Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Летняя ноч

   Ціха на землю спушчаецца ноч. Усё заціхае. Птушкі перасталі спяваць і дрэмлюць на сваіх седалах. Край неба, дзе зайшло сонца, блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю.
   Тонкія, лёгкія хмаркі афарбаваліся ў залаты колер, усё роўна як абняло іх полымя. Белаватаю пялёнкаю ўздымаецца туман над лугамі і балотамі. А цемната ўсё гусцее і гусцее і закрывае ад вачэй і поле, і лес. Вот узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Чуць-чуць свецяцца ў далёкім небе скрозь цемнату і другія маленькія зорачкі. Вот яны свецяць ярчэй, дрыжаць, пераліваюцца дзіўным бляскам. Кажаны вылецелі са сваіх месцаў, дзе сядзелі яны ўвесь дзень, круцяцца, падаюць наніз, ізноў падымаюцца ўгору і цыркаюць тоненькім піскам. За сялом, на балоце, закрахталі жабы.
   За лесам яснее. Гэта круглы месячык запаліў ліхтарык і свеціць над чорнаю зямлёю. Вось ён падымаецца ўсё вышэй, меншае, бляднее, і маркотны свет яго цэлымі снапамі разліваецца ў цемнаце. Поле, луг, гай і лес, на мінуту перад гэтым схованыя ў цьме ночы, чуць-чуць ясней выступілі сваімі цёмнымі фігурамі.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНачное жыццё

Янка КупалаЯнка Купала - Зімовая ноч

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Сон у лесе

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Ноч

Пераказы, дыктантыВеснавая ноч