Ужо цвілі ў лесе пралескі. Да вербалозу ляцелі ў разведку пчолы. Навыперадкі спяшаліся з узгоркаў да рэчкі ручаіны.
– Бацяны прыляцелі! – беглі па вуліцы хлапчукі, паказваючы ўсім на старую, амаль без галін, тоўстую вольху, на самай макаўцы якой, на гняздзе, стаялі бусел з бусліхаю.
На ўсю ваколіцу быў чуцен узбуджаны птушыны клёкат. Вечарам усхадзіўся вецер. Ён няўмольна хіліў долу яшчэ голыя кроны прысад, каціўся клубком па вуліцы, гонячы перад сабой счарнелае леташняе лісце, узвіваўся над будынкамі ды калашмаціў вершаліны дрэў. Пайшоў спорны дождж.
Усю ноч стагнала, рыпела старым целам, просячы ў Бога літасці, вольха. А пад раніцу не вытрымала. У дрэва зламалася самая макаўка і ўпала на зямлю разам з буслянкаю.
Не паспела выкаціцца з-за гарызонту сонца, а над зламанай вольхаю кружылася ажно пяць пар буслоў. Потым на гумне дзядзькі Лявона дружна пачалі майстраваць новае гняздо. Насілі на гумно галінкі, сухую траву, мох.
Дзядзька Лявон убачыў такое і кінуўся да суседа.
– Вінцэсь, глянь, што робіцца на свеце! Колькі жыву, такога мае вочы не бачылі, – і ён паказаў на буслоў.
– Ого, братка! – адказаў Вінцэсь. – Буслы – птушкі разумныя. У іх можна многаму павучыцца…
На другі дзень пасля абеду буслы сваю работу закончылі. Памочнікі, развітальна пакружыўшыся над гумном, паляцелі да сябе, а гаспадары засталіся.
І зноў вёску радаваў вясёлы клёкат.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча