Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Юрка і кот

Юрка рана прабудзіўся.
– Есці дайце мне! – крычыць:
Я ляжаў і зверадзіўся,
Нездароў я – ўсё баліць.
Матка хлеба адламала.
– На, сынок, крыху пажуй.
– Колькі ты дала мне? мала!
– Еш, сыночак, не сярдуй,
Сердаваць няможна: брыдка,
Ты ж вялікі ўжо хлапец:
Паглядзі, якая лытка,
Расцягнуўся, як касец.
– Ты мне сыру дай ці сала!
– Бач, які ты ласунок!
Сала, ведаеш, патала,
Сыр увесь паеў каток.
Юрка тут узбунтаваўся.
Б’е нагамі у сяннік,
На ўсю хату раскрычаўся,
Маме высунуў язык.
– Ах, распуснік! ці ж то можна
Гэтак маму зневажаць?
Матка злёгка, асцярожна
Стала Юрку прабіраць.
– Гэта, мама, я жартую.
Больш не буду, мама, не!
І табе я ўсё дарую,
А ты сыру ўсё ж дай мне!
Як тут з ім не пагадзіцца?
Ну, як хлопцу адказаць?
– Што ж? даволі нам сварыцца:
Трэба сыру Юрку даць.
Юрка есць і разважае,
Да яго прыбег каток
І на Юрку паглядае:
Дай і мне, моў, хоць драбок!
Але Юрка не ахвочы
Катка сырам частаваць.
– Ты чаго уставіў вочы?
Вон пайшоў мышэй ганяць!
Хітры коцік ўсё ж падкраўся
Ды з-за коўдры ўсё глядзіць,
І чуць Юрка зазяваўся –
Цоп за сыр! і ў кут бяжыць.
Юрка плача і сярдуе,
Хоча біць насмерць ката.
Коцік есць і ў вус не дуе,
Не вылазячы з кута.
Потым спінку выгінае,
Хвосцік трубкаю задраў –
І казанне пачынае,
Як ён Юрку ашукаў.
 
[1921]


Крыніца: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911-1938

 

Похожие статьи:

Янка ЖурбаЯнка Журба - Коцік

ПераказыСучасная казка пра бясстрашнае кацяня

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Коцік

Максім ТанкМаксім Танк - Бабка і кот

Артур ВольскіАртур Вольскі - Коцік