Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кантрольная па фізіцы

   Настаўніка фізікі ўсе пабойваюцца. Яшчэ б! Тут, у лагеры «Зубраня», сабраліся, лічы, адны выдатнікі. А ён ужо на другім уроку, калі і імя яго яшчэ добра не запомнілі, паставіў дзве тройкі і двойку.
   ...Сёння – кантрольная. Віктар Іванавіч кожнаму раздаў лісткі з задачамі, якія не паўтараюцца.
   Алесь чытае. Задачка простая. Ён рашае яе на чарнавіку за пяць хвілін. Яшчэ задачка. Прыклад рашыў – вось і ўся кантрольная.
   Схіліў галаву ўбок: Надзея, яго суседка, глядзела ў атрыманы ад настаўніка квіток з адчаем. Ні на чарнавіку, ні ў чыставіку не было запісана ні адной лічбы.
   Алесь крадком зазірае ў заданне суседкі. «З лука выстралілі вертыкальна ўгору...» Ну і што, не вельмі складаная задачка.
   Надзея коратка зіркае ў бок Алеся, але не на яго самога, а на чарнавікі, дзе ўжо запісана рашэнне ўсёй кантрольнай. Потым глядзіць на наручны гадзіннік, уздыхае, зноў схіляецца над чыстым лістком паперы.
   ...Надзея – самая прыгожая ў іхнім атрадзе дзяўчынка. Валасы ў яе чорныя, яна заплятае іх у тугую доўгую касу. Уся жывая, рухавая. А яшчэ – усмешка. Надзея ўсміхаецца не столькі вуснамі, колькі вачмі.
   Але гэта другім яна ўсміхаецца.
   Алесем Надзея проста грэбуе. У першы ж дзень, калі класная пасадзіла разам Алеся і Надзею, дзяўчына не стала знаёміцца з ім, дэманстратыўна не заўважала, быццам яго і не было побач за партай.
   І на другі дзень не заўважала, і праз тыдзень.
   Ён адчуваў сябе не проста лішнім, яму здавалася, што ён страшэнна агідны, брудны. Гэта было непрыемна, нават балюча, а галоўнае – Алесь не разумеў, з якой прычыны ім так грэбуюць.
   І чаму яна так з ім? З усімі ж добразычлівая, лагодная, вунь з колькімі сябруе. Ды і сам Алесь ужо знайшоў тут сяброў, не маўчун, не зануда. Што ён ёй зрабіў?
   ...Задачы Алесь перапісаў на чыставік. А Надзея сядзела, выводзіла кручкі на паперыне, адчайна закусіўшы вусны.
   «Вось так, цяпер папрасі мяне дапамагчы, папрасі! – салодкая злосць лёгка тлуміла галаву Алеся. – Вось парашай цяпер задачкі, прывязі двойку ў школу, прыгажуня!»
   Надзея зіркнула на гадзіннік. Заставалася пятнаццаць хвілін.
   «Вось табе і двойка», – падумаў Алесь, але радасці чамусьці не было.
   Яго кантрольная была перапісана на чыставік, двойчы праверана.
   ...Ну і што, што яна грэбуе ім, ну і што? Яна ж ад гэтага не робіцца непрыгожай. Атрымае двойку, і настрой прападзе да апошніх дзён. Наўрад ці захочацца калі ўсміхацца...
   Яшчэ імгненне вагаўся Алесь, а потым хутка перасунуў квіток задання Надзеі да сябе, а ёй – свой чыставік і свае заданні.
   – Перапісвай хутчэй!
   – А ты? – Надзея ўпершыню глянула ў вочы Алесю.
   Алесь не адказаў, пачаў хутка запісваць умову задачы адразу ў чыставік.
   «З лука выстралілі вертыкальна ўгору...» Дробязь, а не задача! Так, што маем?
   Два адказы.
   Алесь нібыта спатыкнуўся. Што ж гэта атрымалася? Страла будзе на вышыні 20 метраў праз 2 і праз 11 секунд?!
   Як гэта зразумець? Няправільна рашыў?
   Непрыемны халадок ад кончыкаў пальцаў пракраўся ў сярэдзіну грудзей, і мутная хваля адчаю і панікі адгароджвала Алеся ад усяго свету.
   Надзея ўжо перапісала сабе ў чыставік кантрольную, зазірнула ў лісток Алеся.
   – Два адказы?
   – Два...
   – Гэта значыць... страла вярнулася.
   Надзея ўсміхнулася куточкамі вуснаў, паўтарыла:
   – Страла ўзляцела і вярнулася. І праз адметку 20 метраў праляцела двойчы...
   Алесь кіўнуў. Раптоўна стала незвычайна лёгка на душы.
   Ну, вядома ж, страла вярнулася...
   Усё вяртаецца да цябе: выпушчаная з лука страла, сказанае слова, зробленая справа...
(530 слоў)

(Паводле В. Гапеева)

 

Похожие статьи:

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Задача

Юрась СвіркаЮрась Свірка - Не рашаецца задача

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Цяжкая задача

Казімір КамейшаКазімір Камейша - Задача