Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ядвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

Увага!!! Поўны змест

 

   Мароз намаляваў на шыбах акон свае дзівосныя белыя ўзоры, рассыпаў вясёлыя агеньчыкі. Шуміць за сцяной вецер, гудзе-падвывае ў коміне.
   – Бабуля, раскажы нам казку, – просіць Зося.
   – Толькі вясёлую, бабуля, такую, каб вецер перастаў скуголіць ды каб сон харошы прысніўся, – гаворыць Толік.
   Бабуля адкладвае ўбок шытво. Добрая ўсмешка расплываецца ў яе тонкіх зморшчынках.
   – Якую ж вам казку расказаць? – пытае бабулька. – Раскажу вам хіба пра маленькіх казачных чалавечкаў. Ну дык вось, слухайце. Жыў ды быў на свеце адзін шавец, – пачала сваю казку бабуля. – І так ён збяднеў, так збяднеў, што застаўся ў яго толькі невялікі кавалак скуры. «Выкраю я з гэтай скуры пару чаравікаў, а заўтра раніцай вазьмуся за шытво», – падумаў шавец і лёг спаць. Раніцай ён устаў і хацеў ужо за работу ўзяцца, аж бачыць – стаяць у яго на стале гатовыя чаравікі, ды такія прыгожыя, якіх ён зроду не бачыў. Прадаў шавец чаравікі і купіў на гэтыя грошы тавару, з якога скроіў аж тры пары чаравікаў. Раніцай устаў, а чаравікі зноў стаяць гатовыя. Так і пайшло з таго часу – колькі пар чаравікаў скроіць шавец – раніцай яны стаяць гатовыя. «Трэба падпільнаваць, хто гэта ўначы мне чаравікі шые», – падумаў шавец. Схаваўся ён за печ і чакае. І вось апоўначы з’явіліся маленькія чалавечкі, селі за шавецкі столік і пачалі шыць чаравікі. А як скончылі работу, адразу зніклі.

 * * *

   Шмат цікавага расказала бабулька ў гэты вечар пра маленькіх казачных чалавечкаў.
   – Бабулька, а ты б хацела мець такіх памочнікаў? – запытаў Толік.
   – Вядома, унучак, хацела б, – сказала бабуля…
   Лежачы ў сваім ложку, Зося пазірала на далёкія ясныя зоркі і думала пра маленькіх казачных чалавечкаў. «А што, калі я і Толік…»
   Праз хвіліну Толік ужо сядзеў побач з сястрой на яе ложку. Аб чым яны шапталіся – невядома…
   А раніцою ўстала бабуля, сабралася ісці па дровы, а яны ўжо ляжаць каля печы. Хацела яна па ваду да студні пайсці – аж вада сама ў хату прыйшла: стаіць вядро на лаве поўным-паўнюткае ды сваім блакітным вокам на гаспадыню пазірае. Выйшла бабуля на ганак і вачам не верыць: нехта на сцежках снег паразмятаў ды пясочкам іх прысыпаў, каб не коўзка было хадзіць. Пайшла яна пасля снедання па малако да суседкі, а пакуль хадзіла, нехта са стала прыбраў і падлогу падмёў.
   Дзівіцца бабуля, галавой ківае, усміхаецца, а Зося з Толікам за ёю цішком назіраюць ды хітра падміргваюць адно аднаму. Цікавую гульню прыдумала Зося.
   І бабуля рада, што ў яе з’явіліся маленькія казачныя чалавечкі.