Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Подзвіг Францыска Скарыны

   Подзвіг Францыска Скарыны дагэтуль не ацэнены. Не ацэнены таму, што мы почасту глядзім на яго эпоху вачамі сённяшняга дня, забываючыся часам зірнуць на яе вачамі сучасніка Скарыны. Зірнуць на яе знутры, нібы сам жывеш у тыя часы, і многае, што для нас цяпер рэч натуральная, усмактанае ледзь не з малаком маці, само сабой зразумелае – для цябе яшчэ цёмны лес.
   Ты сучаснік Скарыны. Прычым адукаваны сучаснік. Якім паўстае перад табою свет?
   КОСМАС. Сусвет. Ён канечны і абмежаваны непарушнай зорнай сферай з усіх бакоў. За ёю ці рай, жыллё і месца знаходжання бога, ці ўвогуле хаос. А пасярэдзіне сферы – Зямля. Вакол яе Сонца і планеты. Планет сем, толькі тыя, што можна бачыць няўзброеным вокам, бо і тэлескопа яшчэ няма. Калі ў цябе зрок лепшы, чым у астатніх, і ты, скажам, бачыш, што Мілавіца мае квадры, як Месяц, – памоўчвай, бо на зямлі смярдзіць паленым, і вогнішча на плошчы ледзь не самае інтэлектуальнае відовішча ўладарных, і ўвогуле народных мас.
   Толькі адзінкі, дый то абстрактна, спекуляцыйна ведаюць, што Зямля – шар (паводле Пталамея, бо кніга Каперніка з’явілася амаль праз тры дзесяцігоддзі пасля першай кнігі Скарынавай «Бібліі»). І яшчэ добрых пару стагоддзяў эйнштэйны і каралёвы тых часоў будуць прасіць прабачэння у тых, што маюць уладу, за тое, што яны адэпты вучэння Каперніка. Будуць гаварыць прыблізна ў тым родзе, што вучэнне Каперніка не новае, што яно старое, яшчэ да Пталамея, што так думалі яшчэ некаторыя піфагарэйцы (і гэта ў сім-тым праўда):
   – Не біце мяне за гэта. Я не наватар. Гэта вы… ой, прабачце! Я, наадварот, закарузлы кансерватар.
   Гэта для адзінак. Для большасці Зямля – плоскасць, якую абмывае сусветны акіян. У акіяне жывуць кітарыбы і марскія манахі. Па сушы швэндаюцца, акрамя людзей і звяроў, кіраўрысы (кентаўры). Ёсць на гэтай плоскасці Еўропа, Азія, маленечкая Афрыка. За Атлантыкай ляжыць Індыя, і толькі адзінкі здагадваюцца, што гэта – Новы свет. Іншых земляў няма, бо іх ніхто не бачыў. І няма нікога, хто спытаўся б такога рацыяналіста (божа, колькі іх і зараз!):
   – Дзядзька, а вы Вільню бачылі?
   – Не.
   – А яна ж ёсць…
   ЧАЛАВЕК. Ён – вобраз і падабенства боскае (і нікому не страшна за бога, калі ён выпадкова, не на ноч кажучы, успомніць зямных уладароў). І не кожны носіць гэты «вобраз божы». Пераважна еўрапейцы і хрысціяне (адпаведна – магаметане, будысты, юдаісты). Астатнія, не кажучы ўжо пра людзей з сабачымі галовамі і іншым такім, астатнія – расы бездухоўныя, бо не адзначаныя святлом ісціны боскай.
   Але і «адзначаныя» не маюць права на роўнасць. Вышэй за ўсіх асвечаны манарх і асвечаная знаць. Праўда, мае ўжо назву галоўнае ў чалавеку – гуманізм, падмурак, на якім вырасце Чалавек Новы. Першыя пробліскі ўтапічнага сацыялізму, вера ў прагрэс звязана з дзейнасцю асвечанага манарха і асвечаных вярхоў. А паколькі іхняя ўлада ад бога, то выступленне супраць яе – злачынства, якое прыводзіць толькі да дзікага самавольства і анархіі. Над ліхім манархам адзіны суддзя – бог. Добры – можа прывесці да росквіту навук, адмены прыватнай уласнасці і раўнапраўя (нешта не бачым мы прыкладаў гэтаму ў гісторыі).
   Так думаюць нават самыя перадавыя. Да Шэкспіра, які – хай аднабакова – сказаў аб грамадскай ролі народа, чалавецтву яшчэ араць амаль восемдзесят гадоў.
   НАВУКА. Ну хаця б на прыкладзе хіміі (якой яшчэ няма, а ёсць алхімія). Усё досыць проста і зразумела (як паўсюль, дзе амаль нічога не зразумела). Паўсюль строгі парадак (як усюды, дзе няма парадку), усталяваны богам. Існуе сем металаў (па колькасці сямі планет, а значыць, болей і не трэба). Бацька ўсіх гэтых металаў – сера, маці – ртуць.
   …Але досыць, іначай мы ніколі не скончым. Іхняя эпоха зусім не прычына, каб смяяцца. Хутчэй, прычына для спачування. Як кожная эпоха ў вачах нашчадкаў.
   Проста вось такі ён быў, тагачасны чалавек. Сам Скарына таксама не быў выключэннем. Ён, напрыклад, упэўнены, што «Біблія» – пачатак і канец зямной мудрасці (а можа, толькі намагаецца пераканаць іншых, што упэўнены ў гэтым). Але, называючы яго сярэдневяковым чалавекам, мы выпускаем з-пад увагі тую рысу, якая робіць яго чалавекам Адраджэння, чалавекам новага часу, нашым братам: прагу да святла, нязгаснае імкненне да доблесці і ведаў. І галоўнае: няўменне і нежаданне аддзяліць сябе ад «браціі сваёй», грамадства, у якім кожны Чалавек павінен быць такой самай Асобай, як ён, іначай не варта і гарод гарадзіць. І таму, – і гэта галоўнае, – ён імкнецца не толькі сам ісці да зор, але як Чалавек Новага, і «брацію сваю» цягнуць да іх.
   «Ты любіш яе. І паколькі Новы Чалавек – гэта Чалавек Дзеяння, ператвараеш слова сваё ва ўчынак».
   Першы крок твой і твайго грамадства да святла – Кніга (хай сабе нават і «Біблія»), пісьменнасць (хай сабе заснаваная на ёй), асвета (хай сабе рэлігійная, паколькі вышэй сваёй эпохі не дужа скокнеш, як і вышэй сваёй галавы).
   Кніга. Пісьменнасць. Асвета. Астатняе прыйдзе з часам.
   І каб гэтая кніга была параўнаўча танная, была для ўсіх. Значыць – друкарскі станок, а праз яго Кніга для ўсіх, Пісьменнасць для ўсіх, Асвета для ўсіх. Бо не можа называцца асвечаным грамадства, дзе асвечаныя адзінкі закрываюць сваімі спінамі святло ад іншых.
   Асвечанасць – гэта калі кожнаму ў руку – паходню!
   І Францыск Скарына робіць гэта, надрукаваўшы у 1517-1519 гадах дваццаць тры кнігі «Бібліі», у 1522 годзе – «Малую падарожную кніжыцу», у 1525 годзе – «Апостала».
   І не на чужой мове, а на простай сваёй, беларускай, якую аднолькава разумеюць мужык і магнат, воін і гандляр. Усе.
   І да кожнай кнігі – прадмовы і пасляслоўі, першыя ўзоры грамадскай, асветніцкай, эстэтычнай думкі. Таксама для ўсіх. Пачаткі любамудрыя (філасофіі) для ўсіх, адукацыі для ўсіх, вальнадумства для ўсіх. Пачатак мудрасці новых часоў, спасціжэння таямніц сусвету, магчымасці праверыць усё рукамі, розумам, душой.
   Не прасіць сабе «дзён многих… ні багацця, ні жэ душ ворагаў», але жадаць «сабе мудрасці». Быць адукаваным і вольным сабратам адукаванага і вольнага грамадства, якое не здушыць аніякая фізічная і духоўная тыранія.
   Быць праўдзівым, добрым, чыстым, чалавекалюбівым. І вакол сябе – на шляху да Розуму – бачыць такіх самых братоў, а не кодла свядома-цёмнага і вераломнага быдла.
   Праз дух разумнасці – да духу любові. Праз мудрасць і добрыя звычаі – да грамадства, дзе ўсім добра, і, галоўнае, справядліва жыць.
   Тое, на чым і зараз стаяць лепшыя людзі і чалавецтва і з чаго іх аніяк і анікому не збіць.
   Нават знішчыўшы фізічна.
   Францыск Скарына быў з тых, першых, хто, кажучы сучаснымі словамі, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка Чалавецтва ў ягоную неабсяжную будучыню. Гэты беларус быў з тых, самых першых, што стварылі лепшых з нас такімі, якія мы ёсць.
   Ва ўзбраенні ведаў, усемагутнасці мозгу, адкрытай шчырасці добрага сэрца. З навукай у адной руцэ і мастацтвам – у другой.
   З катаржнай працы такіх, як ён (а для ўсходніх славян – з яго), пачынаецца ўзлёт гуманізму, ідэі раўнапраўя (хай сабе спачатку ўтапічнай), рэнесанс мастацтва, літаратуры, навукі.
   …Хай сабе мы яшчэ дужа і дужа мала ведаем.
   Можа праз пяцьсот гадоў нехта і пасмяецца з нашых ведаў, з узроўню нашай думкі.
   Дзякуй богу, што пасмяецца.
   Без веры ў тое, што далёкія нашчадкі нашы будуць як багі – навошта жыць?
   Але ніхто не пасмяецца з нашай працы, з узроўню нашага мастацтва. Вось у чым яго неўміручая сіла! І ніхто не пасмяецца з нашых намаганняў у нашай цяжкай, крывавай, часта трагічнай сечы за будучыню чалавека. З нашай бітвы, у якую аднымі з першых уступілі яны… мы… дзеці нашы. Бітвы, дзе адным з пачынальнікаў быў Францыск Скарына.
   З яго веку, і з нашага веку.
   Ніхто не пасмяецца з таго, што яны і мы – у меру сілаў сваіх – рассунулі Сусвет, спазналі частку ісціны. Ніхто не пасмяецца са Скарыны і яго нашчадкаў, з іхняй думкі, што дала Польшчы – Міцкевіча, Русі – Сімяона Полацкага і Дастаеўскага, сабе – Багдановіча, Купалу, Коласа і іншых, «імёны ж іх ты, госпадзі, вясі».
   І на пачатку гэтага бясконцага шляху – такая малая і такая бязмежна вялікая «Кніга» Францыска Скарыны, чутны і нам праз стагоддзі гук ягонага друкарскага станка… Ціха!.. Ён грукоча!..
   І таму Францыск Скарына ў поглядзе тых, самых-самых першых, што зрабілі лепшых дзяцей чалавецтва такімі, якія яны ёсць сёння і якімі яны будуць давеку, пакуль ёсць пад небам Сусвету Чалавек.
   І таму мы павінны ганарыцца тым, што ён – беларус. Хаця мудрасць не ведае розніцы нацый, моў, веры.
   Таму што, нягледзячы на намаганні навалачы розных нацый, мудрасць ведае адну веру – веру ў вялікае прадвызначэнне Чалавека, якога Прырода стварыла для поўнага і канчатковага спазнання самой сябе.
   У гэтым, мабыць, адзіны сэнс чалавечага жыцця.
   І Францыск Скарына зрабіў адзін з першых крокаў на нашым шляху да гэтага.


Крыніца: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. – Мн.: Маст. літ., 1991. – 495 с.

Похожие статьи:

ПераказыСпадчына Скарыны

ПераказыМастацкая Скарыніяна

ІншаеФранцыск Скарына - З прадмовы да "Кнігі Юдзіф"

ПераказыФранцыск Скарына

ПераказыЭпоха Францыска Скарыны