Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццё і творчасць Элізы Ажэшкі

   Асноўныя ідэі пазітывістаў знайшлі сваё яскравае ўвасабленне і ў творчасці нашай знакамітай зямлячкі Элізы Ажэшкі. Нарадзілася яна 6 чэрвеня 1841 г. у маёнтку Мількаўшчына непадалёк ад Гродна. Яе бацька Бенедыкт Паўлоўскі, колішні афіцэр напалеонаўскага войска, меў рэпутацыю вальнадумца, "вальтэр’янца". Але ён памёр, калі Элізе было толькі тры гады, і далейшае выхаванне дзяўчынкі было звязана збольшага з Варшавай. Пяць гадоў яна правяла там у адным з найлепшых кляштарных пансіёнаў, дзе, дарэчы, пазнаёмілася з Марыяй Васілоўскай, якая ўвойдзе ў гісторыю польскай літаратуры пад прозвішчам Канапніцкай. У 1857 г. Эліза Паўлоўская выйшла замуж за палескага шляхціца Пятра Ажэшку і пасля таго нямала часу правяла ў яго маёнтку Людвінава, на Драгічыншчыне. Падчас паўстання 1863-1864 гг. яна была сувязной партызанскага аддзелу Рамуальда Траўгута, уратавала апошняга ад непазбежнага арышту. Пасля разгрому паўстання яе муж разам са сваімі абодвума братамі Фларыянам і Браніславам быў высланы ў глыб Расіі. Пасля некалькіх гадоў побыту ў Варшаве з 1869 г. (дзе яе, паміж іншага, захапляла чытанне твораў філосафаў-пазітывістаў Агюста Конта і Джона Сцюарта Міля) Эліза Ажэшка да канца сваіх дзён жыла ў Гродне, толькі зрэдку выязджаючы з гэтага горада. Памерла яна 18 траўня 1910 г., і ў апошні шлях яе праводзілі тысячы людзей – палякаў і беларусаў, габрэяў і рускіх.
   Пачынала сваю літаратурную дзейнасць Эліза Ажэшка ў сярэдзіне 1860-х гг. з кароткай прозы, але вельмі хутка звярнулася да раманнага жанру. Першы раман "Марта" быў апублікаваны ў 1873 г., але сапраўды шырокую вядомасць ёй прынёс "Мэір Езафовіч" (1878). У гэтым творы Ажэшка з гуманістычных пазіцый, у рэалістычным рэчышчы малюе побыт габрэяў-жыхароў мястэчак, якія штодзённа мусяць сутыкацца не толькі з сацыяльнымі праблемамі, але і з нацыянальна-рэлігійным уціскам.
   Яшчэ ў сваім самым першым апублікаваным апавяданні, "Абразок з часоў голаду" (1866), Эліза Ажэшка звярнула свой пільны мастакоўскі погляд на калізіі жыцця беларусаў, перадусім жыхароў вёскі. Сваё грунтоўнае эпічнае ўвасабленне гэтая праблематыка набыла ў 80-я гады, у апавяданнях "Рэха" (1872), "Тадэвуш", "А… Б… Ц…" (абодва 1884), "Зімовым вечарам" (1887), "Раманіха", "На следстве" (абодва апубл. у 1888) і асабліва ў аповесцях "Нізіны" (1884), "Дзюрдзі" (1885), "Хам" (1888), рамане "Над Нёманам" (1887).
   У апавяданні "Зімовым вечарам" Эліза Ажэшка паказвае сябе тонкай знаўцай не толькі побыту беларускіх сялян, але і ладу іх мыслення, іх забабонаў і інстынктаў.
   У "Нізінах" мы бачым уражвальны вобраз беларускай гаротнай парэформеннай вёскі. Батрачка Хрысціна сваёй крывёю і потам назапасіла крыху грошай, каб дапамагчы сынам і мець нешта на пахаванне. Але ўвесь набытак ідзе прахам праз прайдзісвета Капроўскага – тыповага прадстаўніка драпежніцкай "новай хвалі". У творы мы таксама сустракаем узоры жывой беларускай гутарковай мовы, якая бярэ за душу сваёй эмацыйнай насычанасцю.
   Праблемы злачынства і кары па-свойму знаходзяць адлюстраванне ў аповесці "Дзюрдзі". Цёмныя беларускія сяляне здзяйсняюць злачынства, ідзе суд, але сімпатыі вёскі застаюцца на баку злачынцаў. Эліза Ажэшка спрабуе знайсці тлумачэнне гэтага парадаксальнага развіцця падзей у той сацыяльнай несправядлівасці, што не дае простаму люду ўзняцца да гуманістычных ідэалаў, блізкіх самой пісьменніцы.
   Маральна-этычную скіраванасць мае змест аповесці "Хам". Яе герой Павал Кабыцкі, звычайны беларускі селянін-рыбак, паказаны надзіва глыбокай, цэласнай асобай. Яго адносіны з Франкай, разбэшчанай гарадской дзяўчынай, будуюцца на хрысціянскіх запаведзях даравання бліжняму за свядомыя і несвядомыя правіны.
   Вельмі важнае месца ва ўсёй творчасці Элізы Ажэшкі займае раман "Над Нёманам". Гэты твор як бы працягвае велізарную нёманскую эпапею, якую пачаў Адам Міцкевіч "Панам Тадэвушам" і якую было наканавана завяршыць Якубу Коласу "Новай зямлёй".
   У цэнтры ўвагі пісьменніцы гісторыя канфлікту памешчыцкага роду Карчынскіх і сялян (колішніх засцянковых шляхціцаў) Багатыровічаў. Гэты канфлікт, у адпаведнасці з пазітывісцкай ідэалогіяй, паступова вырашаецца. Гэта адбываецца і дзякуючы таму, што адзін з паноў, Бенедыкт Карчынскі, пад уплывам свайго сына Вітальда, усё болей і болей выяўляе дэмакратычныя погляды. Эліза Ажэшка рэзка асуджае такія якасці асобных прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя, як паразітызм, адсутнасць грамадзянскай адказнасці, касмапалітызм.
   Цікавасць Элізы Ажэшкі да беларускага жыцця выявілася не толькі ў яе ўласнай літаратурнай творчасці. Пачынаючы з 70-х гг., яна актыўна займаецца запісам беларускага фальклору ў розных мясцінах Гарадзеншчыны (Лунна, Свіслач, Панямонне і інш.). Шэраг цікавых этнаграфічных замалёвак, у тым ліку запісы народных назваў раслін, утрымліваюцца ў цыкле яе нарысаў "Людзі і кветкі над Нёманам", апублікаваных у 1888-1891 гг. Гарадзенскі дом Элізы Ажэшкі шмат разоў наведваў Францішак Багушэвіч, літаратурныя здольнасці і, перадусім, заангажаванасць якога ў беларушчыну Эліза Ажэшка ацэньвала вельмі высока. Так, у лісце да лінгвіста, фалькларыста і этнографа Яна Карловіча за 22 лютага 1888 г. яна адзначала:
   "Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч і чытаў мне казку – доўгую, поўную фантазіі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент… Трэба было б усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым напрамку".  (Пераклад Валянціны Гапавай)
   У Беларусі творчасць Элізы Ажэшкі, у сваю чаргу, ніколі не ўспрымалася як творчасць "замежнай" пісьменніцы. Пра гэта сведчаць творы таго ж Францішка Багушэвіча (верш "Яснавяльможнай пані Арэшчысе"), Янкі Лучыны (верш "На юбілей Ажэшчыхі"), выказванні Янкі Купалы, кнігі, артыкулы Валянціны Гапавай, Евы Лявонавай, Уладзіміра Казберука. На беларускую мову яе творы перакладаліся, пачынаючы з 1907 г. (апавяданне "Гэдалі"), а найбольш плённы ўклад у гэтую справу зрабілі Янка Брыль, Ядвіга Бяганская, Галіна Тычка, Анатоль Бутэвіч. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ўжо мела ў сваім рэпертуары спектаклі "Хам" і "У зімовы вечар" – прычым апошні твор быў перароблены ў п’есу самой Элізай Ажэшкай на замову "бацькі беларускага прафесійнага тэатра". Тэатральныя пастаноўкі паводле твораў Элізы Ажэшкі ажыццяўлялі таксама Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, трупа Уладзіслава Галубка, БДТ-1. У 1990 г. рэжысёр Дзмітры Зайцаў на студыі "Беларусьфільм" зняў шматсерыйны тэлефільм-экранізацыю аповесці "Хам". У 1929 г. у Гродне быў пастаўлены помнік Элізе Ажэшцы, яе імя носіць адна з цэнтральных гарадзенскіх вуліц.

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Эліза АжэшкаТворчасць Элізы Ажэшкі

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Над Нёманам

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Хам. Аналіз аповесці

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Раманіха

БиографииЭліза Ажэшка