Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Лучына - Стары ляснік
− Паночку, даражэнькі, дай пораху крышку,
Калі маеш увагу на старога Грышку!..
От ліха наляцела! прыйшло на астатак:
Найлепшае заўчора з нашых жарабятак
Мядзведзь − падла... ды каб жа ваўкі яго з'елі! −
Задушыўшы ў лесе, кінуў каля елі!..
А Божа ж мой!, от быў бы конь цераз два годы,
А цяпер што? − нічога акром адной шкоды!
Дай пораху, паночку! −
Так стары, чуць жывы
Прасіў пана даўнейшы са двара мыслівы.
− Што ж тут порах паможа?
− Каб раз здох маруха,
Яго я пачастую са стрэльбы у вуха!
− Чы ты, Грышка, звар'яцеў?
− Не! − дзякаваць Богу!
− Як жа ж ты на мядзведзя?.. Ледзьве цягнеш ногі,
Як бы ў ліхаманцы, скачуць табе рукі.
− I сам я гэта знаю... Калі ж плачуць ўнукі,
Ды й гоманам вялікім поўна наша хатка.
Каб пан відзеў, якое было жарабятка!
I доўга, й шырока, і крэпка у карку,
Сама гэты конь быў бы нам у гаспадарку!..
Не дарую!., мядзведзю павыцягну жылы!
Каб не меў я спакою і сярэдзь магілы,
Калі будзе без кары то насенне ўражжа!!!
Чы ён мне шкуру злупіць, чы сам, шэльма, ляжа!
− Ды ты ж хіба са стрэльбай даўно не меў дзела?
− Лет з пятнаццаць, як старасць маю сілу з'ела!
− Што ж цяпер ты ўздумаў? − ты ж старэй ад хрэна,
Страляючы, не ўцэліш і ўкапу сена.
− Скуль пан знае?.. Аднача ж я лічу на гэта,
Што маруху патраплю перавесць са света.
Не глядзі, пан, што гарбом мне сагнула спіну;
Вымяркую ў вуха чы ў лоб, ў серадзіну!
− Ды ты хіба сягоння блёкату аб'еўся?..
Куды ж розум даўнейшы у цябе падзеўся?..
Мерыш сілы старый Бог знае якой мерай!
− Дай пораху, паночку, бо пайду з сякерай!
− Ось мы лепей іначай гэту скончым справу:
На мядзведзя скора устроім аблаву!..
− А, крый божа! не трэба, паночку, не трэба!
Ён уцячэ з аблавы!.. Не скаштую хлеба,
Спаць не буду, пакуль жа не заб'ю маруху,
Паку ль чорну на зямлю не выпушчу юху,
Пакуль шкуру ў нашай не развешу хаце:
Ось! − гэта для вас, дзеткі, па нашай утраце.
Ён уцёк бы з аблавы, як піць даць, паночку.
Да жарабятка прыйдзе на трэцюю ночку,
А я і прыпільную!!!
− Проста жаль старога!..
Слухай, Грышка! − каб дзеткі не плакалі многа,
Дарую жарабятка ад сівой кабылы!..
Бяры й успакойся!
− Да самай магілы
Буду Бога за вас прасіць, ясны пане!..
Каб вам і вашым дзеткам даваў панаванне
За вашудля нас, бедных, добрую натуру,
Ды й пану ж ад мядзведзя прывалаку шкуру.
− Як та шкуру? − якую?..
− Ды з яго, халеры,
Жаль бо нейкі вялікі еў мяне без меры,
Яго я звесці кляўся, пакляўся на душу...
Дык і слова прад Богам стрымаць цяпер мушу...
− Гм!.. а стрэльбу чы маеш?
− Ёсцека у клеці; −
Учора трошкі правіў, папсавалі дзеці,
Але стрэліць − нічога!.. я знаю старуху,
Яшчэ раз мне паслужыць!.. будзе гад без духу!
− Ты лепей гэты штуцэр на! бяры ад мене!
− Не, паночку, не трэба!.. кажу на сумленне,
Не умею я з панскай... лепей з сваёй плясну,
Але будзь, пан, спакоен! − як у свечку ясну!
− Казёл ты! больш нічога!.. Усе вы такія!..
На порах!.. дый няхай жа сам Бог цябе крые! −
Назаўтра яшчэ з лесу не ўзглянула сонца,
Пан праснуўся, падняўся, паглядзеў у аконца;
Глядзь! − а Грышка са стрэльбай сядзіць ўжо на ганку:
− Па мядзведзя да лесу пашлі, пан, хурманку.
Похожие статьи:
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Палясоўшчык
Янка Лучына → Творчасць Янкі Лучыны
Пераказы, дыктанты → У мядзведжай бярлозе