Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Увага!!! Поўны змест
  
   У старадаўняй легендзе расказваецца...
   Калісьці даўным-даўно сярод цёмных бароў на высокім пагорку стаяў палац слаўнага ўладара Рыдана. Шмат багацця меў Рыдан, а найвялікшым ягоным скарбам была схаваная за дванаццаццю дзвярамі, замкнутая на дванаццаць замкоў залатая карона, аздобленая камянямі-самацветамі. Калі Рыдан надзяваў гэтую карону на галаву і выходзіў з палаца, дык ноч станавілася днём, а зіма ператваралася ў лета.
   Суседнія князі-магнаты зайздросцілі Рыдану і згаварыліся ўкрасці карону. Паклікалі да сябе самых знакамітых ведзьмакоў-варажбітоў і загадалі ім прыдумаць, як залезці ў Рыданаў скарбец. Тры дні і тры ночы думалі ведзьмакі. Нарэшце прыдумалі разрыў-траву, што адчыняла любыя дзверы. Потым загадалі прынесці з лесу сон-траву... Аддалі пучкі абедзвюх траў наймітам-зладзеям і паслалі іх па залатую Рыданаву карону.
   Падкраліся зладзеі да Рыданавага палаца, кінулі пад ногі варце сон-траву – і вартавыя ўсе як адзін заснулі. Потым дакрануліся разрыў-травою да дзвярэй – і скарбец адчыніўся. Схапілі дзівосную карону ліхадзеі і ўцяклі.
   З таго часу ніхто не ведае, дзе знаходзіцца Рыданава карона. I пра вядзьмарскую разрыў-траву таксама больш нічагуткі не чуваць. А вось чароўную сон-траву можна пабачыць сваімі вачыма. Нават у нашы дні. Яна зацвітае вясною ў сасновых барах, часцей за усё на сонечных палянах, уздоўж лясных дарог і сцежак. Цёмна-фіялетавыя, надзвычай прыгожыя кветкі сон-травы падобныя на цюльпаны, толькі драбнейшыя і далікатнейшыя.
   Сцяблінкі, што трымаюць званочкі, быццам ахутаны серабрыстымі пушынкамі. Убачыўшы такое казачнае хараство, міжволі спынішся і залюбуешся.
   Не спяшайцеся рваць сон-траву, каб прынесці яе дахаты. Не так ужо і часта сустракаецца яна ў нашых барах і пушчах. Бывалыя людзі – леснікі і паляўнічыя – сцвярджаюць, што нават ад маленькага букета сон-травы адольвае санлівасць. Навокал будзе цвісці і звінець, бадай, самае цудоўнае з усіх святаў – свята вясны. Аднак яно вас абміне, калі не запомніце маю параду.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Суніцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы