Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Жыццё і творчасць Францішка Багушэвіча
Францішак Бенедыкт Багушэвіч (1840-1900) нарадзіўся ў фальварку Свіраны, на Віленшчыне, у сям’і збяднелага шляхціца. Закончыў Віленскую губернскую гімназію. З 1861 г. вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, адкуль быў адлічаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Улетку 1863 г. Францішак Багушэвіч далучыўся да аднаго з паўстанцкіх аддзелаў, што вёў змаганне з царскімі войскамі на Беласточчыне. У адным з баёў быў паранены і мусіў хавацца на вёсцы, потым у Вільні. У 1865 г. праз пратэкцыю вядомага навукоўца Яна Карловіча яму ўдалося паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй. Пасля заканчэння ў 1868 г., Багушэвіч працаваў судовым следчым на Чарнігаўшчыне і ў Валагодскай губерні, а з 1884 г. займаўся адвакацкай практыкай у Вільні. Менавіта тут ён сур’ёзна заняўся літаратурнай творчасцю, з сярэдзіны 1880-х гг. пачаў актыўна супрацоўнічаць з пецярбургскім польскамоўным часопісам "Край". Свае беларускамоўныя творы пры жыцці ён здолеў апублікаваць толькі за межамі Расійскай імперыі. Зборнік вершаў "Дудка беларуская" (пад псеўданімам Мацей Бурачок) і апавяданне "Тралялёначка" выйшлі ў Кракаве, адпаведна ў 1891 і 1892 г., а кніжка вершаў "Смык беларускі", падпісаная Сымонам Рэўкам з-пад Барысава, была надрукаваная ў 1894 г. – відаць, у Познані. Вядома, што Багушэвічам таксама былі падрыхтаваныя да друку зборнік паэзіі "Скрыпка беларуская" і кніга "Беларускія апавяданні Бурачка", але сёння лёс гэтых рукапісаў невядомы. Памёр Францішак Багушэвіч 15 (28) красавіка 1900 г. у сваім маёнтку Кушляны на Смаргоншчыне. Пахаваны ў Жупранах (сёння гэта Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці).
У сваёй творчасці Францішак Багушэвіч, па сутнасці, фармулюе мэты літаратуры ў справе абуджэння нацыянальнай самасвядомасці – перадусім, у сялянскім асяроддзі. У сувязі з гэтым ён бачыць абсалютна неабходным абараніць ад прыніжэння і, урэшце, адрадзіць беларускую мову. У прадмове да "Дудкі беларускай" ён шукае тых эмацыйных слоў, якія б дазволілі беларусам убачыць у сваёй мове неацэнны скарб:
"Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, дый не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай". Я сам калісь думаў, што мова наша – "мужыцкая" мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць. З той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская альбо нямецкая, альбо і іншая якая… "
Узгадайма дзеля параўнання радкі з "Абароны і ўслаўлення французскай мовы", напісаныя за тры з лішкам стагоддзі перад тым французскім паэтам "Пляяды" Жаашэнам дзю Бэле:
"…Нашая мова – якую называюць варварскаю нашыя ворагі ці тыя, хто ўвогуле не мае ніякага права называць яе так – не павінна быць, тым не менш, пагарджаная, асабліва тымі, каму яна родная і падораная прыродай і хто ні ў чым не горшы за грэкаў ці рымлянаў…" (Пераклад Зміцера Коласа)
У вершы "Хрэсьбіны Мацюка" (да 1891) мы бачым беларускага селяніна, які яшчэ толькі цярэбіць шлях да свайго нацыянальнага самавызначэння праз усведамленне тутэйшасці і сваёй сапраўднай рэлігійнай прыналежнасці. Супраціўляючыся гвалтоўнаму хрышчэнню ў праваслаўе, ён з годнасцю кідае ў твар княскім казакам:
…"Эй, бійце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!"
Але ў "Дудцы беларускай" (усе творы зборніка напісаныя ў 1886-1890 гг.) гучыць слова не толькі ў абарону беларускай самабытнасці. Багушэвіч крытыкуе сацыяльныя асновы сучаснага яму жыцця, становіцца на абарону беларускага селяніна. У вершы "Мая дудка" з грудзей песняра вырываецца "крык аб волі":
…Сорак гадоў б’юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап’ецца,
Дык вольным стаецца…
У такіх творах, як "Бог не роўна дзеле", "У астрозе", "Як праўды шукаюць" і інш., мы сустракаем спробы з агульнагуманістычных пазіцый зірнуць на штодзённае жыццё сялянства, паказаць сацыяльны прыгнёт і нацыянальны ўціск, што былі яго доляй у агромністай Расійскай імперыі:
Чым то дзеіцца на свеце,
Што не роўна дзеле Бог,
Адзін ходзіць у саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай, – велькі труд;
Весь, як рэшата, свіціцца,
Адны латы, адзін бруд!..
("Бог не роўна дзеле")
Шмат якія творы з "Дудкі беларускай" набліжаюцца да жанру вядомай нам гавэнды – толькі ў якасці апавядальніка тут часцей за ўсё выступае не адукаваны шляхціц, а непісьменны, але дасціпны і назіральны мужык. У згаданым вершы "Як праўды шукаюць" гэты мужык абсалютна ў рэалістычным духу абмалёўвае сацыяльнае асяроддзе навокал сябе:
…Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сінод і сэнаты,
Прысуцтва і вокруг, управы, палаты…
Селянін-герой багушэвічаўскіх вершаў не проста канстатуе несправядівасць ладу, што існуе, але бачыць, якім гэты свет быць павінен:
…Пашлі ж цяпер духа, ды пашлі без цела,
Каб уся зямелька адну Праўду мела.
("Праўда")
У невялікай вершаванай аповесці "Кепска будзе!" ў цэнтры ўвагі аўтара знаходзіцца сялянскі хлопец Аліндарка, якому ад самага свайго нараджэння наканавана перажываць адну несправядлівасць за другой, выпрабоўваючы свой характар на трываласць, захаванне ў ім гуманістычнага пачатку, прагі да волі. Адданасць галоўнага героя традыцыйным каштоўнасцям беларускай вёскі, яго жыццялюбнасць, непрыманне ўціску ў любых праявах робяць гэты твор Багушэвіча адной з першых спроб падступіцца да жанру ліра-эпічнай паэмы ў беларускамоўнай літаратуры.
Мужык у вершах другога зборніка Багушэвіча, "Смык беларускі", які ствараўся ў 1890-1894 гг., не толькі скардзіцца на сваю нядолю ці бэсціць паноў і падпанкаў, але і разважае пра неабходнасць набыцця кніжнай мудрасці:
…Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць,
А там розуму шмат ад вякоў,
І ўсё можаш па ксёнжках рабіць:
А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?..
("Не цурайся")
Лірычны герой "Смыка беларускага" бывае вельмі блізкі да асобы самога аўтара. У вершы "Ахвяра" (у арыгінале: "Афяра", 1891) ён прамаўляе словы, поўныя горкай іроніі і асуджэння эгаізму, хцівасці і абмежаванасці паноў:
Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі не быў:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Каб прад меншым я носу не драў,
А прад большым не корчыў спіны,
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другіх каб не відзеў віны…
У сваім першым, сярод апублікаваных, празаічным творы, апавяданні "Тралялёначка" (1892), Францішак Багушэвіч стварыў вобраз беларускага Габсэка – вясковага багацея Бартака Саска. Раскрываючы гэты вобраз, беларускі творца імкнецца да псіхалагічнай матывацыі яго ўчынкаў, іх ацэнкі з гледзішча традыцыйнай народнай маралі.
На думку беларускіх літаратуразнаўцаў, дакладнасць мастацкіх дэталяў, стварэнне тыповай карціны беларускай парэформеннай рэчаіснасці робяць з Багушэвіча пісьменніка-рэаліста. Натуральна, што з гледзішча фармальнай паэтыкі творчасць Францішка Багушэвіча сёння можна было б крытыкаваць у шмат якіх аспектах. Моцны бок гэтай творчасці – не гэтулькі ў дасканалым валоданні паэтычным словам, а хутчэй, у разуменні глыбінных рысаў менталітэту беларуса-селяніна. Менавіта гэта адзначала, пазнаёміўшыся з багушэвічавымі творамі, Эліза Ажэшка. Сам жа Францішак Багушэвіч у вершы да яе, у сваю чаргу, пісаў:
…А ты, пані, смела
Заглянула ў хату,
Усё зразумела,
І нашаму брату
Працягнула руку
І сэрцам балела,
Глядзеўшы на муку,
І пяром умела
Выліць смутак гэты, –
Што аж душа рвецца,
Што плачуць кабеты,
Не знаюць, гдзе дзецца.
Чым жа мы аддзячым,
Што мы напрыносім –
Хіба што заплачам
Ды Бога папросім:
Прымі ж нашу дзяку
У малітве, ў слёзцы,
Прымі як адзнаку
Тваёй славы ў вёсцы.
("Яснавяльможнай пані Арэшчысе", 1891)
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014
Похожие статьи:
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Ахвяра
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Гора
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Бог не роўна дзеле