– Я не зайздрошчу твайму лёсу, небарак, –
Звярнуўся к Ветраку з ухмылкаю Гусак, –
Махаеш крыламі і тужышся, скрыпіш,
А ў неба не ляціш...
А я, калі ні захачу, –
Бягу, плыву, лячу,
Шыплю,
Шчыплю
І гагачу!
Я ад прыроды надта здатны!
Ну глянь – які Гусак выдатны!
– Ды адкасніся! Слухаць не хачу! –
Махнуў крылом Вятрак на Гусака, –
І не тапчыся тут каля мяшка...
Сам бачыш – я заняты:
Вось жорны важкія кручу,
Мялю дзень збожжа,
А ноччу і дынаму ў рух прыводжу,
Даю святло калгасным хатам.
Без крыку людзям я дабро раблю,
Бо край свой сонечны люблю,
А ты хоць лётаеш, а да Арла – куды табе, Гусак! –
Такі ж з цябе плывец,
Хадок, спявак...
Скажу я пад канец:
Вось сустракаеш часам гусакоў,
Што кпяць нахабна з ветракоў
І выдаюць сябе за майстраў
на ўсе рукі –
Ад іх чакай паклёпу ці дакукі...
Похожие статьи:
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Мітрафан і дэльтаплан
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Шчупак і Плотка
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Вятрак
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Арэх і Жаба
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Гусак і Певень