Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Летам

Ну ж і волі, волі
У гаі за вёскай!
А цяплынь, цяплынь!
Весела на полі,
Слаўна пад бярозкай,
Хоць ты сядзь-спачынь.
 
Палюбуйся толькі:
Травы, што не збрысці,
Кветак – не злічыць!
Гойдаюцца голькі,
А на гольках лісце
Сонцамі блішчыць.
 
 
Пчолкі, матылёчкі,
Як сняжынкі тыя,
Мільгацяць вакол.
Жоўтыя пясочкі –
Крупкі залатыя,
Хоць бяры ў прыпол!
 
Ды хіба ты ўседзіш
У такой раскошы,
Сярод кветак, траў?
Што там згледзеў Федзя?
Што знайшоў Цімоша
І Дружка пазваў?
 
І ўсе яны трое
Збіліся маўкліва
Шчыльненька ў гурток.
«Ну, што там такое?
Ну, што там за дзіва?» –
Думае Дружок.
 
Нават Коля з сеткай
Стаў, нібы на варту,
І глядзіць на іх.
А лявей над кветкай
Прысядае Марта,
Шчаслівей за ўсіх.
 
Між двух дрэў сястрычка
Браціка за ручку
З кошыкам вядзе.
Мусіць, у сунічкі,
Унь у тыя лучкі,
Брат з сястрой ідзе.
 
Добра Янку ў гаі,
Люба на паходзе
Пагуляць з кашом.
Толькі вось не знаю,
Куды то Валодзя
Рушыў з малышом.
 
А малыш на плечы
Сеў, ды так забаўна,
І глядзіць арлом.
Добры дзень і вечар
Нашым дзецям слаўным –
Цешцеся жыццём!
 
27/V 1939

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШчаслівая ўсмешка лета

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Лета

Пераказы, дыктантыЛетам у бары

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...

Якуб КоласЯкуб Колас - Лета