Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Сустрэча з ворагам

Увага!!! Поўны змест

   Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Куды яны вядуць? Алёша Найдзёнак – а яму ужо трынаццаць год – не ведае: вельмі ж ужо вялікі гэты лес, непраходны. Па краі ўзгорка ўецца шырокая дарога. Гэты ўзгорак – улюбёнае месца Алёшы. Часта бываў ён тут. Разнастайная музыка, якая звініць па паветраных струнах ранішняй цішыні: далёкія гудкі паравозаў, спеў лясных птушак, суровы рокат самалётаў з суседняга аэрадрому. Добра было тут. А калі яшчэ хлопцы прыходзілі... Так, гэты ўзгорак на ўсё жыццё застанецца ў памяці Алёшы.
   Але цяпер гэта ўсё ў мінулым. Чорнай навальнічнаю хмарай насоўвалася з захаду вайна. Бляскі ад пылаючых гарадоў і мястэчак асвятлялі яе шлях. Смерць, разбурэнне, разбой ішлі разам з нямецкімі зграямі. На святую барацьбу за свабоду, за чэсць роднай зямлі ўзняўся вялікі савецкі народ. Змянілася жыццё ў вёсцы. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Многія пайшлі партызаніць, узброіўшыся тым, што трапіла пад рукі. У глухія лясныя нетры выганялі калгаснікі жывёлу, каб нічога не засталося ворагу...
   Алёша прагна прыслухоўваўся да ўсяго. Расказы аб зверствах немцаў, якія не маюць літасці ні да дзяцей, ні да старых і жанчын, запальвалі агонь нянавісці ў яго маладым сэрцы. Алёша не быў адзінокі. З ім разам заўсёды былі Лёня Навасад, Міколка Шупік, Мікіта Карнавух і іншыя хлопцы.
   Пільна ахоўвалі яны родны калгас. Нішто не абмінала іх увагі. Гэта яны заўважылі, што мост цераз ручай паламаны, і, калі праходзіла цяжка нагружаная ваенная машына, спынілі яе і паказалі, як аб’ехаць. Гэта яны – Лёня, Міколка, Мікітка, Сенька Жалабок ашукалі нямецкага дыверсанта і накіравалі яго ў рукі вясковай заставы.
   Ваенная навальніца насоўвалася. У ясны ліпеньскі вечар наляцелі нямецкія разбойнікі, скінулі бомбы, падпалілі хату рыбака Максіма, забілі яго дачку і спалілі два хлявы.
   ... Ціха апусцілася на зямлю празрыстая летняя ноч. Трывожна брахалі і неяк жаласна і жудасна вылі сабакі. Гэтае ночы ў вёсцы амаль ніхто не спаў. Алёша Найдзёнак расказваў сябрам пра нямецкія танкі. Яны могуць з’явіцца і тут. Але танкі не павінны захапіць знянацку Алёшу.
   I ёй расказаў сябрам аб сваіх планах.
   Раніцай хлопцы прышлі на ўзгорак. Яны неслі з сабой пустыя бутэлькі, шматкі пакулля, бляшанку з бензінам. Усё было прадугледжана і зроблена, як належыць: пастаўлен вартавы пост, выслана разведка. Алёша кіраваў вырабам супрацьтанкавых снарадаў. Разам абмяркоўвалі кожную дэталь. дзе і як прымацаваць пакулле, якое ў рашучы момант трэба змачыць бензінам і запаліць; колькі трэба прывязаць яго ды так прывязаць, каб дно бутэлькі было адкрытым, інакш яна можа пабіцца, стукнуўшыся аб варожы танк. Адну бутэльку з-пад шампанскага забракавалі: налітая бензінам, яна была занадта цяжкая. Затое на ёй практыкаваліся, па чарзе кідаючы яе ў куст, які служыў хлопцам за нямецкі танк.
   – Глядзіце ж, хлопцы, як толькі будзе праходзіць танк, кідайце трапна, так, каб пацэліць у яго верхнюю часць, – узрушана гаварыў Алёша.
   – I запаліць пакулле, кідаючы, – дадаў Мікітка.
   – Гэта ўжо абавязкова. I запалкі каб у кожнага былі. Памятайце:

 

Будзе і для немца
Пуга і ярэмца.
У край чужы без спроса
Не пакажа носа...


   I вось яны гатовы. Але мінуў дзень, а нямецкія танкі не паказваліся. Хлопцы былі нават расчараваны гэтым: ім не цярпелася, яны хацелі папрабаваць сваю сілу і эфект сваіх снарадаў на варожых танках.
   – Як вы думаеце, хлопцы, ці не папрабаваць нам, як будуць дзейнічаць нашы бутэлькі? –запытаўся Алёша.
   Вядома, папрабаваць! Усе прышлі да вываду, што яны нават павінны зрабіць гэта.
   Узялі адну бутэльку, захапілі бензін і накіраваліся ў лес: там, на пагорку ля дарогі, ляжала куча каменняў. Гэта і была мішэнь. Не прайшлі яны і палавіны дарогі, як раптам зоркі Мікітка спыніў сяброў.
   – Глядзіце, што гэта такое?
   У прасвеце паміж дрэў яны ўбачылі нейкую дзіўную рэч, прыкрытую мохам і зялёным галлём.
   – Як быццам шалаш, – сказаў Лёня.
   Ім раптам стала страшна. Хто ж мог паставіць яго тут? Ды і ці шалаш гэта!
   – Гусеніцы! Гэта танк! – усхвалявана зашаптаў Мікітка.
   – Кладзіся! – скамандаваў Алёша.
   Так, гэта сапраўды быў танк. Каля яго нехта корпаўся. З лесу, азіраючыся па баках, выйшаў танкіст. Ён быў зусім непадобны да нашага танкіста. Хлопцы ляжалі, стаіўшы дух. Такога выпадку яны ніяк не маглі прадбачыць.
   – Паўзіце назад, – паціху сказаў Алёша.
   Счакаўшы некалькі хвілін, Лёня і Міколка кінуліся бегчы да вёскі. Яны папярэдзілі старшыню, а самі, захапіўшы бутэлькі з бензінам, паімчаліся назад, стараючыся не разліць іх па дарозе.
   Хаваючыся ў верасе і за разгалістымі дрэвамі, падпаўзлі Алёша, Лёня, Міколка і Мікітка да варожага танка. Ён стаяў нерухома. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Яны падпаўзалі ўсё бліжэй. Алёша падаў знак падрыхтавацца. Як стукае сэрца! Набліжаецца рашучая хвіліна. Па чарзе аблілі пакулле бензінам. Алёша абліваў апошні. Потым ён узняўся, лінуў рэшткі бензіну на высахлую траву недалёка ад танка.
   – Падрыхтавацца, – паціху скамандаваў Алёша.
   Але тут раптам на дарозе загрукатаў грузавік. Два танкісты вышлі з нерухомага танка і накіраваліся да машыны. Гаручае прывезлі. Эх, гады!
   Алёша падаў знак. Успыхнула пакулле, і пылаючыя бутэлькі паляцелі ў танк. Загарэлася трава, якую Алёша раней абліў бензінам. Воблака чорнага дыму ўзвілося над лесам, забушавала полымя. Кінуўшы яшчэ бутэльку ў грузавік, Алёша пабег следам за сябрамі.
   Ззаду чутны стрэлы, нехта крычыць... Ух, як грымнула! Выбух, напэўна. Хлопцы беглі не азіраючыся. Спыніліся яны толькі на ўзгорку, як і дамовіліся. Пазней за ўсіх прыбег Алёша Найдзёнак. Ён усміхаўся, цяжка дыхаючы.
   – На «выдатна»! – радасна сказаў ён.
   На месцы іх сустрэчы з ворагам бушаваў лясны пажар.

1941 г.


Крыніца: Колас Я. Раніца жыцця. – Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, рэдакцыя дзіцячай літаратуры, 1950. – 118 с.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВось дык сустрэча!

Пераказы, дыктантыСустрэча

Іван МележІван Мележ - Сустрэча

Пераказы, дыктантыРадасная сустрэча

Пераказы, дыктантыНечаканая сустрэча