдзе, не пашкадуе, не памілуе, толькі дарма слёзы будзеш ліць.
Лепш не траціць часу і ісці далей. Устала, ступіла пару крокаў, глядзіць — у траве нешта бялеецца. Так выразна бялеецца, што прайсці міма ні ў якім разе нельга. Нахілілася, падняла — цудоўная рэч: кавалак шкарлупіны ад яйка! Толькі надта крохкі, адразу пераламаўся напалам. А які ён на смак? Таксама нічога добрага ды яшчэ колецца ў роце. Прыйшлося выплюнуць.
Што ж цяпер рабіць? Перад Ірачкай увесь вольны свет, ідзі куды хочаш, ніхто не перашкаджае. Не часта здараюцца такія выпадкі ў жыцці аднагадовага чалавека, трэба спяшацца, трэба абысці і агледзець гэты свет.
Дзеці, пясок і іншыя непрыемнасці засталіся ззаду. Перад ёю вялікі, шырокі шлях, які вядзе кудысьці на край свету. З левага боку — дрэвы, з правага — усё засланяе тая самая сцяна. Там далёка відаць яшчэ другі ганак, і каля яго нехта капошыцца. Хто там капошыцца і што ён там робіць? Ірачка парашыла высветліць гэтае пытанне на месцы.
Толькі выправілася яна ў той бок, як на гарызонце паказаўся белы матыль. Ляцеў ён насустрач вельмі нязграбна, нібы крылы ў яго былі чужыя, прывязаныя. Гэтак віхляючы, ён праляцеў ля самага вуха, а Ірачка следам за ім паварочвала галаву ўсё больш і больш назад і, нарэшце, так закруцілася, што не магла ўжо ўтрымацца на нагах і ледзь не павалілася на спіну. Але ў самы апошні момант ёй удалося ўсё ж сесці. Яна зразумела, што тут ніхто не вінаваты, і не заплакала, а, павярнуўшыся набок, стала падымацца галавой уніз. I тут убачыла, што па зямлі нешта нейкае паўзе. Чаму паўзе? Куды паўзе? Як паўзе? I, нарэшце, хто такі паўзе?
Вядома, такіх дакладных пытанняў у яе галаве не было, але ўсёй сваёй істотай дзяўчынка імкнулася разгадаць гэтую загадку. Яна працягнула была руку, але дакрануцца пабаялася. А калі тое папаўзло прама на яе, то Ірачка задам-задам пачала адсоўвацца і, нарэшце, закрычала.
На шчасце, ішла міма нейкая цётка і ласкава сказала:
— Чаго плачаш, Ірачка? На табе пячэнне.
Узяла Ірачка пячэнне, пакруціла ў руках — і ў рот. А што тое паўзло на яе, яна ўжо і забылася, хоць яно падпаўзло ўжо пад яе нагу.
Раптам збоку пачуўся страшэнны крык:
— Ку-ка-рэ-ку!
Уздрыганулася Ірачка і замерла, выставіўшы наперад руку з пячэннем. Ля яе стаяла дзіўнае стварэнне на дзвюх тонкіх нагах, з вялізным пышным хвастом і з маленькай, але строгай галавой. Ірачка прыпомніла, што недзе некалі яна яго бачыла, таму не вельмі спалохалася.
Стварэнне стаяла, схіліўшы набок галаву, і адным вокам хітра пазірала на Ірачку. А потым паціхеньку стала набліжацца да яе. У Ірачкі сціснулася сэрца. Гэтае страшыдла было вышэй за яе і глядзела на яе зверху ўніз. А потым як дзюбане пячэнне! Яно пакацілася на зямлю, а страшыдла пачало крычаць:
— Ко-ко-ко!..
На гэты крык аднекуль прыбегла яшчэ некалькі такіх стварэнняў, толькі крыху меншых. Ірачка закрычала зусім шчыра, але надоўга расплакацца не паспела: яе захапіла гульня, якую распачалі «цыпы». Адна схапіла пячэнне і пабегла, іншыя пусціліся яе даганяць. Потым другая схапіла і стала ўцякаць. Так яны ўсе гуртам пабеглі далёка-далёка і зніклі за домам.
Зноў стала ціха і спакойна. Але свет зрабіўся нейкім не такім цікавым. Не хацелася падымацца з зямлі, не хацелася нікуды ісці. Чамусьці ўспомнілася ранейшае жыццё: як калісьці каля самага носа кружылася і гуло нешта вялікае і чорнае, як Ірачка ляцела аднекуль уніз, а навакол шумелі дзеці, як яна сядзела ў мамы на руках і ёй было добра-добра... Мама! Дзе ж мама? Ірачка так даўно яе не бачыла. А як хочацца да мамы! Так хочацца, што ўсярэдзіне пячэ. I плакаць вельмі хочацца...
Ірачка трывожна пачала азірацца навакол: ці не відаць дзе мамы? Няма яе! I наогул на свеце нічога цікавага няма. Гора навалілася на Ірачку, слёзы самі пакаціліся з вачэй, і яна жаласна, працягла закрычала:
— Ма-а-ма-а!..
Раптам, нібы у адказ, наперадзе пачуўся зычны крык:
— Ур-ра-а!
Глянула яна, а там далёка, ля другога ганка, дзе раней варушыўся адзін чалавечак, цяпер скачуць, крычаць і махаюць рукамі двое. Самае галоўнае — вельмі пацешна скачуць. А хто ж будзе здалёк спакойна глядзець, як скачуць?
Ірачка паспешна павярнулася на бок, упёрлася рукамі ў зямлю, паказала свету свае запэцканыя штонікі і стала на ногі. Дарога была вялікая. Трэба было перабірацца цераз вялікія равы і ўзгоркі, якія перасякалі двор наўскасяк, потым прайсці поле, выйсці на сцежку і па беразе рачулкі дайсці да тых, што скакалі.
А скакалі яны нездарма: яны перагарадзілі плацінай раку, прыладзілі бутэльку з адбітым дном і пусцілі ваду праз рыльца. Вынік быў такі эфектны, што мог бы ўскружыць галаву не толькі нашым будаўнікам, а і кожнаму добраму чалавеку.
Але Ірачка была не такая лёгкадумная, як яны. Яна не заскакала, нават доўга не глядзела, а адразу ж захацела дазнацца, у чым тут справа. Яна ступіла ў ваду і нацэлілася ўхапіць бутэльку за рыльца. Тады зноў пачалася старая, прыкрая гісторыя: пачуліся крыкі — «Нельга! Нельга!» — хлопчыкі ўхапілі яе за плечы і пачалі адцягваць ад пабудовы. I каторы раз усё тое самае «нельга»! Гэта, нарэшце, можа вывесці з цярплівасці самага спакойнага чалавека!
На гэты раз Ірачка забунтавала, заўпарцілася, а калі ўбачыла, што ёй не хапае сілы справіцца з двума мужчынамі, узяла ды і села ў ваду. Тады хлапчукі адчапіліся ад яе і пачалі вельмі смяяцца. Ірачка зразумела, што яна зрабіла нешта вясёлае, цікавае, і таксама засмяялася, гледзячы ім у вочы. А каб яшчэ больш дагадзіць такім вясёлым хлапцам, пачала рукамі пляскаць па вадзе.
Аднак хлапчукі схамянуліся, што выходзіць нешта нядобрае, і кінуліся выцягваць яе з вады. Тады Ірачка пусціла ў ход моцную сваю зброю — шчыры плач. Аднак і гэта не дапамагло: яе ўсё ж такі выцягнулі і адвялі далей. Нагаварыўшы ёй розных лішніх слоў, хлопчыкі вярнуліся да сваёй пабудовы.
А Ірачка засталася стаяць, мокрая, збянтэжаная, пакрыўджаная. Зноў свет зрабіўся нямілым. Зноў захацелася бачыць маму. Але гэтае шчасце было такім далёкім, недасяжным: яна цяпер адна-адна ва ўсім свеце...
Сонца моцна грэла яе мокрае адзенне, ёй зрабілася цёпла, прыемна. I плакаць ужо не хацелася. Але яна без слёз цягнула сваё «а-а», каб паказаць усім, што яна пакрыўджаная. Разам з тым яна зацікавілася новым краявідам, які адкрыўся перад ёю. Яна цяпер стаяла ўжо каля другой сцяны дома. Наперадзе былі шырокія вароты, далей горы — і больш нічога.
Дарослыя лічылі гэтыя горы рэшткамі разбураных будынкаў, а за імі бачылі нават панараму горада, але Ірачка нічога гэтага не бачыла.
Калі двор для Ірачкі быў больш-менш знаёмы, то гэтая частка свету была для яе новай. У Ірачкі зноў абудзіліся цікавасць, энергія і жаданне даследаваць невядомы край. Яна пакінула плакаць, ступіла крок, але тут успомніла, што яна пакрыўджаная, і ціхім, абыякавым голасам завяла — «а-а-а». Аднак нічога з гэтага не выйшла, і яна зусім супакоілася.
I вось яна адна на вуліцы, вольная, як птушка. За ёй зноў такая самая сцяна, як на двары, перад сцяной дротавы плот, а паміж плотам і домам — зараснік. Там цёмна, страшнавата. А вуліца была хоць і вузенькая, з глыбокімі каляінамі, але ішла так далёка ў абодва канцы, што ў Ірачкі дух захапіла. I ціха было тут, бо мала хто хадзіў і ездзіў па гэтым былым завулку.
Ірачка рушыла ў дарогу па каляіне, нібы па якім яры. Па зямлі цягнуліся доўгія прыгожыя палосы з рысачкамі, ямачкамі, пагорачкамі, як фіранкі на акне. Ёй захацелася пакратаць гэтыя пагорачкі, і яны раскрышыліся пад рукамі. У другім месцы яна знайшла саломінку. Гладкая, круглая, а ў сярэдзіне дзірачка. Але як толькі яна пачала калупаць зямлю гэтай саломінкай, тая і паламалася. Крыўдна, што на свеце бываюць такія непрыемнасці. Але, на шчасце, на змену трапіўся добры каменьчык, а потым нават цэлы жалезны крук.
Матэрыялу для даследчай працы было столькі, што Ірачка не мела часу наглядаць мясцовасць і прыроду. Не звяртала яна ўвагі на людзей, што зрэдку праходзілі па дарозе. Раптам ззаду пачуўся грукат, а потым гудкі. Ірачка азірнулася і ўбачыла машыну. Ну, такой штукай яе не здзівіш! Колькі разоў на двары былі машыны, колькі разоў яна сама круцілася побач, сваімі ўласнымі рукамі дакраналася да машыны, нават была ў сярэдзіне, а Арсенька нешта такое рабіў, што машына гукала. I гэтая машына гукае, нібы хоча пацешыць Ірачку. Нават спынілася дзеля гэтага. Ну што ж, вельмі добра, можна і паслухаць. А тут яшчэ пачуўся гудок ззаду — другая машына стаіць і гудзе! Пацеха дый годзе! Не ведала Ірачка, што тут так цікава.
Раптам з машыны высунуўся адзін дзядзька і стаў махаць ёй рукою. Ірачцы гэта спадабалася, і яна засмяялася яму. Відаць, дзядзьку гэта спадабалася, бо ён вылез і падышоў да яе. Цяпер Ірачка ўбачыла, што дзядзька не такі ўжо добры і вясёлы. Ён сурова нешта сказаў ёй, а потым узяў пад пахі і панёс. Жах ахапіў Ірачку: куды ён нясе яе? Што з ёю будзе? Але не паспела яна крыкнуць «мама!», як апынулася за сеткай, каля дома. А машыны раз’ехаліся.
Усё гэта здарылася так хутка, так нечакана, што Ірачка разгубілася і не ведала, што ёй далей рабіць. Плакаць — нібы позна ўжо, ісці назад на вуліцу — не хочацца. Трэба тады даследаваць пушчу, што была паміж домам і плотам. Тут ляжалі чорныя дошкі ад ранейшага тратуара, а па баках стаяў зараснік. Дарога па гэтых дошках была самай цікавай з усяго сённяшняга падарожжа. Высокія сцяблы ўздымаліся вышэй галавы, паміж імі — таямнічыя, цёмныя куткі, а то часам адкрыецца светлая палянка. Вакол лятаюць вялізныя матылі, гудуць мухі, жукі. А вунь у гушчары мільгануў звер, падобны да таго коціка. У другім месцы пачуўся шолах і галасы. Ірачка прыпынілася, угледзелася. А там капошацца тыя «цыпы», што адабралі пячэнне. Сэрца б’ецца мацней ад хвалявання, Раптам як скокне перад ёю нейкі камяк. Спачатку ёй здалося, што гэта той самы верабей, а калі прыгледзелася, то ўбачыла, што гэта нешта зусім іншае: брыдкае, з вялікай галавой і пукатымі вачыма, і ў яго ёсць рукі і ногі з пальцамі. Ірачка скамянела. А тым часам камяк зноў скокнуў і знік у гушчары.
На гэты раз усё скончылася шчасліва. Але хто яго ведае, што можа яшчэ здарыцца ў гэткай краіне? Трэба хутчэй выбірацца адсюль. Ірачка паскорыла крокі і праз некаторы час выйшла на адкрытае месца. Тут сцяна зноў заварочвала ўбок. Супраць яе стаялі зусім ужо велізарныя дрэвы, якія ўздымаліся да самага неба. А між дрэў рассцілаліся шырокія зялёныя прасторы. За тым вуглом чуліся дзіцячыя галасы. Часам адтуль выбягалі дзеці і зноў хаваліся. Выбягаў і Арсенька. Ірачка ўзрадавалася, крыкнула, але ніхто яе не пачуў і не заўважыў.
I тады Ірачцы зрабілася сумна-сумна. Больш ужо нішто не цікавіла яе. Хацелася толькі аднаго: быць там і ўбачыць маму, якую яна немаведама калі бачыла.
Але дарога была вялікая. Самае ж галоўнае — спачатку трэба перабрацца цераз шырокі і глыбокі роў, у які нават глянуць страшна. I ніхто да яе не прыходзіў — ні мама, ні Арсенька.
Ну, Арсенька яшчэ сяк-так, але ж чаму мамы няма? Ірачка так хоча, каб тут была мама, а яе чамусьці няма. Хіба так можна жыць на свеце? I такая крыўда ўзяла Ірачку, што яна заплакала ўжо для самой сябе — ціхенька, горка, з вялікім болем у маленькім сэрцы.
Але, як вядома, плачам гору не дапаможаш. Калі стала лягчэй на сэрцы, яна пачала меркаваць, як перабрацца цераз гэты роў. Апусцілася на зямлю і, чапляючыся за траву, спусцілася на дно. А як стала там на ногі, то галава яе была роўна з берагам ямы. Да таго ж на дне было вільготна. Цяпер ужо зусім непрыемна зрабілася, і тады яна заплакала для людзей — моцна, настойліва. Крычала доўга, аж галава разбалелася, пакуль не ўбачыла над сабой Арсеньку і Лілю...
Канец дарогі ёй не прыйшлося ісці: Ліля з Арсенькам панеслі яе і зноў палажылі ў каляску. На гэты раз Ірачка не супраціўлялася. Нічога ёй не хацелася, толькі спаць, спаць... I заснула так, што цяпер і дзесяць чмялёў не разбудзілі б яе.
Калі выйшла маці ды паглядзела на яе, то задаволена сказала:
— Во як спіць! Цэлая гадзіна прайшла, а яна, відаць, і не паварушылася. Няхай спіць на здароўе!
Не ведала яна, што не гадзіна прайшла для Ірачкі, а цэлы год...
1947 г.
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Стасева падарожжа
Пераказы → Кругасветнае падарожжа
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Падарожжа