Мінула восень, наступіла зіма. На пачатку снежня мароз скаваў зямлю, схаваў пад лядовым панцырам рэкі і балоты.
Выпаў першы снег. Белым пухам пакрыліся маладыя елачкі і хвойкі.
Раніцаю, калі трохі аддаў мароз, я сабраўся ў лес. Хаваючы ў каўнер кажуха ад сівернага ветру твар, топчучы лыжамі снег, неўзабаве апынуўся на ўзлеску.
У вёсцы, здавалася, снегу не было, а тут ён падаў і падаў, ляцеў зверху наўскасяк.
Наперадзе за кустом ядлоўцу тупаў у фуфайцы і заячай аблавушцы са стрэльбаю распаўнелы, з вялікімі шэрымі вачыма і чорнай заінелай барадой мужчына.
Пачуўся брэх сабакі. Мужчына ўскінуў да пляча прыклад, прыцэліўся. Праз хвіліну раздаўся стрэл, і я ўбачыў, як падскочыў і, як мяшок, упаў на снег заяц.
З дрэў ад стрэлу пасыпаліся пухнатыя сняжынкі, а мужчына засмяяўся задаволена, паказваючы поўны рот залатых зубоў. Яго вочы як у савы зрабіліся, і да зайца заспяшаўся.
Мне стала шкада зайца, змяніўся ў твары, быццам пачаў прыслухоўвацца да нечага забалелага ўсярэдзіне, і павярнуў крута ўбок.
Зімовы дзянёк, што камароў насок. Сонца не паспела падняцца над лесам, а ўжо апускаецца.
Вяртаюся назад, на ўзлесак. Гляджу, ажно ў снезе ямка выкапана, а каля яе вавёрачка сядзіць і шышку лушчыць.
Сунуся нячутна, што цень. Але вавёрачка згледзела мяне, на хвойку скочыла.
Пакуль дастаў з-пад снегу дваццаць шышак і на пень іх паклаў, навокал стаяў шэры зімовы змрок.
Набліжаючыся да вёскі, усю дарогу думаў пра тое, як гэта вавёрачка даведалася, што пад снегам шышкі ляжаць. Капала ямку наўздагад? Але ж звярок выкапаў толькі адну ямку, і як-раз там, дзе шышкі ляжалі. А можа, яна яшчэ восенню гэта месца прыкмеціла?
Аказваецца, пад снегам намнога цяплей, чым на паверхні. Цёплае паветра паднімаецца з-пад снегу наверх і цягне за сабой усе пахі, схаваныя пад снежнай коўдраю. Гэтым і карысталася вавёрачка, шукаючы сабе спажыву.
Узышоў, холадна засвяціў месяц, прыціснуў мароз. Але за вавёрачку я не перажываў. Да шышак на пень я паклаў яшчэ тры акрайцы хлеба.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Першы снег (Паводле X. Лялько)
Юрась Свірка → Юрась Свірка - З першым снегам
Пераказы, дыктанты → Першы снег (Паводле І. Грамовіча)
Якуб Колас → Якуб Колас - Першы снег
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Першы снег