Што я мужык, усе тут знаюць,
І, як ёсць гэты свет вялік,
З мяне смяюцца, пагарджаюць, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Не ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І свята рэдка калі знаю, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век без хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Не маю грошы на патрэбу, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, –
Працую, як той вол рабочы, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен – сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я без доктара лячуся, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, свет пакінуць, –
Бо я мужык, дурны мужык.
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! – бо я мужык!
1905
Похожие статьи:
Уладзіслаў Галубок → Уладзіслаў Галубок - Доля мужыка
Янка Купала → Янка Купала - Пясняр беларускага народа
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Мужык не змяніўся
Ян Чачот → Ян Чачот - Як то добра, калі мужык...
Якуб Колас → Якуб Колас - Мужык і пан