Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Суніцы

Увага!!! Поўны змест
  
   З дзяцінства помніцца маміна загадка:
   Сядзіць паненка ў чырвонай сукенцы, хто яе убачыць – той і паклоніцца.
   Ах, як пахнуць, як хутка растаюць у роце салодкія суніцы! Не ведаю смачнейшага ласунку я на свеце. Кожная ягадка – нібыта чароўная кропля, што ўвабрала ў сябе і фарбы, і пахі, і нават птушыныя спевы на пачатку лета.
   З ягаднай сям’і суніцы паспяваюць першыя: яны высыпаюць у канцы чэрвеня. Аднак не трэба па іх спяшацца, як па грыбы, не даспаўшы, на раннім досвітку. Бяруць суніцы, калі сплыве туман і прападзе раса. Інакш яны памнуцца ў кошыку, разлезуцца на кашу. Ну а найлепшыя сунічнікі – каля дарог лясных і сцежак, на колішніх прасеках і светлых палянах. Словам – там, дзе шаты верхалесся не замінаюць вясёлым сонечным промням мілаваць і грэць зямлю, кожную травінку і карэньчык.
   Збіраць жа суніцы – свята, а не работа. Яны самі просяцца ў далонь, але ўмеюць і спрытна хавацца ў траве ці пад сваімі зубчатымі трыліснікамі. Таму наперад раю: убачыўшы першую ягадку, адразу пакланіся, а тады шукай яе сябровак. I не тупай, як мядзведзь, не тапчы лішне сунічнік.
   Суніцы – не толькі смаката, яны таксама лекі. Шмат якія хваробы дзякуючы ім адольвалі ў даўніну нашы дзяды і прадзеды. Лепшае сведчанне таму – народная прымаўка:
   Суніцы спажываеш – хваробы з сэрца выганяеш.
   Суніцы сушаць, з іх ціснуць сок і вараць варэнне. Адна яго лыжачка зімою зараз жа нагадае лета, высокі чэрвеньскі поўдзень з пчаліным гудам і сухім гаркавым пахам кветак. I ўсё-такі самыя смачныя і карысныя суніцы свежыя, з кубкам малака або вяршкоў. Не лянуйцеся збіраць іх, ешце па ягадцы і цэлымі жменямі, тады ніякая хвароба не прычэпіцца да вас.

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі