Бугай саноўны выправіў сынка у школу,
І той, хоць з горам папалам,
Ды навучыўся бэкаць сам.
Такія поспехі чым не пахвальны для жывёлы?
Ды татка не спыніўся тут:
– Ён скончыць інстытут!
Аспірантуру!
А там, дасць бог, дактарантуру!
– Ды злітуйся над ім, –
Ўзмалілася Карова, –
Ну быў бы ён, як ты, здаровым,
А то ж цялё яшчэ зусім...
З яго даволі, што засвоіў ён асновы,
Цяпер пабрыкацца яму – ну самая пара,
А там нявесту падбяром з суседняга двара,
І... справа за вяселлем!
– Ча-а-го? – Бугай зароў шалёна, –
Аб’елася ты блёкату або другога зелля?
Ён будзе Бугаём вучоным!
І, скарыстаўшы свой высокі сан,
Сынка цягнуў ён у навуку,
Хоць разбіраўся той
у ёй,
Што ў бібліі Баран.
Сказаць, па шчырасці – ну не жыццё было
яму, а мука,
Усох,
Аблез і аблысеў,
І хоць, ён лоб бычыны меў –
Не вытрымала галава. Не даў, напэўна, бог...
Дадам два словы:
А рацыя была ў каровы!
Похожие статьи:
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Шчупак і Плотка
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Арэх і Жаба
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Мітрафан і дэльтаплан
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Кот і Вожык
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Сонца і Певень