У таты – умелыя, спрытныя рукі.
Не ведаюць рукі ніякай прынукі –
Працуюць таму, што працуецца,
Майструюць таму, што майструецца.
Мой тата з бяросты зрабіў цвыркуна,
На скрыпцы іграе цвыркун да відна.
З кавалачка бляхі удаўся вятрак –
Ён крыллямі круціць і гэтак і так.
А корань асіны, усім на здзіўленне,
Зрабіўся рагатым і лёгкім аленем.
Зусім як сапраўдны,
гарэзлівы,
Хто скажа, што з дрэва вырэзвалі?
Алень прымасціўся ў мяне на акне,
Зімою трубіў, сумаваў па вясне.
Як толькі зацінькаў бярозавы сок,
Алень мой учуў
і на волю уцёк.
Цяпер ён у пушчы гуляе, шчаслівы.
Мы з татам выдумваем новыя дзівы:
Працуем таму,
што працуецца,
Майструем таму, што майструецца!
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Татаў родны куток
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Бацька і сын
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Чаго смяяўся кот Васька
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Дзе прывітанне?
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Татава аўтаручка