Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Увага!!! Поўны змест
   
   Пэўна, вы чулі пра птушынага князя Кука. Калісьці ён жыў у нас на Беларусі і нікому не даваў у крыўду вясёлы крылаты народ. Але аднойчы здарылася бяда: князь Кук кудысьці прапаў. Пагаравалі, пашчабяталі сумна птахі і згаварыліся шукаць свайго заступніка. А якраз была вясна: трэба гнёзды будаваць, птушанят выседжваць. Няма ахвотнікаў неадкладна выправіцца ў пошукі. Папрасілі зязюлю. Нават паабяцалі яе дзетак гадаваць. Зязюля падумала-падумала і згадзілася. Давай развітвацца яна, аж тут птушкі падаюць ёй нейкі вузельчык.
   – Што гэта? – спыталася зязюля.
   – Панчохі... – адказваюць ёй птушкі.
   – А навошта яны мне? – моцна здзівілася зязюля.
   – Табе – каб цяплей у ножкі было, – тлумачаць ёй птушкі, – а нам – каб ведаць, што ты не адпачывала на галінцы, а папраўдзе шукала Кука. Калі ж стомішся, прысядзеш адпачыць, не забудзься, памяняй панчошкі. Але тыя, што зняла, з сабою не бяры, пакладзі пад кусцік або дрэва. Хтосьці з нас абавязкова ўбачыць, што ты была ў гэтай мясціне і шукала добрага князя...
   Узяла вузельчык зязюля і падалася ў дарогу. З таго часу лётае яна па лясах і гукае птушынага князя:
   – Ку-ку! Ку-ку!..
   I дзень лётае, і другі – не адклікаецца Кук. Прысядзе адпачыць, памяняе панчошкі і далей спяшаецца. А з пакінутых ёю панчошак у канцы вясны вырастаюць дзівосныя кветкі, падобныя і на сонечныя панчошкі, і на звязаныя залатыя ключыкі. У нашы дні іх яшчэ інакш называюць прымулай або веснавым першацветам.
   Зязюльчыны панчошкі – надзвычай прыгожая і вельмі каштоўная лекавая раслінка. У даўніну людзі верылі, што яна лечыць амаль ад усіх хваробаў. Так яно і ёсць. Нездарма лясную госцю можна ўбачыць і пад вокнамі хатаў. Чалавек, які беражэ зязюліны панчошкі, ніколі не прапусціць свята вясны, не пакрыўдзіць птушак і звяроў, яму заўсёды адчынены дзверы ў Краіну Казак.

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Суніцы

ПераказыНясвіжскі палац