Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Ядвігіна Ш.
Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) належыць да пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Як беларускі празаік ён дэбютаваў адначасова з Я. Коласам у 1906 г., у газеце "Наша доля". Вынікам творчай працы пісьменніка з’явіліся два зборнікі апавяданняў: "Бярозка" (1912) і "Васількі" (1914), а таксама паэма "Дзед Завала" (1910) і няскончаны раман "Золата" (1922).
У біяграфіі пісьменніка былі вучоба ў прыватнай школе ў доме В. Дуніна-Марцінкевіча ў Люцынцы, Маскоўскі ўніверсітэт і Бутырская турма, куды беларускі студэнт трапіў за ўдзел у рэвалюцыйным руху, былі заняткі медыцынскай і камерцыйнай справай, але галоўнае – праца ў рэдакцыі "Нашай нівы" ў Вільні, у часопісах "Саха" і "Лучынка" ў Мінску і сама літаратурная дзейнасць.
Ядвігін Ш. меў талент навеліста. Яго творчыя дасягненні ляжаць менавіта ў жанрах алегарычнай навелы, лірычнага і рэалістычнага апавядання.
Проза пісьменніка вырастала непасрэдна з фальклору і па сваіх стылявых якасцях мела шмат агульнага з народнай казкай, а першыя апавяданні Ядвігіна Ш. часта ўяўлялі сабою проста літаратурную апрацоўку народных паданняў, казак, анекдотаў ("Важная фіга", "Хлеб", "Суд", "Чортава ласка" і інш.). Пісьменнік пераказвае паданні накшталт мініяцюры "Хлеб", апрацоўвае легенды ("Чалавек"), апісвае камічныя сітуацыі, анекдатычныя выпадкі з жыцця людзей. Так, у апавяданні "Суд" расказваецца пра тое, якія непаразуменні ўзнікаюць і ў якое недарэчнае становішча трапляюць запалоханыя афіцыйнымі прадстаўнікамі ўлады мужыкі з-за таго, што суддзя-немец дрэнна ведае мову, на якой вядзе судовую справу сялян-беларусаў. З цёмнага, неадукаванага мужыка злосна кпяць пан, бывалы салдат або проста прадпрымальны гарадскі чалавек у цэлым радзе ранніх апавяданняў пісьменніка: "Пазыка", "Вучоны бык", "З маленькім білецікам", "Заморскі звер" (апублікаваны ў "Нашай ніве" за 1909 г.). Мужык тут выступае вельмі наіўным і прастадушным.
Дабратворны ўплыў на фарміраванне мастацкага таленту пісьменніка сказала і тое, што са з’яўленнем беларускіх газет "Наша доля" і "Наша ніва", вакол якіх згрунтаваліся сілы беларускай інтэлігенцыі, пашырыліся літаратурныя сувязі Ядвігін Ш., устанавіліся яго асабістыя кантакты з Я. Купалам і Я. Коласам. Я. Купала называе Ядвігіна Ш. у ліку тых пісьменнікаў, што на пачатку літаратурнага шляху заахвочвалі яго да мастацкай творчасці.
Як і ўсе першыя беларускія белетрысты, Ядвігін Ш. на працягу сваёй мастацкай дзейнасці адчуваў моцны ўплыў народнай творчасці. Яго таленту больш блізкім аказаўся сатырычна-гуманістычны струмень у беларускім казачным эпасе. М. Багдановіч у артыкуле "Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры (1912-1913)" называў пісьменніка байкапісцам. І, сапраўды, пераважная большасць алегарычных апавяданняў Ядвігіна Ш. па форме, стылі, па сатырычнай накіраванасці нагадвае байкі ў прозе.
Алегорыі Ядвігіна Ш складаюць лепшую частку яго мастацкай спадчыны. Гэта невялічкія па памеры апавяданні-байкі, разнастайныя не толькі па тэматыцы, але і па эмацыянальнай афарбоўцы. Для іх характэрны то лёгкі гумар, то з’едлівая сатыра, то пранікнёны лірызм.
У байцы "Павук" (1911) злая сатыра накіравана супраць прыгнёту, эксплуатацыі, супраць прыгнятальнікаў, якія жывуць за кошт працоўных. Штуршком да напісання гэтай алегорыі паслужыла знаёмства Ядвігіна Ш. з артыкулам "Павукі і мухі" вядомага сацыял-дэмакрата Вільгельма Лібкнехта. Алегорыя "Павук" зроблена з характэрнай для баек Ядвігіна Ш. мастацкай яркасцю. У сетку з дзіўна і хітра сплеценых павуком ніцей трапіла муха. Павук зрабіў і паставіў сетку так, як гэта рабілі яго дзяды і прадзеды. Аднак цяпер, у новы час, нешта змянілася. Калі раней кожная муха, трапіўшы ў сетку, толькі галасіла, то гэтая ўжо стала і пагражаць павуку. Пісьменнік быў цалкам на баку тых, хто гінуў у бязлітасных "абдымках крывапіўцаў-павукоў". Ён шчыра спачуваў працоўным. Ядвігін Ш. балюча перажываў паражэнне рэвалюцыі 1905-1907 гг., успрыняўшы яго як крах усялякіх рэвалюцыйных здзяйсненняў.
У баечным стылі напісаны амаль усе алегарычныя апавяданні Ядвігіна Ш. У адпаведнасці з асаблівасцямі апавядальнай манеры пісьменнік стварае то гумарыстычную сцэнку, то сатырычную камедыю. Ён старанна выпісвае характары сваіх герояў, пры гэтым карыстаецца баечнымі сродкамі мастацкай тыпізацыі: характары тыповыя, яны пададзены ў складаных грамадскіх узаемаадносінах, аднак не маюць індывідуальных рыс, пазбаўлены рэалістычнай канкрэтыкі, псіхалагізм іх у значнай ступені абагульнены.
Талент Ядвігіна Ш, як сатырыка-байкапісца праявіўся ў алегорыі "Падласенькі" (1910). Па сутнасці гэта невялічкая сатырычная камедыя, у якой надзвычай каларытна выпісаны характары. У творы за празрыстымі алегарычнымі вобразамі і сітуацыямі стаяць рэальныя чалавечыя характары. Падласы – алегарычны вобраз беднага беларускага селяніна, цягавітага, самаахвярнага, які мяркуе, што толькі адукацыя дапаможа мужыку пазбавіцца цемры і галечы.
Пафас сатыры пісьменнік накіроўвае супраць тых сацыяльных умоў, якія нараджаюць ненармальныя грамадскія з’явы. Пісьменнік выстаўляе на суд рэнегацтва некаторых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, з’яву, якая балюча і востра паўстала перад грамадскай думкай у пачатку ХХ ст, у перыяд нацыяльна-вызваленчага ўздыму на Беларусі.
Апавяданні-байкі Ядвігіна Ш. узбагацілі маладую беларускую прозу цэлай гамай сродкаў мастацкай сатыры. Сатырычна-гумарыстычная афарбаванасць апавядання ў Ядвігіна Ш. ствараецца і яркай моўнай характарыстыкай дзейных асоб, і ўменнем паказаць унутраную сутнасць з’явы праз раскрыццё яе знешніх супярэчнасцей.
У апавяданнях-байках Ядвігіна Ш. жывёлам і птушкам адкрыта прыпісваюцца рысы характару той ці іншай групы людзей; героі гэтых алегорый дзейнічаюць як людзі; часам насуперак сваім прыроджаным звычкам. Гэта пашырае выяўленчыя магчымасці твораў, што вельмі важна для пісьменніка-гумарыста, бо камізм сюжэтных сітуацый – адзін з асноўных прыёмаў творчай манеры Ядвігіна Ш.
Ствараючы алегарычнае апавяданне, беларускія пісьменнікі яшчэ не адчувалі пільнай патрэбы ў пашырэнні лексічнага складу мовы. Яны бралі матэрыял для алегарычных вобразаў з сялянскага быту, з прыроды, тэматыка і праблематыка алегорый амаль цалкам былі звязаны з жыццёвымі абставінамі беларускага селяніна. Псіхалагічная ж характарыстыка дзейных асоб у алегарычным апавяданні ў значнай ступені абмежавана ўмоўнасцю самога жанру. Таму развіццё літаратурнай мовы ў прозе на першай стадыі праходзіла не столькі ў напрамку яе лексічнага ўзбагачэння, колькі ўзбагачэння тропамі, іншымі словамі, адбывалася мастацкае асэнсаванне і ўпарадкаванне семантычных змяненняў слова.
Ядвігін Ш – майстар моўных характарыстык. Яго алегарычныя апавяданні – жывы прыклад багатай сінанімічнасці, метафарычнасці беларускай мовы.
Пісьменнік па-майстэрску выкарыстоўвае экспрэсіўныя магчымасці слова. Алегорыі "Варона", "Вяселле" цікавыя тым, што эмацыянальная афарбоўка, сатырычна-гуманістычны эфект ствараюцца ў іх не столькі камізмам сюжэтных сітуацый, колькі з дапамогай экспрэсіўных сродкаў мовы. Тут няма непасрэдных аўтарскіх характарыстык. Героі самі сябе характарызуюць дыялогамі, тымі ці іншымі ўчынкамі, якія вельмі трапна і дасціпна каментуе аўтар.
Сярод алегарычных твораў Ядвігіна Ш. своеасаблівасцю формы вылучаюцца "Дуб-дзядуля" (1909) і "Бярозка" (1910). Іх нельга назваць байкамі, але гэта яшчэ і не рэалістычныя апавяданні. І "Бярозка" і "Дуб-дзядуля" – лірычныя па стылі і змесце апавяданні. Адыход пісьменніка ад сатырычна-гумарыстычнай танальнасці разбурыў форму байкі. Аднак суадносіны паміж адзінкавым і агульным у структуры мастацкага вобраза засталіся па-ранейшаму такімі, якія характэрны для алегорый, хоць галоўныя дзейныя асобы тут людзі, а не прадстаўнікі жывёльнага свету.
У алегорыі "Бярозка" расказваецца пра горкую жаночую долю, пра людскую жорсткасць, але расказваецца своеасабліва, як у народнай сумнай песні – лірычна-ўзнёсла, жаласліва, з мноствам паэтычных параўнанняў, паўтораў, з інверсіямі і без так неабходнай у рэалістычнай прозе канкрэтызацыі чалавечага характару. Мастацкая дэталь не адыгрывае тут той ролі, якую яна павінна адыгрываць у рэалістычным апавяданні, а псіхалагічная абмалёўка вобразаў занадта агульная.
Амаль адначасова з алегарычнымі творамі Ядвігін Ш. піша псіхалагічна-бытавыя апавяданні "Зарабіў", "Шчаслівая", "Гаротная", "З бальнічнага жыцця", "Зарабляюць", "Жывы нябожчык" і інш.
Пісьменнік свабодна і ўпэўнена адчуваў сябе ў жанры празаічнай байкі. Аднак псіхалагічнае апавяданне ўвесь час прыцягвала яго ўвагу магчымасцю больш глыбока адлюстраваць сучасную рэчаіснасць, багатую складанымі грамадскімі супярэчнасцямі, вострымі праблемамі маральнага, сацыяльнага і нацыянальнага характару. І ён спрабуе свае сілы ў жанры рэалістычнага апавядання.
Важкім здабыткам сусветнай літаратуры, творам, класічным паводле сваёй мастацкай завершанасці, можна лічыць апавяданне Ядвігіна Ш. "З бальнічнага жыцця", у якім гісторыя чалавечага лёсу спрасавана да апошніх, фінальных гадзін яго зямнога быцця. Чалавек, які пражыў цэлае жыццё і нёс у сабе вялікі свет пачуццяў і спадзяванняў, цяпер, у казённай бальнічнай палаце, не мае нават уласнага імя: "Нумар 17 канае…". Трагічная ўрачыстасць хвіліны ніяк не стасуецца з бяздумнымі жартамі і бяздушнасцю іншых, якія нават паспяваюць прыкурыць ад святога агню грамнічнай свечкі, якую нясуць паміраючаму. Бяздушнасць навакольнага свету падкрэслівае трагічную адзіноту безыменнага героя, якога нялюдскія абставіны існавання прымусілі быць цярплівым: ён і памірае ў раўнадушна прызначаны яму бальнічным службоўцам тэрмін, каб не турбаваць больш нікога сваёй прысутнасцю. І толькі крывава-жоўтыя лісты асенняй прыроды, заглядаючы ў бальнічную палату праз памутнелыя шыбы, нібы стараюцца зразумець, якая трагедыя толькі што адбылася…
Не менш трагічная гісторыя расказана Ядвігіным Ш. у апавяданні "Гаротная" (1911). На долю Тамашыхі выпалі цяжкія выпрабавані: сірочае дзяцінства, пастаянная нястача, голад, цяжкая праца і, нарэшце, самае страшнае – смерць дзяцей, знясіленых напаўгалодным жыццём і недзіцячай працай. У гэтым апавяданні мы ўжо сустракаемся са спробай раскрыць душэўны стан чалавека, яго адчуванні, прасачыць думкі гераіні. Пісьменнік ужо выкарыстоўвае няўласна-простую мову. Ён ад свайго імя апавядае пра жыццё Тамашыхі, але ў аўтарскае апавяданне часам уліваецца моўная плынь з неўласцівымі аўтару размоўнымі інтанацыямі. Гэта – апісанне падзей і чалавечых настрояў з пункту погляду гераіні, выяўленне светаразумення гаротнай вясковай жанчыны, непісьменнай, забітай і бяспраўнай. Апавяданне "Гаротная" небагатае на знешнія падзеі, але драматызм гэтых падзей глыбокі і хвалюючы.
Раман "Золата" застаўся незакончаным, таму цяжка даць яму ацэнку як цэласнай з’яве. І тым не менш ён вельмі цікавы па сваіх мастацкіх якасцях, як адзін з першых твораў беларускай прозы вялікай эпічнай формы. Калі сыходзіць з таго, што раман – гэта эпас прыватнага жыцця, у цэнтры яго – чалавечы характар у развіцці, станаўленні, лёс чалавека, то ў "Золаце" ёсць усе жанравыя прыкметы рамана. Ядвігін Ш. даследуе ў рамане духоўны свет герояў, спрабуе намаляваць характары. І многае яму ўдаецца. Па-мастацку пераканальна падаюцца ўзаемаадносіны галоўных герояў твора Васіля Дубінскага і Зосі Стрончык. Грошы, багацце, золата – вось тая акалічнасць, якая так заблытала чалавечыя адносіны і прывяла да трагічнай развязкі. Твор Ядвігіна Ш. "Золата" – цікавая з’ява ў ранняй беларускай прозе і з боку насычанасці канкрэтным жыццёвым матэрыялам, і як адна з першых спроб стварэння псіхалагічнага рамана.
У 1910 г. Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару – падарожжа па родным краі. З Вільні пешшу накіраваўся па Ашмянскім тракце, прайшоўшы больш за 400 вёрст, наведаў шмат вёсак, мястэчак і хутароў, пазнаёміўся з рознымі людзьмі. Свае пісьменніцкія ўражанні, грамадзянскі роздум над эканамічнымі і нацыянальнымі праблемамі жыцця беларускага селяніна ён зафіксаваў у нататках "Лісты з дарогі". Гэта твор маладога ў беларускай прозе жанру – публіцыстычны нарыс. У час падарожжа Ядвігін Ш. знаёміцца з мовай, бытам селяніна, эканамічным становішчам вёскі, краю. Вельмі засмучае аўтара беднасць беларускіх вёсак.
Творчасць Ядвігіна Ш. была сапраўдным адкрыццём чалавека і народа. Надзвычай цікавая паводле жанрава-стылістычных формаў і моўнага майстэрства, яна ўзбагачае беларускую мастацкую культуру ХХ ст.
Крыніца: Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя беларускай літаратуры». Складальнік: Т.У. Ганчарова-Цынкевіч. – Мінск: БДПУ, 2006
Похожие статьи:
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Сабачча служба
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Павук