Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвіга Бяганская - Цяжкая задача

Увага!!! Поўны змест

   Ганя зноў не рашыла задачку.
   – У маім задачніку гэтай задачкі няма, – сказала яна настаўніцы.
   – Я к гэта няма?! – здзівілася Вольга Паўлаўна. – Хіба ў цябе не такі задачнік, як у іншых вучняў?
   – Няма... – паўтарыла Ганя, паціскаючы плячыма.
   – Хто яшчэ не знайшоў у сваім задачніку гэтай задачкі? – спытала настаўніца, абводзячы позіркам прыціхлы клас.
   Вучні маўчалі.
   – Выходзіць, што толькі ў Ганіным задачніку яе няма, – сказала Вольга Паўлаўна. – Дай мне свой задачнік, Ганя. Можа, у ім старонкі пераблытаны?
   – А задачнік я дома пакінула, – прамовіла Ганя. – Навошта мне такі задачнік? Я новы куплю.
   – Задачнік трэба заўсёды прыносіць у клас. Хіба ты забылася пра гэта?
   – Забылася, – ледзь чутна прамовіла Ганя, і твар яе пачырванеў.
   – Ну што ж, калі ты не рашыла дома задачку, ідзі да дошкі, – сказала настаўніца.
   Ганя падышла да дошкі, узяла ў рукі крэйду, запісала ўмову задачы, якую прадыктавала ёй Вольга Паўлаўна,падумала крыху і пачала рашаць.
   А настаўніца тым часам хадзіла паміж парт, пазірала час ад часу на дошку, слухала тлумачэнні Гані, а калі тая памылялася, папраўляла яе.
   Параўняўшыся з Ганінай партай, Вольга Паўлаўна заўважыла на падпозе кніжку. Відаць, дзяўчынка незнарок скінула яе, калі заспяшалася да дошкі. Вольга Паўлаўна падняла кніжку, усміхнулася і пачала гартаць.
   – Усё, – зірнула Ганя на настаўніцу.
   – Сядай, правільна рашыла, – сказала Вольга Паўлаўна.
   Ганя паклала крэйду, выцерла анучкай пальцы і, задаволеная, пайшла да сваёй парты.
   – Вазьмі свой задачнік, – падала ёй настаўніца кніжку.
   Ганя залілася чырванню і вінавата паглядзела на Вольгу Паўлаўну.

Похожие статьи:

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Задача

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Новенькая

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

Казімір КамейшаКазімір Камейша - Задача

ПераказыКантрольная па фізіцы