Ледзь празвініць званок,
Усхопіцца з-за парты Васілёк
І куляю ляціць дахаты –
Яго лясныя вабяць шаты!
Цудоўны лес у восеньскія дні –
Бярозкі нібы золатам абліты,
Гараць рабіны, бы ў агні,
І хвоі ціхай задуменнасцю спавіты...
А вунь сарока села на дубовы сук,
Мурашнік – пад таўшчэзнаю сасною,
Вавёрка скокнула над галавою,
І вожык выйшаў паляваць гадзюк,
А можа быць, на сонейку пагрэцца...
Ну, а арэхаў! Куст крані –
Град залаты забомкае, здаецца,
Ты толькі торбу разгарні,
Глядзіш – паўнюткая яна, як вока...
Хлапчук блукаў па лесе да змяркання,
Забыўшыся на хатнія заданні,
Ні аднаго не вывучыў урока.
Так праз арэхі
У вучобе паявіліся агрэхі.
– Ну як не сорам? Толькі год пачаўся, –
Настаўніца чытае Васільку мараль, –
А ты, на жаль,
Разленаваўся.
Любі прыроду і аберагай,
Але пра справы ты не забывай!
Похожие статьи:
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Мітрафан і дэльтаплан
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Арэх і Жаба
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Кот і Вожык
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Шчупак і Плотка
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Сонца і Певень