Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эдуард Валасевіч - Арэх і Жаба

Па лесе Жаба спакваля скакала
І пільна паглядала навакол,
Яна спажыву для сябе шукала,
А ў гэты час арэх упаў на дол.
– Паслаў мне Бог дарунак! –
Заквакала Жабоцька на ўвесь лес. –
Я чула, што арэх – далікатэс,
Найлепшы на зямлі ласунак!
Вось зараз я арэшак раскушу
І пасмакую, адвяду душу!
І, ў рот паклаўшы плод саспелы,
Яго паспрабавала раскусіць,
Напялася, ажно пазелянела,
Але з арэшкам анічога не магла зрабіць.
(Бо Жаба, ведама, зубоў не мела!)
І, выплюнуўшы вон знаходку з раздражэннем,
Раздзёрла
Горла,
Закрычала з абурэннем:
–Ды гэта ж смех,
Пусціў хтось выдумку, як падсадную качку,
Што цуд-прысмак лясны арэх,
А я й паверыла, дзівачка...
Ды гэна ж не ласунак – дрэнь!

Так іншы пачынае абурацца,
Наводзіць цень
На ясны дзень,
Бо сам да сутнасці не можа дакапацца.

 

Похожие статьи:

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Мітрафан і дэльтаплан

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Шчупак і Плотка

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Жаба ў каляіне

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Сонца і Певень

Пераказы, дыктантыЖабіна царства