Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Галубовіч - Галкі грэюцца

   Падзьмуў паўночны ветравей, нагнаў холаду і неяк раптам, не марудзячы, пачала ўладарна ўлягацца зіма.
   Падшэрхла, зрабілася што бубен зямля. З неба пасыпаўся густы, іскрысты снег.
   Ноччу ўзняўся моцны вецер. Ён шастаў па падворку, скавытаў у коміне печы. За акном лютавала, заходзілася у шалёным танцы завіруха.
   Раніцаю, калі ўзышло сонца, а на марозных шыбах зазіхацелі зорачкі-іскры, я надзеў кажух, зняў з вочапкі на кухні вядро, ступіў на ганак і адразу ж адчуў, як лоб і шчокі апёк пякучы мароз.
   Не чырыкалі, пахаваліся пад страхою вераб'і, толькі над прысадамі ля гасцінца каркала, лятала вялікая чарада галодных варон.
   Паглядзеў на слупок тэрмометра. Ён паказваў мінус дваццаць шэсць.
   Лёд каля студні, хоць і збіваў яго часта, але абліты вадою і вельмі слізкі, ледзь на нагах утрымацца. Пакуль дастаў вядро вады – і пальцы скачанелі.
   Калі адыходзіў ад студні, у веснічках, у зімовым паліто з паднятым каўняром, валёнках і цёплай авечай шапцы паказаўся дзед Пятрок, сусед. Згорбіўшыся, з вядром, ён таксама тупаў да студні за вадою, але раптам спыніўся, паказаў рукою на страху і сказаў:
   – Паглядзі, што галкі вырабляюць...
   Падняў угору галаву і толькі цяпер заўважыў, як над комінам, з якога слупом валіў густы дым, кружыліся тры птушкі. Гэта сапраўды былі галкі.
   Было дзіўна назіраць, як рабілі птушкі над страхою невялікія кругі, і кожны раз, калі яны падляталі да коміна, то абавязкова стараліся праляцець праз дым. Пры гэтым галкі не забываліся шырока распраўляць свае крылы, убіраючы ў цела як мага болей цяпла.
   – На дварэ халадэча, ажно ў дрыжыкі кідае. А яны, разумніцы, бачыш, да чаго дапетрылі. У дыме грэюцца... – гледзячы на галак сказаў дзед Пятрок.
   І я пагадзіўся з ім.

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")