Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Уладзіслава Галубка

   Першы твор Уладзіслаў Галубок апублікаваў у 1908 г. – апавяданне "На вяселле". Друкаваўся ў газеце "Наша ніва", часопісе "Лучынка", альманаху "Маладая Беларусь" і інш. У 1913 г. выйшаў зборнік "Апавяданні". Раннія апавяданні У. Галубка нагадвалі творы так званай народнай прозы ("Не паклаўшы, не возьмеш"). Пісаў гумарэскі і сатырычныя творы, у аснове якіх ляжалі сацыяльна-бытавыя анекдоты ці смешныя вясковыя гісторыі ("Чужое смачней", "Дарагія лекі", "Адукаваная кабыла"). М. Багдановіч у "Аглядзе беларускай краснай пісьменнасці 1911-1913 гадоў" пісаў: "Галубок, як і раньш, пісаў бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго меў праўдзівую здольнасць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя".
   Асабліва вялікія заслугі У. Галубка ў драматургіі. Ён стварыў каля 40 п’ес на гістарычныя, гісторыка-рэвалюцыйныя і бытавыя тэмы. Сюжэты для сваіх твораў чэрпаў з гісторыі беларускага народа, фальклору. Ён жыва адгукаўся на вострыя праблемы часу: выкрываў забабоны, амаральныя ўчынкі. Па жанру п’есы У. Галубка "меладрамы" ("Ганка", "Пан Сурынта", "Душагубы"), камедыі з сатырычным, бытавым ці вадэвільным ухілам ("Суд", "Пісаравы імяніны", "Культурная цешча"). Быў членам літаратурных аб’яднанняў – "Маладняк", "Полымя". У 1920 - першай палове 1930-х гг. выступаў у друку з публіцыстычнымі і тэатразнаўчымі артыкуламі. Узнімаў пытанні народнасці савецкага мастацтва ("Мастацтва ў шырокія масы працоўных"), драматургічнай і тэатральнай крытыкі ("Праца драматурга – ганаровая праца", "За шчырую сувязь актора, пісьменніка і гледача").
   Да сярэдзіны 1910-х гг. прыярытэтным стаў кірунак на стварэнне прафесійнага нацыянальнага тэатра. У 1911 г. У. Галубок зблізіўся і паразумеўся з Ігнатам Буйніцкім, арганізатарам Першай беларускай трупы. У гэты час адбылося збліжэнне з вялікімі рупліўцамі беларускай тэатральнай справы Фларыянам Ждановічам і Усеваладам Фальскім. Менавіта Ф. Ждановіч, акрылены поспехам гастрольных выступленняў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, загарэўся ідэяй зрабіць тэатральны рух на Беларусі не проста масавым, але надаць яму прафесійны кшталт. За вельмі кароткі час летам 1913 г. ён стварыў тэатральны калектыў, які потым атрымаў назву "Першае таварыства беларускай драмы і камедыі".
   "Пан Сурынта" У. Галубка – адна з лепшых беларускіх п’ес, у якіх асэнсоўвалася гістарычнае мінулае нашага народа. Па сутнасці, гэта гістарычная драма канца XVІІ ст. у пяці дзеях. Псіхалагічна дакладна, пераканаўча ўвасоблены вобразы пана Сурынты, яго жонкі Рузі, нянькі, парабка Янука і Віцькі – важака паўстанцаў. Драматург пры паказе сялянскага паўстання адмаўляецца ад спрошчаных тлумачэнняў яго прычын. Грозны пан Сурынта за сваю жорсткасць і забойства падданага заплаціў дарагой цаной: смерцю жонкі, грахом з дачкою і ўласнай гібеллю.
   Для высвятлення характару жанрава-стылявых пошукаў беларускай драматургіі перыяду грамадзянскай вайны вельмі шмат дае п’еса У. Галубка "Ганка". Літаратуразнаўцы 1920-х гг. адносілі "Ганку" да жанру меладрамы, аднак такое вызначэнне не адпавядае жанравай сутнасці твора. П’еса напісана ў традыцыях народнай драмы. У эпіцэнтры – любоўны трохкутнік: студэнт Васіль, кахаючы Ганку, жэніцца з багатай Марысяй, бо надта ж хоча скончыць вучобу. Прыёмная маці Васіля памешчыца Гаспадыня, завалодаўшы пасагам нявесткі, піша на Васіля данос у паліцыю, і яго ссылаюць на катаргу. Марыся знаходзіць уцеху з іншым, а Ганка канчае жыццё самагубствам. Праблема дабра і зла, вырашаная на традыцыйным матэрыяле, набыла глыбокую надзённасць. У "Ганцы" знайшло месца спалучэнне рамантычнага і бытавога, былі створаны каларытныя тыпы, дзейныя асобы вызначаюцца індывідуальнай непаўторнасцю. Найбольш удалымі атрымаліся другарадныя персанажы: палкоўнік, пані Пясецкая, Альфонс, а галоўныя – Васіль, Ганка – ахарактарызаваны менш пераканальна.
   Прыхільнік яркасці тэатральных паказаў, У. Галубок разам з тым турбаваўся пра сацыяльную глыбіню сваіх твораў. Якраз пра гэта сведчыць характар перапрацоўкі-ўдасканалення камедыі "Пісаравы імяніны" (яна, дарэчы, ішла пад назвамі "Залёты дзяка", "Хвароба ў добрым здароўі" і інш.). Спачатку драматург задавальняўся высмейваннем (недзе на ўзроўні фальклорнай паэтыкі) круцельства разбэшчаных жонак і цюхцяйства даверлівых мужоў. Але потым аўтар значна ўзмацніў крытычны пафас твора, у выніку чаго атрымалася бліскучая сатыра на побыт, норавы і паводзіны інтэлігенцыі беларускай дакастрычніцкай вёскі. У сатырычным выяўленчым ключы напісана і камедыя "Суд", якая па праву лічыцца адным з самых дасканальных твораў беларускай драматургіі. У бязлітаснай пераканальнасці, саркастычна-ярка і вынаходліва ў п’есе крытыкуюцца прадстаўнікі царскага "правасуддзя". Выдатна вымаляваны кожны персанаж п’есы. Увага У. Галубка да слова, якая выяўлялася яшчэ ў яго ранніх апавяданнях, у камедыі "Суд" матэрыялізавалася ў выразнай моўнай характарыстыцы персанажаў. Мова як сродак самахарактарыстыкі дзейных асоб у п’есе гранічна індывідуалізаваная, псіхалагічна дакладная.
   Не можа не здзіўляць працаздольнасць У. Галубка. Газета "Савецкая Беларусь" паведамляла, што толькі за 1922 г. яго калектыў паказаў гледачу спектаклі (усяго іх было 122) па драмах "Былое", "Акрываўлены падатак", "Вар’ят", "Душагуб", "За мураванай сцяной", "На курорце", "Мужычае шчасце", "Завяўшыя кветкі", "Фанатык", "Ганка", "Бязродны", "Апошняе спатканне", "Бязвінная кроў", па камедыях "Двужэнца", "Патэнтаваны кум", "Жаніхі", "Суд", "Культурная цешча", "Дарагія госці", "Пісаравы імяніны", "Ліхадзеі".
   Выканальніцкая манера – надзвычай важны складальнік дзейнасці кожнага тэатра, але вызначальным заўсёды заставаўся яго рэпертуар. Кожную ісціну У. Галубок ніколі не забываў, як не забываў і тое, што нацыянальная асвета землякоў – архіцяжкая справа. Менавіта таму і працаваў з такой апантанай настойлівасцю над стварэннем п’ес для свайго тэатра. Пачаўшы з апрацовак, інсцэнізацыяй уласных апавяданняў, якія нярэдка грашылі залішнім этнаграфізмам, камернасцю гучання, пісьменнік у далейшым прыйшоў да напісання буйных драматургічных палотнаў, багата насычаных думкамі пра мінулае і сучаснае беларускага народа, яго гістарычную місію. Услед за Янкам Купалам ён уводзіць у нацыянальную драматургію прынцыпова новага героя – чалавека рэвалюцыйных, бунтоўных кандыцый, здольнага дзеля высокай ідэі пайсці на подзвіг, на самаахвяраванне. Менавіта такі герой адпавядаў духу часу, рабіўся ўзорам для пераймання сучаснікамі, перад якімі рэвалюцыйная эпоха ставіла задачы будаўніцтва новага грамадства, адраджэнне беларускай дзяржаўнасці. Паказальна, што патрыятызм у галубкоўскіх творах ніколі не выяўляўся дэкларатыўна, ён вынікаў са спачування і любові да дабрадзейных герояў, лепшых прадстаўнікоў беларускага паспалітага людства, – з аднаго боку, і сатырычнага высмейвання дэспатаў, прайдзісветаў, сацыяльных вырадкаў, наогул персанажаў так званага адмоўнага плана – з другога. Мастацкая прастора драматургіі У. Галубка вельмі густа заселена самымі разнастайнымі чалавечымі тыпамі, якія дастаткова поўна вымалёўвалі гуманістычнае аблічча тагачаснай і гістарычнай Беларусі. Вялікі ўклад яго ў развіццё паасобных драматургічных жанраў. І асабліва такіх, як фальклорна-гістарычная п’еса, сацыяльна-бытавая камедыя, меладрама… Спалучаючы класічныя традыцыі з паэтыкай народнай драмы, пісьменнік дасягаў выдатнага мастацкага плёну.
   Як акцёр У. Галубок стварыў на беларускай сцэне шэраг яркіх мастацкіх вобразаў: дзяка ("Пісаравы імяніны"), палкоўніка ("Ганка"), Сурынты ("Пан Сурынта"), ксяндза ("Пінская мадонна"), стражніка ("Бязродны"), вар’ята ("Васіль Хмель"), Гусака ("Дыктатура" І. Мікітэнкі), Андрона ("Мой сябра" М. Пагодзіна), Каравулава ("Чужое дзіця" В. Шкваркіна).
   Значных поспехаў дасягнуў У. Галубок і ў жанры апавядання. Сацыяльна-бытавое, жартаўліва-гуманістычнае апавяданне, імпрэсія, сімвалічная замалёўка, лірычны абразок – менавіта гэта найбольш любімыя жанры пісьменніка. І хоць на ўсіх празаічных яго творах ляжыць выразны адбітак часу, аднак яны не засталіся толькі ў тым часе, бо і сёння выклікаюць жывейшую цікавасць і суперажыванне. Самыя раннія з гэтых твораў ("На вяселле", "Журавінка", "Не паклаўшы, не возьмеш" і інш.) паэтыкай, жанрава-структурнымі адметнасцямі вельмі шчыльна набліжаліся да так званай народнай прозы. У. Галубок ведаў безліч фальклорных сюжэтаў, якія патрабавалі мінімальнай апрацоўкі, каб ператварыць у творы аўтарскай мастацкай прозы, але такі творчы метад зусім не імпанаваў пісьменніку. Нават у апавяданнях, заснаваных на калізіях побытавых анекдотаў, вусных дыдактычных гісторый ("Вада памагла", "Чужое смачней", "Дарагія лекі", "Марымонавы сабакі", "Адукаваная кабыла", "Посная гусяціна" і інш.), яму ўдавалася ўзняцца над простым бытапісальніцтвам, раскрыць глыбінны сацыяльны падтэкст падзей. З цягам часу пісьменнік ставіў перад сабой ўсё больш складаныя задачы. Паглыбіўся аналітычны пачатак яго творчасці, сталі больш шырокімі філасофскія абагульненні. Адным з важнейшых выяўленчых сродкаў яго апавяданняў стала алегарычнасць ("Навальніца", "Бор", "Мінуўшчына", "Гонар" і інш.).
   Вядомы У. Галубок і як мастак-пейзажыст ("Раніцай", "Туман", "На рацэ Бярозе", "Сож" і інш.). Ён прымаў удзел у рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Каля 50 пейзажаў У. Галубка знаходзілася ў пастаяннай экспазіцыі тэатра. Пасля арышту аўтара яго прозвішча на карцінах было зафарбавана. Сёння вядомы месцы знаходжання 7 карцін.  
   Аглядаючы спадчыну У. Галубка, пісаў С.С. Лаўшук, пераконваемся, што "час не састарыў лепшага з яго мастацкіх набыткаў, бо творы, прасякнутыя сапраўднай народнасцю, не баяцца выпрабаваннем часу, як, дарэчы, і ніякага іншага. Час толькі падкрэсліў непераходнае значэнне яго творчай спадчыны, яго беззапаветнай працы на шырокіх палетках беларускай культуры".
   У 1932 г. Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, дзе працаваў Уладзіслаў Галубок, быў пераведзены ў рад дзяржаўных – БДТ-3 (з базай у Гомелі). Ён страціў сваю спецыфіку, ранейшыя сувязі з сялянствам, згубіў рухомасць. У. Галубок цяжка ўспрыняў змены ў тэатры, яго арыентацыю на аголены паказ класавай барацьбы, адыход ад мастацкасці ў бок лозунгавасці. Ён скараціў свой удзел у пастаноўках як артыст і мастак. Яму не маглі дараваць патрыятычную дзейнасць, шальмавалі за ўяўны нацыяналізм. У 1934 г. уступіў у партыю. У 1937 г. быў рэпрэсіраваны (пры арышце згінуў яго куфар з рукапісамі). Паводле афіцыйнага паведамлення, У. Галубок памёр ад гіпертанічнай хваробы. Месца пахавання невядома. 26 жніўня 1957 г. рэабілітаваны.

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Доля мужыка

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Гонар

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Забытая хатка

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Навальніца

БиографииУладзіслаў Галубок