Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Асоба і творчасць Уладзіміра Караткевіча
Заўчасная смерць таленавітага сына беларускай зямлі Уладзіміра Караткевіча 25 жніўня 1984 г. стала велізарнейшай стратай для беларускай літаратуры. Вельмі эрудзіраваны чалавек, больш за ўсё вядомы дзякуючы сваім празаічным творам, ён быў таксама драматургам, сцэнарыстам, паэтам, эсэістам, крытыкам, гісторыкам і перакладчыкам. Памятная выстава, якая адбылася ў 1996 г. у Мінску, стала сведчаннем яшчэ аднаго таленту Караткевіча – адкрыла яго з абсалютна іншага боку – як мастака. Лепшыя мастацкія творы Караткевіча прасякнуты глыбокай любоўю да беларускай мінуўшчыны і мовы. Займальнасць сюжэтаў і рамантычнае ўяўленне пісьменніка ў значнай ступені кантрастуюць з большасцю твораў беларускай літаратуры паслясталінскага перыяду. Калі пры ягоным жыцці афіцыйная крытыка часта не вітала экстравагантнасць ягонай творчасці, дык пасля смерці ён быў прылічаны ледзь не да ліку святых. Ягоная творчая дзейнасць, без усякага сумнення, спрыяла росту нацыянальнай беларускай самасвядомасці, а няспыннае сцвярджэнне велізарнай ролі мовы для разумення гісторыі служыла сапраўднай натхняльнай сілай у першую чаргу для інтэлігенцыі, да праблем якой Караткевіч звяртаўся часцей за ўсё і ў прозе, і ў паэзіі. Падобна як і Быкаў, Караткевіч рабіў аўтарызаваныя пераклады сваіх твораў на рускую, набыўшы, такім чынам, шырэйшую папулярнасць, чым многія іншыя ягоныя калегі-пісьменнікі. І як творца, і як чалавек Караткевіч ўяўляе сабой выключны феномен: будучы асветнікам, ён у той самы час не цураўся забаўляльнасці, уласцівай многім ягоныя творам. Смерць пісьменніка выклікала глыбокі смутак і журбу ў сэрцах усіх прыхільнікаў ягонага таленту.
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у г. Оршы ў сям’і рускамоўнага чыноўніка. У час вайны ён быў у эвакуацыі спачатку ў Пярмі, пасля ў Арэнбургу. Сярэднюю адукацыю Караткевіч атрымаў у Оршы, а вышэйшую – на філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта. За час навучання ён добра авалодаў украінскай мовай і лічыўся ледзь ці не «ўкраінскім нацыяналістам». Ужо ў той час яго адрознівала выключная цікаўнасць і адкрытасць поглядаў, што выклікала варожасць з боку рознага кшталту прыстасаванцаў і канфармістаў. У перыяд з 1954 па 1956 г. ён працаваў настаўнікам у сельскай школе недалёка ад Кіева, а з 1956 па 1958 г. выкладаў у Оршы. У 1960 г. Караткевіч скончыў Вышэйшыя літаратурныя, а ў 1962 г. – Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве і авалодаў яшчэ дзвюма мовамі – польскай і французскай. З 1962 г. стала жыў і працаваў у Мінску.
Паэзія Караткевіча
Першай публікацыяй Караткевіча сталі вершы, надрукаваныя ў мясцовай аршанскай газеце ў 1951 г. Варта адзначыць, што аўтар ад пачатку абраў беларускую мовай сваіх твораў, прычым выбар на карысць роднай мовы, а не мовы выхавання ці адукацыі, ён зрабіў свядома, бо быў перакананы, што без моцнай нацыянальнай мовы беларуская культура не мае будучыні. У 1955 г. у «Полымі» Караткевіч апублікаваў невялікую баладу пра легендарнага беларускага героя, непакорлівага Машэку, за якой следам выйшлі чатыры зборнікі вершаў (апошні з якіх – пасмяротна): «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969) і «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзія Караткевіча, як і ўся ягоная творчасць, здзіўляе сваёй разнастайнасцю, а таксама вялікай цікавасцю да гісторыі і сувязі паміж мінулым і сучаснасцю. Вершы Караткевіча вельмі часта тэматычна пераклікаюцца з ягонымі творамі ў прозе.
Тыповым раннім вершам Караткевіча быў «Паўлюк Багрым» (1956), прысвечаны пятнаццацігадоваму сялянскаму хлопчыку, які ў 20-я гг. XІX ст. напісаў верш, што лічыцца першым творам на сучаснай беларускай мове, пасля чаго за ўдзел у Крошынскім паўстанні быў здадзены ў рэкруты. Караткевіч стварае поўны жальбы плач па паэце, раздаўленым уладамі, уводзячы ў свае разважанні пра лёс краіны, дзе вельмі цяжка праявіць сябе маладому таленту, сапраўдныя беларускія гістарычныя фігуры, такія, як князі Усяслаў і Ягайла. Характэрна таксама тое, што гэты плач пераходзіць у своеасаблівую малітву надзеі і заканчваецца заклікам Багрыма да Беларусі прачнуцца і шукаць свабоду:
Беларусь,
прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
І над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе
І слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой.
Іншым блізкім аўтару па духу паэтам быў Максім Багдановіч, што, як і ён сам, гадаваўся ў рускамоўным асяроддзі, аднак стаў адным з самых выдатных майстроў паэтычнага беларускага слова. Караткевіча прыцягвала не толькі ягонае тэхнічнае майстэрства, але і ягоны глыбокі патрыятызм, пра што сведчыць урывак з прысвячэння «Багдановічу» (1966):
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь».
Гэты прыгожы верш заканчваецца радкамі: «Бо як ёсць у народа такія – / Не загіне давеку народ».
Амаль уся Караткевічава паэзія ўзбагачаная літаратурнымі, гістарычнымі і іншымі культурнымі рэмінісцэнцыямі, і форма кароткай балады добра стасуецца з ягоным узнаўленнем гістарычных падзей і персанажаў. Напрыклад, «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» (1956) прасякнута такім жа самым непакорлівым гістарычным духам, што і «Машэка». У іншым вершы са зборніка «Матчына душа» – «Сырцовыя цагліны» (1957), паэт сягае думкай аж на дзесяць стагоддзяў назад і распавядае пра тое, як будаваўся замак. Маленькі сынок дойліда стаў сваёй босай ножкай на сырую цагліну і пакінуў след, які, як адзначаецца ў апошніх радках верша, перажыў усе катаклізмы гісторыі:
І адбітак малой дзіцячай нагі
У аснову крэпасці лёг.
Шмат разоў праходзілі варагі
На краіны лясной парог,
Шмат разоў стагнала зямля ад тугі
І ўзрастаў на руінах палын...
Але быў непарушны адбітак нагі
На паверхні сырцовых цаглін.
Паэзія Караткевіча пры ўсёй нескладанасці формаў адрозніваецца вялікай разнастайнасцю, абумоўленай ягоным жывым уяўленнем і часам яркай і непаўторнай вобразнасцю, шырокім тэматычным і жанравым дыяпазонам у спалучэнні з адносна простай, прамой манерай пісьма, што робіць яе вельмі памятнай і любімай, у першую чаргу, сярод беларускай інтэлігенцыі.
Другі зборнік вершаў, «Вячэрнія ветразі», не менш шырокі па сваім змесце за першы, і ўключае пейзажныя замалёўкі, балады пра вайну, верш, прысвечаны цудоўнай царкве Пакрава на Нерлі, што каля Суздаля, гумарыстычныя радкі пра арганаўтаў, верш пра прароцкі дар Героніма Босха ў ягоным трыпціху «Апошні суд», у якім ён як бы прадбачыць жахі сучаснай вайны, і амаль драматычную паэму «Слова пра чалавечнасць» (1960). Асабліва цікавым – хоць і досыць складана выбраць адзін пэўны прыклад з такога багатага ды разнастайнага зборніка – з’яўляецца верш пра Пітэра Брэйгеля Старэйшага – «Трызненне мужыцкага Брэйгеля» (1960), у якім аўтар перадае свае ўражанні ад розных карцін мастака і ў апошніх радках дакарае яго за бязлітаснае адлюстраванне таго, як сляпец вядзе за сабой сляпцоў:
...Мужыцкі Брэйгель трызніць.
Хто вы такія? Як назваць вас, людзі?
Куды краіна з вамі забрыдзе?
Сляпыя! Мёртвыя! Яны ідуць,
Паклаўшы рукі на плячо пярэдніх,
І іх вядзе сляпы. І проста ў яму
Ён падае.
А заднія не бачаць,
І, як раней, застыў на іхніх тварах
Самаздаволены па-свінску гонар.
Што ж ты пракінуўся, мужыцкі Брэйгель?
Шпурляй у твар ім горкія палотны,
Дражні, як бугая чырвонай хусткай,
Паказвай ім, сляпым, канец Ікара, –
Яны ж усё адно не зразумеюць.
Хіба нашчадкі, можа?
Досыць адметнай і важнай рысай гэтага верша з’яўляецца тое, што ў сваё досыць простае без залішняга піетэту апісанне шэдэўра сусветнай культуры аўтар уводзіць беларускія дыялектныя словы. Гэта адзін з прыкладаў таго, як Караткевіч за кожным разам адстойвае месца Беларусі ў свеце.
Трэці паэтычны зборнік Караткевіча – «Мая Іліяда», пабачыў свет напрыканцы 60-х, калі ён ужо апублікаваў тры свае найбольш вядомыя празаічныя творы і заваяваў рэпутацыю палемічнага і надзвычай арыгінальнага раманіста. Нягледзячы на велізарную папулярнасць і поспех ягоных раманаў, вершы не страцілі для Караткевіча сваю актуальнасць як сродак перадачы найбольш інтымных думак і перажыванняў. І той момант, што тэматыка і характар ягоных вершаў з гэтага зборніка аналагічны папярэднім, ні ў якім разе не сведчыць пра тое, што аўтар таптаўся на месцы. Пачынаючы ад першых сваіх вершаў, ён праявіў вартую захаплення вынаходлівасць і арыгінальнасць, і гэтыя якасці абумоўлівалі ўсю ягоную творчасць як на першых этапах, так і пазней, хоць з цягам часу заўважна ўзрастае глыбіня і своеасаблівасць ягонай любоўнай лірыкі.
Нягледзячы на надзвычайную творчую пладавітасць, Караткевіч заўсёды імкнуўся палепшыць і дапрацаваць свае тэксты і, як было ўжо заўважана вышэй, адчуваў вялікую прыхільнасць і сімпатыю да самага выдатнага класіка беларускай паэзіі М. Багдановіча. Трэба зазначыць, аднак, што Караткевіч быў досыць далёкі ад тэндэнцый чыстага мастацтва апошняга. Напрыклад, у вершы «Дзяўчына пад дажджом» (1960), тыпова лірычным, аўтар апісвае, як маладая дзяўчына выходзіць пад дождж і атрымлівае амаль рамантычную асалоду ад пацалункаў срэбраных кропель. Але твор заканчваецца на абсалютна іншай ноце. Апусцім першую частку гэтага запамінальнага верша і прывядзем толькі апошнія радкі, што раскрываюць яго сутнасць:
Кроплі яе цалавалі
Палка, пяшчотна, да слёз,
Вусны дзяўчыны хапалі
Срэбра з ясных нябёс.
Дожджык зрабіў сваё цуда,
Ён абляпіў, як мог,
Плечы, маленькія грудзі,
Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала,
Вечна хацелася жыць.
Дзяўчына ад шчасця спявала.
. . . . . . . . . . . .
Стронцый быў у дажджы.
Гэты верш уваходзіць у паэтычны цыкл «Зямля журбы»; у паэзіі і ў прозе Караткевіча надзвычай многа рэмінісцэнцый, і назва гэтага цыкла, безумоўна, пераклікаецца з назвай зборніка вершаў Я. Коласа «Песні-жальбы» (1910), а назва першага зборніка вершаў нагадвае назву адзінай кнігі паэзіі «Матчын дар» (1918), выданую бліскучым паэтам, сучаснікам Багдановіча і Коласа Алесем Гаруном (1887-1920). Вершы трэцяга паэтычнага зборніка прысвечаны як велізарным стратам Беларусі ў вайне, так і зруйнаваным магілам у старажытнай Грэцыі. «Балада плахі» (1968), якая пачыналася запамінальным радком «Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць», – гэта плач па ўсіх тых, хто загінуў гвалтоўнай смерцю:
Толькі час вам уздасць поўнай мераю.
Але ўсё ж – пакуль прыйдзе той час, –
Калі ёсць на зямлі гэта вера,
Калі варта жыць – то для вас.
Схільнасць Караткевіча да пераасэнсавання і пераацэнкі гістарычных і сучасных тэмаў выклікала многа спрэчак сярод крытыкаў: адны лічылі яе арыгінальнасцю, другія – цягай да незвычайных эфектаў. Як бы там ні было, выдатным пацвярджэннем гэтай тэндэнцыі служыць ягоная «Балада аб трыццаць першым сярэбраніку» (1965), дзе некананічны трыццаць першы сярэбранік Іуды прадстаўлены сімвалам багацця і магутнасці. У наступных радках балады гучыць вялікая горыч паэта:
Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь,
І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы,
Бо каб вешацца – трэба таксама сумленне займець.
Верш папярэджвае пра тую лёгкасць, з якой здрадніцтва і хлусня хаваюцца пад маскай рэспектабельнасці ў сучасным свеце. Просты, блізкі характар некаторых вобразаў ніколькі не памяншае сілы ўздзеяння:
Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам,
Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глухіх,
Па ахранках... А зараз ваюе за «наш гуманізм».
Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.
З дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі.
І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом...
Вось сядзіць... Вось ідзе...
Вось бярэ вашых дзетак на рукі...
Пнецца ў неба з трыбун... П’е гарэлку за вашым
сталом.
Але выпадак дай – распаўзецца чумою па свеце,
Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў...
Знішчэнне гэтага зла, увасобленага ў трыццаць першым сярэбраніку, абсалютна неабходнае, «А іначай – няшчасце Зямлі. А іначай – канец». Вельмі тыпова для ўсіх балад Караткевіча тое, што, абіраючы гістарычную, а часам фальклорную тэму, ён перадае яе сутнасць з вялікім каларытам і драматызмам, падкрэсліваючы пры тым яе сучасную значымасць. У гэтым сэнсе найбліжэй за ўсё да яго сярод беларускіх паэтаў стаіць Я. Сіпакоў.
Ці не найлепшыя любоўныя творы аўтара ўвайшлі ў два цыклы кнігі «Мая Іліяда» – «Калі памірае каханне» і «Інга і Марыя», у якіх ён дае больш індывідуалізаваны вобраз жанчыны, чым да таго, але без уласцівай яму раней ідэалізацыі. Лірычны герой гэтых вершаў заўсёды расчараваны ў каханні, як і добравядомы «хлапчына» з «Дзядзькавага кубка» (1962), ён прыўносіць вялікае асабістае пачуццё ў страты, расстанні і расчараванні, часам спасылаючыся (напр., у «Фантазіі», 1964) на такіх вядомых асобаў, якія таксама былі няшчаснымі ў каханні, як Дантэ, Петрарка, Катул, Бетховен, Лермантаў і Багдановіч. Яшчэ адзін выдатны паэтычны цыкл – «Таўрыда» прысвечаны Крыму, хоць і не такі вытанчаны, як «Крымскія санеты» ягонага поўнага тугі па радзіме земляка А. Міцкевіча (1798-1855). Караткевіч, тым не менш, надзвычай чула ставіцца да лёсу старажытных жыхароў Крыма і звязвае іх знікненне з магчымым аналагічным лёсам свайго прыгнечанага народа, як гэта можна бачыць з другой часткі верша «Таўры» (1967-1968):
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.
Поруч з сусветнай культурай пастаяннай тэмай паэзіі Караткевіча выступае беларускі патрыятызм, і ягоны першы верш са зборніка «Мая Іліяда» – «Беларуская песня» (1968) пасля падрабязных і рамантычна-прыгожых адказаў на неаднаразова пастаўленае пытанне «дзе мой край?» заканчваецца своеасаблівай палымянай клятвай вечнай вернасці Беларусі.
Чацвёрты і апошні зборнік вершаў Караткевіча, апублікаваны пасмяротна ў 1986 г., быў успрыняты вельмі эмацыянальна і расцэньваўся як апошні тастамент паэта. Прынамсі, «Быў. Ёсць. Буду» – гэта ў нечым творчае credo аўтара, ягонае разважанне пра ролю і прызначэнне паэта і пра ягоную адказнасць перад радзімай. Ужо за некалькі год да сваёй заўчаснай смерці Караткевіч меў пачуццё сапраўднага жаху пры адной думцы пра тое, што яго чакае. У нейкім сэнсе гэты жах праглядвае ў кароткім вершы «Радок бяззбройны і бясспрэчны...» (1979), у якім аўтар як бы параўноўвае сябе з канфармісцкімі паэтамі-традыцыяналістамі: ён гатовы пакінуць гэтую «юдоль гора», ведаючы, што яго будуць доўга памятаць калі не ва ўсім свеце, дык, прынамсі, у Беларусі, – і гэта для яго абсалютна дастаткова. Пра свой лёс Караткевіч піша больш прама і адкрыта ў вершы, які даў назву ўсяму зборніку. Гэты верш, напісаны ў год смерці аўтара, паказвае душэўны стан Караткевіча і ягоную галоўную веру:
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
Адзін з найбольш аптымістычных і адначасова неаднасэнсоўных вершаў гэтага зборніка, напісаны крыху раней, у 1971 г., мае незвычайную назву – «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў». Аўтар заяўляе, што ні ён, ні ягоныя сябры не баязлівыя гіены, не сабакі, што вішчаць, і не свінні, што роюцца ва ўласным гноі, ён параўноўвае сябе і іх хутчэй з ільвом «сапраўднай крыві». Можна толькі здагадвацца, хто маецца на ўвазе пад гэтым добра прыстасаваным ворагам, які не разумее ні сваёй слабасці, ні моцы тых, хто п’е за яго здароўе. У вершы «Паэт» (1984) аўтар звяртаецца да вобраза бруска, неабходнага ў часы вайны для таго, каб наточваць зброю, які і сам, урэшце, можа быць зброяй. Назіраецца вялікая стылістычная розніца паміж першым радком «Брусок спявае ціхую малітву» і досыць прастамоўнай канцоўкай:
І пойдзе гнеў да эшафотных стром,
І зломіцца аб сталь кінжал апошні –
Ну што ж?
Тады ўжо можна і бруском.
У творчасці Караткевіча нямала гумару, які быў уласцівы шырокай натуры паэта. Выдатным сведчаннем таму можа быць верш «Хан і табіб» (1984), які значна адрозніваецца ад палымянай паэзіі, створанай у апошні год ягонага жыцця:
Хан кліча лекара-табіба зрання:
– Баліць азадак. Маю барыша.
Лячы хутчэй, бо заўтра мне ў дыване
Дзяржаўныя пытанні вырашаць.
– Ды вылечым. Але прабач, мой хане,
Магчыма ў неразумнасці сваёй
Я нейк лічыў, што гэтыя пытанні
Рашаюць пераважна галавой.
Большасць вершаў з гэтага зборніка, тым не менш, тым ці іншым чынам досыць сур’ёзна звязана з лёсам Беларусі. Верш «Стары певень» (1984) пачынаецца драматычнымі словамі «Жабруюць хаты...», пасля чаго ідзе апісанне разрухі, над якой пануе стары певень і пяць курыц, што ахоўваюць не толькі вёску: «Гэты певень вартуе наш родны край. / А вы? Ці не ганьба вам?». У вершы «На Беларусі Бог жыве» (1980) аўтар выкарыстоўвае народную прымаўку, падкрэсліваючы ўсе цуды сваёй радзімы, і заканчвае яго так:
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі Бог жыве», –
І няхай давеку жыве.
Паэзія Караткевіча з’яўляецца важнейшым складнікам ягонай літаратурнай спадчыны, з яе непасрэднымі і арыгінальнымі вобразамі, глыбокай экспрэсіўнасцю і драматызмам, шырокай палітрай фарбаў і пільнай увагай да дэталяў, з вялізным уласным зацікаўленнем, якое вядзе яго ад гіпербалы да прымяншэння і наадварот. Надзвычай прывабнымі падаюцца і нястомныя інтэлектуальныя пошукі Караткевіча, ягонае тонкае пачуццё гісторыі і, акрамя ўсяго, няспынны клопат пра культурную будучыню сваёй улюбёнай радзімы.
Караткевіч-драматург
Яшчэ на самым пачатку сваёй творчасці Караткевіч праяўляў вялікі інтарэс да сцэны, а напярэдадні смерці быў поўны планаў напісаць мноства новых п’ес. Некаторыя крытыкі лічылі п’есы ці не лепшымі і найбольш арыгінальнымі ягонымі творамі. Драматычная спадчына Караткевіча (калі пакінуць убаку сцэнарыі фільмаў) складаецца з пяці скончаных п’ес: адна была напісана для тэлебачання, а чатыры ўтваралі свайго роду тэтралогію, хоць і не былі напісаны ў пэўным храналагічным парадку (у адрозненні, напрыклад, ад трылогіі Мележа). Тэлеп’еса «Млын на Сініх Вірах» (1959) першай была прадстаўлена на суд гледача. Гераічная драма ў чатырох дзеяннях, васьмі сцэнах, яна распавядала пра дзейнасць партызанскай брыгады ў жахлівыя 1941-1942 гг., у цэнтры яе знаходзіўся млын непадалёку ад невялікага мястэчка, добра схаваны сярод беларускіх лясоў. На млыне малолі муку для партызан у той час, калі само мястэчка чакала хуткага прыходу нямецкіх акупантаў. Караткевіч падкрэсліваў, што ягоная п’еса павінна была паказаць гераізм усяго беларускага народа, а не нейкіх асобных людзей. У гэтым творы аўтар малюе мноства розных эпізодаў і вялікую, магчыма, нават занадта вялікую колькасць персанажаў, у тым ліку і млынара Цыкмуна Асінскага, у нечым іранічнага, цынічнага і абыякавага да смерці чалавека, але таго, хто з’яўляецца сапраўднейшым патрыётам і соллю ад солі зямлі; сварлівага камісара Каляду і дваццацігадовага студэнта Андрэя Лаўрановіча, пры ўсёй сваёй маладосці цвёрдага, нібы скала; пана Елпідзіфора Дзюбку, загадчыка музея, які таксама праявіў сябе шчырым патрыётам, Цыкмунаву збітую з панталыку цёмную сваячку Тэклю Каваль ды ягоную блазнаватую васемнаццацігадовую дачку Марысю. Апошняя з’яўляецца аб’ектам увагі не толькі студэнта, але таксама і салодкамоўнага Віктара, які пазней паказаў свой сапраўдны твар здрадніка. Ніводзін з гэтых персанажаў не з’яўляецца сам па сабе выбітнай фігурай, аднак разам яны ствараюць агульную карціну беларускага народа ў ваенныя часы. Прытым што п’есе не стае цэльнасці і надзвычай вялікае месца займае маналог, яна, тым не менш, атрымала прэмію тэлебачання.
У 1982 г., калі адзначалася стагоддзе з дня нараджэння Янкі Купалы, была пастаўлена на сцэне мінскага Тэатра юнага гледача п’еса Караткевіча, прысвечаная дзіцячым і юнацкім гадам Купалы, «Калыска чатырох чараўніц» (1981). Хоць гэтая п’еса і была пераважна сацыяльна-філасофская па сваім характары, яна пачыналася з фантастычнай сцэны, у якой чараўніцы абступілі калыску паэта і прадказваюць ягоную будучыню. Белая, Блакітная і Залатая бачаць слаўны і выключны лёс Купалы, у той час як чацвёртая, Цёмная, прадбачыць усё толькі дрэннае і змрочнае. Невядома, ці звязваў Караткевіч яе змрочныя прадказанні з трагічнымі падзеямі ў жыцці Купалы. Пры ўсім тым, тон п’есы пераважна жыццесцвярджальны. На пачатку XX ст. у Беларусі склалася цяжкае сацыяльна-палітычнае становішча, і малады паэт усведамляе, што для таго каб прабудзіць народ і, у першую чаргу, інтэлігенцыю, ён павінен займець свой, індывідуальны голас, пра што і ідзе гаворка ў наступным фрагменце шостай карціны:
М а ц і. Ты ж і так самы з нашых навучаных на наваколле.
Я н к а . Беднае наша наваколле.
М а ц і. Было так і будзе.
Я н к а. Было. Не будзе. Пайду слухаць галасы. Шукаць свой Голас.
М а ц і. Дзе, сынок?
Я н к а. Знайду. А дзе? Не ведаю. На паромах, у грабарах, рабочым на бровары, сярод бадзяг... Дзе-нідзе – знайду.
П’еса будуецца на дакументальных фактах з жыцця Купалы, і асаблівае значэнне надаецца ягоным адносінам з бацькамі і дачыненням з Зыгмунтам Чаховічам-Ляхавіцкім, ветэранам паўстання 1863 г. – падзеі, якой прысвечаны многія творы Караткевіча. Гэтае паўстанне не раз узгадваецца і ў дадзенай п’есе. Аўтар у ёй выкарыстоўвае ў значнай ступені і творы самога Купалы, прыводзячы ў тэксце некаторыя добра вядомыя ягоныя ідэі і вобразы, такія, як «раскіданае гняздо».
Вядома, што Купала пачынаў пісаць на польскай мове, і моўнае пытанне ці не адно з самых важных у «Калысцы чатырох чараўніц»: калі Чаховіч, напрыклад, пераконвае юнага паэта ў тым, што прыйшоў час беларускай мове заявіць пра сябе, і тлумачыць яму, што інтэлігенцыя павінна аддаць належнае народу і не чакаць падзякі за ўжыванне яго мовы. Напрыканцы аўтар цытуе палымяныя словы з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» (1891) Ф. Багушэвіча, аднаго з першых абаронцаў беларускай мовы. П’еса заканчваецца сцэнай вяртання чараўніц, якія зноў ацэньваюць дасягненні і перспектывы паэта. Калі яны адступаюць перад фінальным занавесам, голас за сцэнай чытае апошнія радкі з агульнавядомага верша Купалы «Мужык» (1905): «...Я буду жыць! – бо я мужык!». П’есу «Калыска чатырох чараўніц» наўрад ці можна лічыць адным з шэдэўраў Караткевіча, яна, аднак, служыць добрым узорам ягонага жадання адукаваць сваіх суайчыннікаў ва ўсіх аспектах іх культурнай спадчыны.
Тры астатнія гістарычныя п’есы звернуты да мінуўшчыны Беларусі. Жыццю рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага (1838-1864), вельмі блізкага сэрцу Караткевіча, прысвечана п’еса «Кастусь Каліноўскі: Смерць і неўміручасць», першая версія якой была напісаная з 1963 г. (усяго было дзесяць рэдакцый), а ўпершыню пастаўлена на сцэне ў 1978-м і апублікавана ў 1980 г. У нейкім сэнсе гэтая п’еса служыць тэматычным працягам рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965), у якім распавядаецца пра час напярэдадні паўстання на чале з Каліноўскім, тады як у п’есе паказаны самы яго разгар. Дзеянне адбываецца на Магілёўшчыне, у Вільні і Санкт-Пецярбургу. Караткевіч у сваю п’есу ўводзіць як сапраўдныя гістарычныя фігуры, такія, як Каліноўскі, Мураўёў і рускі цар, так і выдуманыя персанажы (большасць з якіх, паводле слоў аўтара, мела прататыпы сярод рэальных людзей) і фантастычныя постаці, якія адыгрываюць зусім іншую ролю, чым хор у класічнай трагедыі. Найбольш яркі сярод іх – вобраз жанчыны ў чорным (увасабленне Беларусі), якая выступае перад пачаткам дзеяння і наведвае Каліноўскага за кратамі напрыканцы п’есы, калі драматург выкарыстоўвае словы з твораў самога рэвалюцыянера.
Караткевіч дасягнуў вялікага майстэрства ў абмалёўцы ўсіх складанасцяў палітычнага паўстання, калі сяляне былі далёкія ад поўнай падтрымкі паўстанцаў (найбольш вядомыя тэксты Каліноўскага, такія, як газета «Мужыцкая праўда» і «Ліст з-пад шыбеніцы», былі накіраваны на тое, каб схіліць сялян на свой бок); пад уплывам царысцкай прапаганды некаторыя мужыкі спрабавалі перадаваць паўстанцаў у рукі ўладаў. Караткевіч, тым не менш, імкнуўся паказаць нават такіх здраднікаў, як Парафіяновіч, людзьмі са складанымі і неадназначнымі матывамі і пачуццямі, і ў сваіх інструкцыях акцёрам аўтар падкрэсліваў непажаданасць рабіць з Каліноўскага і ягоных саратнікаў ідалаў, а з Мураўёва – абсалютнага ліхадзея. Апошні малюецца чалавекам са сваёй уласнай трагедыяй: гэты разумны, але жорсткі чалавек, родзіч дзекабрыстаў Мураўёвых, стаў свайго роду ўвасабленнем палітычных рэпрэсій. Каліноўскі, хоць і, без сумнення, гераічная постаць, таксама чалавек з тонкім пачуццём гумару і верай у тое, што трэба не толькі змагацца, але і весяліцца, каб узняць баявы дух. У момант паразы ён звяртаецца да сваіх людзей з наступнымі словамі: «Лягчэй вам стане, калі я плакаць буду? Жартуйце, хлопцы, жартуйце... Каб не вершы, не жарты – ета ж проста нам усім перавешацца трэба было б... самім... не чакаючы мураўёўскай ласкі...»
Першая карціна першага акта п’есы напоўнена шумным і нястрымным смехам, і народнае паўстанне сапраўды малюецца амаль у стылі раблезіянскага карнавалу. Такі элемент стылізацыі спалучаецца з рэалістычнымі сцэнамі, такімі, як, напрыклад, даклад Мураўёва цару: «Гэта ўтрапёны фанатык, чалавек каменнай волі [...] Ён таленавіты арганізатар, ваявода, публіцыст. Ён любіць сваю ідэю...», альбо спробы Мураўёва пераканаць Каліноўскага пры дапамозе подкупу і абяцанняў перайсці на бок цара ў трынаццатай карціне другога акта. Апроч усяго, Караткевіч вельмі жадаў, каб усе ягоныя персанажы маляваліся як цэльныя фігуры, нягледзячы на пераважна гераічны настрой п’есы. Бліжэй к канцу, калі Каліноўскаму ўжо выносяць прысуд, аповед набывае высокапаэтычнае гучанне і суправаджаецца фрагментамі з вершаў: зусім не здзіўляе той факт, што драматург планаваў на аснове гэтага вельмі лірычнага твора паставіць балет.
Як узор драматычнай літаратуры, у адрозненні ад драматызаванай агіяграфіі, «Кастусь Каліноўскі» моцны сваімі «сялянскімі» сцэнамі (сяляне – «аратаі», а рэвалюцыянеры – «сейбіты»), велічна выглядаюць таксама карціны, у якіх з’яўляецца юрод, і фантастычныя раздзелы, не ў апошнюю чаргу прамова жанчыны ў чорным на самым пачатку п’есы. П’еса носіць досыць выразны драматычны характар, аднак трэба заўважыць, што часам дыялогі занадта працяглыя і «літаратурныя», нават меладраматычныя (гэта ў першую чаргу адносіцца да любоўных сцэн). Тым не менш, гэтыя хібы блякнуць перад шматфарбнасцю рамантычнага апісання гераічнай барацьбы, спробаў перацягнуць на свой бок сялян і поруч з імі процістаяць бесчалавечнаму царызму, і не менш гераічным, але пры тым пераканаўча рэалістычным партрэтам лідара беларускіх паўстанцаў. Няма сумнення, што сваімі вершамі, прысвечанымі Каліноўскаму, як і раманам і п’есай Караткевіч стварыў ці не найбольш усебаковы і пераканаўчы вобраз найбуйнейшага беларускага гістарычнага дзеяча ва ўсёй савецкай літаратуры.
Іншая гісторыка-рамантычная драма – «Званы Віцебска» – прысвечана падзеям, звязаным з Віцебскім паўстаннем 1623-1624 гг., была напісана ў 1973-м, упершыню прадстаўлена на сцэне ў 1974-м і апублікавана ў 1977 г. У параўнанні з «Кастусём Каліноўскім» яна мае нават яшчэ больш эпічны характар дзякуючы сваім шматлюдным сцэнам і вельмі шырокаму тэматычнаму дыяпазону. Канфлікт разгортваецца вакол палкіх рэлігійных і палітычных рознагалоссяў гэтага часу паміж вернікамі-уніятамі і праваслаўнымі, у першую чаргу, у Вільні, Магілёве, Оршы і Полацку. Аўтар не хавае сваёй яўнай прыхільнасці да апошніх. Два галоўныя героі гэтай трохактовай драматычнай хронікі – Сцяпан Пасіёра, завадатар паўстання, і уніяцкі арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі Іасафат Кунцэвіч. Аўтар паказвае патрыятычныя матывы нападкаў Пасіёра на уніяцкіх святароў: на ягоную думку, уніяцкая царква з’яўляецца завуаляванай формай польскага каталіцызму, у той час як праваслаўная царква выкарыстоўвае тое, што ён называе «нашай» мовай, якая «Ім [уніятам] ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага – грубая, як калі ў жываце бурчыць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ». Тым не менш, Пасіёра не фанатык, як вынікае з наступных слоў трэцяй карціны:
«Людзі слаўнага места Віцебскага! Каменем мураванага! Дубам чорным апаясанага! Упрыгожанага безліччу званіц і палацаў! Багатага рознымі дзядамі, магутнымі мужамі, жонкамі, што як вясёлкі. Чыстага водамі, зялёнага садамі, працавітага і кніжнага... Ды не. Раней багатага, раней кніжнага. Уніяты прыйшлі. Хай рассыпецца слава наша – жарам. Ім – усё адно. [...] Каб мір зберагчы, мы згадзіліся былі і на унію. Хай будуць два народы, польскі брат ды наш, пад адным началам папы. Хай бы пакінулі нам абрады нашы і мову... [...] Так, яны хрысціяне. І яны хар-рошыя людзі. Можа, лепшыя за нас. Але хіба яны кіруюць? Кіруюць намі і імі, братамі, – ваўкі! І ў ваўкоў права жыцця і смерці, нашай і іхняй».
П’еса пачынаецца з таго, што амаль у поўнай цемры на фоне чорных страшных хмараў і хаатычных цьмяных контураў дамоў і вежаў гучыць голас:
«Гэта было роўна 350 год таму. Чалавецтва змучылася ў рэлігійных войнах XVІ стагоддзя. Многім людзям здавалася, што нават змрок Сярэднявечча – лепшы, бо ў ім была раўнавага духоўная.
І Рым, папа ўзнамерыліся «даць гэтую раўнавагу, даць спакой душам». Нават агнём і мячом, не думаючы, ці варта плаціць за парадак гвалтам і разбоем.
На беларускія землі быў дасланы для вайны з ерасямі, увядзення уніі, саюзу з Рымам і знішчэння іншаверцаў – біскуп Іасафат Кунцэвіч.
Хто не згодзен – плаха, хто гаворыць і думае па-свойму – меч. І таму XVІІ стагодцзе было асабліва страшнае для Беларусі, якая ніколі яшчэ не стаяла так блізка да гібелі.
І ў тым, што так не здарылася, – заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас супраць знішчэння і смерці – Віцебскія Званы».
У гэтым творы, як і ў п’есе «Кастусь Каліноўскі», Караткевіч імкнуўся пазбегчы звышспрошчаных вобразаў. Арцыбіскуп, напрыклад (сярод простых людзей вядомы як «душахват»), паказаны таленавітай і адукаванай ахвярай свайго часу і веры, які прыйшоў да разумення прыроды магутнага процістаяння сваёй царквы і пачынае разважаць над тым, ці мае ён права насаджаць непапулярную сярод людзей веру, ці не прыйшоў ужо час спыніцца:
«Можа, і сапраўды досыць... Гэтых людзей, гэтых... вартых... найлепшага ў свеце... мяцежнікамі. Маладых, гожых, замест багацця і славы – на плаху... Не, не, не, толькі не гэта! Не! Гэй, людзі! Гэй, Палікар! Вярнуць служак, вярнуць магільшчыкаў! Выпусціць усіх са склепаў, з жалезаў! Хай жэняцца – з кім хочуць, вераць – як хочуць. Я ўсё адно ўсё ім аддам. Досыць! Досыць!»
Аднак для народа такія згрызоты сумлення асобнага чалавека не маюць ніякага значэння. Для іх Кунцэвіч – прадстаўнік тых сіл, што былі прычынай іх пакут і здзекаў (у п’есе апісаны пэўныя выпадкі злоўжывання ўладай), і людзі забіваюць арцыбіскупа. Нягледзячы на тое, што яны былі люта пакараны за свой учынак, паўстанцы ўсё ж у нейкім сэнсе дасягнулі сваёй галоўнай мэты – знішчыць тую веру, што насаджалася агнём і мячом.
Аднак няправільна будзе лічыць Пасіёра і Кунцэвіча галоўнымі персанажамі, бо ў гэтай п’есе, як і ва ўсіх драматычных творах Караткевіча, у цэнтры знаходзяцца не асобныя фігуры, а сацыяльныя рухі і сам народ – асноўная іх дзеючая сіла. Як заўсёды, у п’есе вельмі многа дзеючых асоб, і аўтар стварае масавыя сцэны, у якіх, напрыклад, удзельнічаюць прадстаўнікі іншых мяцежных гарадоў, што таксама, як і голас на пачатку твора, служаць для таго, каб намаляваць шырокае гісторыка-рамантычнае палатно (адным з узораў для Караткевіча служыў В. Скот), у межах якога паказаць праўдзівыя персанажы гэтага гістарычнага дзеяння.
У 1984 г., годзе смерці аўтара, была напісана чацвёртая гістарычная п’еса, якая фактычна стала недастаючым звяном у ланцугу. «Маці ўрагану» была апублікавана ў 1985 г. і мела шмат агульнага з папярэднімі гістарычнымі драмамі Караткевіча: яна прадстаўляла шырокую карціну добра вядомага Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг. на чале з Васілём Вашчылам, спалучала камедыю з трагедыяй, надзею з адчаем і адрознівалася яскравым рамантычным бачаннем. Як і ў сваіх ранніх гістарычных п’есах, Караткевіч правёў значную папярэднюю работу ў архівах з мэтай узнавіць «дух часу» (такую мэту ў свой час ставіў Пушкін). Ягонае жаданне захаваць храналагічную дакладнасць бачнае з грунтоўных «Некалькіх апорных пунктаў для рэжысёрскай канцэпцыі», што папярэднічалі п’есе. Як і ў п’есе «Кастусь Каліноўскі», тут паўстанне носіць часткова сацыяльны, часткова нацыянальны характар. У дадзенай сітуацыі з беларускімі сялянамі з Крычаўскага староства дрэнна абыходзяцца арандатары Гдаль і Шмуйла Іцкавічы, якім абыякавы князь Радзівіл аддаў зямлю на разрабаванне. Розніца паміж дабром і злом больш відавочная, чым у іншых п’есах Караткевіча. Паўстанцы ведаюць, што яны асуджаны на паразу, аднак сам факт супраціву несправядлівасці тоіць у сабе вялікую пагрозу іх прыгнятальнікам, а магутны народны элемент п’есы (як і астатніх твораў аўтара) робіць яе спецыфічна беларускім сцвярджэннем нацыянальнай годнасці. І сапраўды, гэтая трагедыя мае хутчэй аптымістычны, жыццесцвярджальны характар, а песні добра перадаюць народны дух. Адна з карцін першай дзеі заканчваецца наступнымі радкамі:
Што там недзе зямлю расцінае?
Гэта
Расце
Гнеў!
Яшчэ да таго, як п’еса дасягае сваёй трагічнай развязкі – як і ўсе іншыя беларускія паўстанні на працягу многіх стагоддзяў, гэта было жорстка падаўлена, – любоў Караткевіча да шумных і гучных дзеяў знаходзіць сваё ўвасабленне, напрыклад, у сцэнах у Радзівілаўскім палацы. У цэлым п’еса ўяўляе сабой узнёслы і кранальны гімн чалавечай мужнасці і непахіснасці. Ні ў якім сэнсе не ідэалізуючы паўстанцаў, Караткевіч стварае рэквіем па ўсіх тых, хто аддаў сваё жыццё ў барацьбе, быў павешаны, пасаджаны на кол альбо затраўлены сабакамі. І нават пры гэтым агульная атмасфера п’есы застаецца пераважна аптымістычнай. Узнаўляючы гераічныя, хоць і задушаныя паўстанні мінулага, Караткевіч найлепшым чынам паказвае сутнасць і моц беларускай нацыянальнай ідэі у той час, калі робяцца планамерныя захады «гамагенізаваць», ці, дакладней, зрусіфікаваць увесь Савецкі Саюз.
Драматычная спадчына Караткевіча ў пэўным сэнсе з’яўляецца бліскучым перастварэннем гістарычных падзей. Чалавек не толькі шырокіх інтарэсаў і вялікі энтузіяст, ён быў таксама асобай надзвычай адукаванай, мог ажывіць пераломныя моманты беларускай мінуўшчыны, асабліва падкрэсліваючы цесную сувязь паміж лідарамі паўстанцаў і народам, які, такім ці іншым чынам, адыгрывае на сцэне важнейшую ролю. Рамантычны і вельмі асабісты падыход Караткевіча да сваёй працы надае п’есам адметны характар і забяспечвае пастаяннае месца ў беларускім драматычным рэпертуары. П’есы зрабілі унікальны ўнёсак у барацьбу Беларусі за сваю нацыянальную і культурную незалежнасць, нават выжыванне.
Проза Караткевіча
Пры ўсёй арыгінальнасці паэзіі і драматургіі, Караткевіч усё ж менавіта дзякуючы сваёй прозе карыстаецца найбольшай папулярнасцю ва многіх краінах свету. Першы ягоны раман «Нельга забыць» (першапачатковая назва – «Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1962), прысвечаны пераважна падзеям нашых дзён, прытым што гістарычны пралог, дзеянне якога адбываецца ў часы беларуска-польскага паўстання 1863 г., адыгрывае ў рамане важную ролю. У параўнанні з больш познімі празаічнымі творамі аўтара, гэтаму ранняму раману не стае дынамізму дзеяння, аднак ён усё ж зрабіў значны ўнёсак у беларускую раманістыку, у першую чаргу сваім падрабязным апісаннем прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. На першы погляд, назва «Нельга забыць» выглядае не вельмі прыцягальна і ў нечым нагадвае квазіпалітычныя савецкія клішэ, але мы не павінны забывацца на тое, што, па меркаванню Караткевіча, высакародныя традыцыі інтэлігенцыі такія ж патрэбныя ў сённяшняй Беларусі, як і раней.
Кніга пачынаецца ўзгадкай пра інсургентаў (так царскі рэжым называў паўстанцаў 1863 г.). Хоць лідар паўстанцаў Кастусь Каліноўскі фактычна і не з’яўляецца ў рамане, адзіным змагаром у кнізе выступае ягоны сабрат па зброі Усяслаў Грынкевіч, які, як мы ў хуткім часе даведваемся, быў схоплены царскімі ўладамі і чакаў пакарання на Магілёўскай гаўптвахце. Аднак у пралогу аўтар засяроджвае сваю ўвагу не на паўстанцах, але на двух афіцэрах царскай арміі, на якіх ускладзена адказнасць за абарону стратэгічна важнай паромнай пераправы праз Дняпро. Першаму з іх, капітану Пора-Леановічу, мнагаслоўнаму магіляўчаніну з пэўнымі сумненнямі ў правільнасці дапамогі ў траўлі свайго народа, не вельмі давяраюць расійскія ўлады, па гэтай прычыне да яго ў памочнікі накіроўваюць масквіча Юрыя Горава. У адрозненні ад свайго калегі-афіцэра, Гораў – чалавек высокіх маральных прынцыпаў і прагрэсіўных ідэй і, на думку Караткевіча, выразнік многіх ідэалаў беларускай і рускай інтэлігенцыі.
Аднойчы «вераб’інай» летняй ноччу Пора-Леановіч павінен быў перавезці праз бурлівую раку жонку Грынкевіча, якая мела пры сабе загад аб памілаванні мужа, падпісаны самім Мураўёвым. Але ён адмаўляецца, тлумачачы гэта высокімі хвалямі на рацэ, на самой жа справе ён ведае, што бязлітасны Мураўёў хоча ўтрымаць жонку Грынкевіча да таго часу, калі будзе пакараны яе муж. І дарэмна Гораў просіць Пора-Леановіча даць дазвол, усведамляючы, што калі Гораў нічога не зробіць, то скампраметуе свае прынцыпы, якія таксама падзяляе гэтая дастойная жанчына, якая рвецца выратаваць мужа. Такім чынам, ён на свой страх і рызыку перавозіць яе праз бурную раку без аніякага дазволу, але ўсё ж яна спазняецца на дзесяць хвілін. Даведаўшыся пра гэта, Гораў называе старэйшага па званню афіцэра нягоднікам і здзіўляе ўсіх, выклікаўшы яго на дуэль і смяртэльна параніўшы. Нават яшчэ больш дзіўным здаецца тое, што Пора-Леановіч, які раней выдаваў розныя цынічныя заўвагі кшталту «Галоўнае – стаць на той бок, які выйграе» і «Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах...», выказвае зараз глыбока схаваныя за цынічнай бравадай згрызоты сумлення: ён шчыра ўдзячны свайму калегу за тое, што той забівае яго, паколькі лічыць гэта сапраўды чалавечным учынкам пасля ўсяго, што сам нарабіў. Пралог заканчваецца сустрэчай Юрыя Горава з самотнай удавой. Караткевіч ясна паказвае, што ноч, калі яны перапраўляліся праз неспакойную раку, стала своеасаблівым водападзелам у жыцці Горава, і ён перасіліў сваю меланхолію, поўную ўзнёслых і прыгожых жаданняў і ідэалаў, якія здаваліся недасягальнымі ў цяжкія часы моцнага прыгнёту; адпаведна, ён пакідае сваю службу. Трыма гадамі пазней, у 1866-м, на паляванні Гораў становіцца сведкам цэлага дажджу зеленаватых знічак, вядомых пад назвай Леаніды, якія надараюцца раз у трыццаць тры гады і якія зараз згасаюць-гінуць тысячамі над чыстымі азёрамі і змрочнымі восеньскімі лясамі:
«Гораў думаў: «Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з’явяцца нашы браты, ці з’явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж».
Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.
Гінулі Леаніды».
Калі Караткевіч пераносіць аповед у савецкія часы, пачынаючы з фразы «Леаніды не вярнуліся», спачатку здаецца, што ён збіраецца следаваць добра вядомай сюжэтнай мадэлі, бо зараз, у 50-я, нашчадак Грынкевіча Андрэй, студэнт, які піша вершы і музыку да фільмаў, едзе ў Маскву вучыцца. Ягоная першая любоў гіне ў аўтамабільнай катастрофе, аднак пазней Андрэй сустракае выкладчыцу гісторыі мастацтва Ірыну Гораву, якую пакахаў, і такое каханне вельмі рэдка (калі ўвогуле) сустракаецца на старонках беларускіх твораў. Адукаваны чытач можа западозрыць, што ўсе надзеі і памкненні папярэднікаў сённяшніх маладых людзей здзейсняцца стандартызаваным чынам. Аднак у рамане ёсць шэраг арыгінальных момантаў, дасюль не ўласцівых беларускай літаратуры: Грынкевіч, па сутнасці, ці не першы герой – патомны інтэлігент; да таго часу ўсе персанажы былі прадстаўнікамі інтэлігенцыі ў першым пакаленні.
Сюжэт кнігі крыху больш складаны, чым гэта можа падацца на першы погляд. Аўтар апісвае пэўныя моманты з жыцця Андрэя, а менавіта ягоныя дзіцячыя гады сярод партызан і ў тыле, што дазволіла Караткевічу перадаць сваю велізарную нянавісць да вайны і паказаць тую паніку, якую яна выклікала ў савецкіх людзей. Ірына таксама расказвае гісторыі пра абарону Масквы: хоць горад і не здалі фашыстам, аднак гераіня згубіла свайго каханага і сама была паранена шрапнеллю. Вайна пакалечыла лёсы і Андрэевага дзядзькі з Сухадола, і старога хірурга Глінскага, які на вайне страціў жонку. Праз дваццаць год Ірына, якую да жыцця прывязвала толькі каханне да Андрэя, пагадзілася на аперацыю, каб дастаць з грудзі асколкі шрапнелі, аднак у хуткім часе пасля таго памерла. І мы бачым, як вайна не дае пра сябе забыць. Не менш ясным для Андрэя з’яўляецца і тое, што паўстанне 1863 г. і ідэалісты, якія прымалі ў ім удзел, таксама не павінны быць забытыя.
Гэты раман – больш чым проста ўражлівая і трагічная любоўная гісторыя, у першую чаргу, дзякуючы ідэалістычнай ролі Андрэя ў савецкім грамадстве, якая адбіваецца амаль на ўсіх тых, хто сустракаецца на ягоным шляху: на ягоным сябры Янісе і многіх цынічных апанентах, сярод якіх – фанабэрысты невук-мешчанін Стаўроў і дробны інтрыган Ліпскі, хоць у першую чаргу ў фокусе ягонай увагі знаходзіцца, канечне ж, Ірына. Караткевічу досыць глыбока ўдаецца апісанне вялікай блізасці, якая ўзнікла паміж гэтымі двума людзьмі, звязанымі паходжаннем і, у нейкім сэнсе, жыццёвым досведам. Мы можам паверыць у сустрэчу душаў, аднак Андрэева абсалютызацыя ўсіх рысаў характару і паводзін Ірыны, нават таго, як яна есць, падаецца празмернай. Аўтар, захапіўшы настроем думак гэтай высокакультурнай пары, не заўсёды сочыць за сваім стылем, што праяўляецца, напрыклад, у частых паўторах аднаго і таго ж прыметніка і сведчыць пра не зусім спелы характар твора. Між іншым, на старонках гэтага, можа, і не дасканалага, але цікавага рамана аўтар змясціў мноства вершаў.
Ці не найбольш папулярным творам Караткевіча стала аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», напісаная ў 1964 г., у якой аўтар пераказвае падзеі, што адбыліся з ужо вельмі старым сёння беларускім этнографам, які ў канцы XІX ст., у гады сваёй маладосці, нечакана сутыкнуўся са змрочным беларускім паданнем: ціха імчыць над палескімі верасовымі пусткамі да старога палаца прывіднае дзікае паляванне, каб адпомсціць за былую несправядлівасць. Раман, квазігатычны па жанры (апавядальнік нават узгадвае мадам Радкліф, адмаўляючы яе ўплыў), мае не толькі моцны дэтэктыўны і прыгодніцкі пачатак, але прыпраўлены і моцнай доляй сацыяльных каментароў (некаторыя з іх, магчыма, з улікам савецкай цэнзуры), якія даваў свабоднамысны апавядальнік. У рамане прыводзіцца безліч этнаграфічных і гістарычных дэталяў (у сувязі з асноўным зацікаўленнем галоўнага героя), а таксама шэраг вельмі дакладных апісанняў надзвычай змрочнага беларускага кутка, дзе адбываюцца абсалютна неверагодныя падзеі.
Трапіўшы ў родавае памесце Яноўскіх, Андрэй Беларэцкі ў хуткім часе заўважае, што яго прафесійныя пытанні пераплецены з інтрыгамі і цёмнымі справамі, якія акружаюць маёнтак і яго кволую, амаль не ад міра сяго гаспадыню Надзею Яноўскую, якая спачатку зрабіла на Андрэя дзіўнае і досыць непрыемнае ўражанне:
«Маленькая ростам, худзенькая, танюткая, як галінка, з амаль неразвітымі клубамі і ўбогімі грудзямі, з блакітнымі жылкамі на шыі і руках, у якіх зусім, здавалася, не было крыві, – яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы.
Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны, затрапезны кукіш на патыліцы?
Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы, застыглы выраз.
«Небарака, д’ябальскі непрыгожая», – з жалем падумаў я і апусціў вочы».
Нягледзячы на гэтае ўражанне, менавіта з Надзеяй звязана любоўная ніць аповеду, калі павольна, але абсалютна радыкальна змяняюцца адносіны апавядальніка да гэтай жанчыны, а адзін з адмоўных персанажаў рамана, як аказваецца, даходзіць амаль да шаленства, калі Надзея адмаўляе яму. Раман мае «хэпі энд»: фалькларыст Беларэцкі забірае Яноўскую з яе змрочнага маёнтка ў горад, да поўнага сямейнага шчасця жыцця (нават у Сібіры ў 1902 г.). Ягоныя рамантычныя адносіны такія ж моцныя, як раней адмоўныя. Спачатку Беларэцкі хоча адно толькі выратаваць Надзею ад здзекаў, аднак, урэшце, знаходзіць вялікае шчасце («Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляюся гэтаму, як сну»).
Але да таго, як гэта адбылося, было многа жахлівых і таямнічых эпізодаў. У дадатак да дзікага палявання, якое, здаецца, пужала Надзею да смерці і даводзіла да стану вар’яцтва (і яна сама, відавочна, змірылася з такім лёсам), быў яшчэ Малы Чалавек Балотных Ялін з незвычайна доўгімі пальцамі, чый брыдкі твар часам з’яўляўся ў акне. Надзея так апісвае гэтую пачвару:
«Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы – нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа... трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральна выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі».
Наводзіць жах таксама і таямнічая Блакітная Жанчына, якая плыла, амаль не дакранаючыся падлогі, па калідорах уночы, а таксама незразумелыя крокі ў пераходах палаца, сакрэтныя панэлі, галаснікі, і шмат чаго іншага з арсеналу гатычнага рамана. Аднак, у рэшце рэшт, для ўсяго знаходзіцца абсалютна рацыянальнае тлумачэнне. Сюжэтныя пасажы ўключаюць дуэль у цёмным пакоі, оргію эпічнага размаху і, пасля шматлікіх падазрэнняў, адкрыццё таго, што адным з арганізатараў жахаў, задуманых, каб атрымаць маёнтак, аказаўся добры і вясёлы апякун Надзеі Дубатоўк, які быццам бы прыхільна паставіўся і да самога апавядальніка.
Караткевіч, безумоўна, вялікі майстра заблытаных сюжэтаў і жывога стылю апавядання, якасцяў, не ўласцівых каму-кольвечы іншаму сярод прадстаўнікоў усходнеславянскай літаратуры. Ягоныя апісанні прыроды ўражваюць сваёй дакладнасцю і трапнасцю, якой ён здолеў дасягнуць без бачных высілкаў, паколькі галоўны герой фалькларыст Беларэцкі з’яўляецца таксама і батанікам. Вось якім, напрыклад, упершыню ён бачыць дом:
«Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буяла мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэтага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў».
Карціна беларускай гулянкі ў доме Дубатоўка, апекуна Надзеі, выглядае вельмі апетытна і нагадвае больш сціплыя, хоць і не менш запамінальныя сцэны з «Новай зямлі» Коласа, і ў спалучэнні з барочнай пышнасцю багатых страў і напояў, апісаных з такімі эпікурэйскімі падрабязнасцямі, часам выклікае асацыяцыі з Гогалем:
«Перада мною вырасла гара. Я паспрабаваў пратэставаць, але выклікаў такі выбух абурэння (у аднаго з гасцей нават слёзы пацяклі; праўда, ён быў трохі на падпітку), што я здаўся.
Лабідуда Антось прынёс мне на падносе «разгонную» чарку. Я вельмі моцны на хмель чалавек, але тут разгубіўся. У чарцы было не менш як на бутэльку нейкай жоўтай празрыстай вадкасці. [...]
– Што гэта? – праглынуўшы добры кавалак шынкі, спытаў я.
– Го! Старку польскую ведаеш, гарэлку ведаеш, хахлацкі спатыкач таксама, а нашага «трыс дзівінірыс» не ведаеш. Гэта, браце, па-літоўску «тройчы дзевяць», гарэлка на дваццаці сямі травах. Мы яе сакрэт у літоўцаў выведалі стагоддзі таму. Зараз яе і самі літоўцы забылі, а мы яшчэ памятаем. Пі на здароўечка, пасля я цябе страўным мёдам пачастую.
– А гэта што? – спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы.
– Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Еш, браце, сілкуйся. Гэта страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі. Еш, абавязкова іх еш».
«Візантыйская» Беларусь, да якой аўтар шматкроць звяртаецца на працягу ўсёй аповесці са словамі; «Радзіма мая! Гаротная маці! Плач!», таксама апяваецца і ўсхваляецца, у першую чаргу, за свой народ і багатую культуру (асабліва XVІІ ст.), якая прыйшла ў жахлівы фізічны і маральны заняпад напрыканцы XІX ст. Прычыны гэтага ляжаць не толькі ў варагуючай шляхце, якая здрадзіла сваім нацыянальным традыцыям, але таксама і ва ўладзе Рускай імперыі, апошняй са шматлікіх прыгнятальнікаў Беларусі, і ў той самы час абумоўліваюць прафесійны выбар Беларэцкага, пра што трохі дзёрзка і іранічна ён сам кажа ў першым раздзеле:
«...у гімназіі (а гэта было тады, калі яшчэ не забыўся чорнай памяці папячыцель Карнілаў, паплечнік Мураўёва) называлі нас, гледзячы на мову бацькоў, «древнейшей ветвью русского племени, чистокровными, истинно русскими людьми». Вось як, нават больш рускія, чым самі рускія! Прапаведвалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя – абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры божачка даў нам рогі.
Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэтае разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную – зведанне гэтага народа».
Бачанне апавядальнікам маральнага разлажэння мясцовай дробнай шляхты з яе неадукаванасцю і снабізмам, кантрастуе з апісаннем сялян, узброеных віламі, якія, урэшце, далучаюцца да Беларэцкага, каб раз і назаўсёды спыніць дзікае паляванне караля Стаха ды скончыць з бязлітаснай шарадай, якую людзі спланавалі дзеля таго, каб задаволіць непамерную сквапнасць і жорсткасць.
Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» працуе на ўсіх узроўнях: як гатычны аповед, поўны жахаў, як дэтэктыў, як любоўная гісторыя, як апісанне старой культуры і сумнага яе заняпаду, часткова ад нанесеных самой сабе ранаў і, апрача ўсяго, як сцвярджэнне жыццяздольнасці Беларусі, хоць і богам забытай («О, якая жахлівая, якая вечная і нязмерная твая туга, Беларусь!»), – але, тым не менш, цудоўнай краіны.
Твор, што меў для аўтара самае вялікае значэнне – гэта, безумоўна, раман «Каласы пад сярпом тваім», які складаецца з дзвюх частак: «Выйсце крыніц» і «Сякера пры дрэве» (абедзве ўпершыню былі надрукаваны ў «Полымі» ў 1965 г.). Хоць Караткевіч часта ўзгадваў пра яшчэ дзве наступныя кнігі, «амаль скончаныя» ў рукапісным варыянце, аднак атрымалася так, што яны дзесьці загубіліся. Але нават тое, што мы сёння маем, з’яўляецца найбольш дасканалым сярод усіх ягоных раманаў у плане гістарычнай і сацыяльнай шырыні аповеду, трапных і пранікнёных характарыстык, адмысловых пейзажаў, жывой мовы і вобразаў ды адмысловай сюжэтнай пабудовы. У гэтым буйнейшым сваім творы Караткевіч ізноў паспрабаваў узнавіць настолькі поўна, наколькі гэта ўвогуле магчыма, гістарычны перыяд, спалучыўшы рэальныя і выдуманыя падзеі і персанажаў і выказаўшы ў поўнай меры свае ўласныя погляды і перакананні. Гэта перыяд Варшаўскага паўстання 1861 г. і адмены прыгоннага права, і аўтар імкнецца паказаць сацыяльна-палітычныя і псіхалагічныя перадумовы паўстання 1863-1864 г. на чале з Кастусём Каліноўскім. Сам Каліноўскі адыгрывае ў рамане досыць нязначную ролю, а ў якасці галоўнага героя выступае князь Аляксандр (Алесь) Загорскі, нашчадак вальнадумнага беларускага роду, чые юнацтва і выхаванне апісваюцца надзвычай падрабязна, і тое, як ён становіцца ўсё болей і болей абазнаным у пытаннях сваёй нацыянальнай прыналежнасці і несправядлівасці, чынімай у адносінах да ягонага народа. Гадуючыся ў сялянскай сям’і, як было прынята ў дваранскіх беларускіх сем’ях у XVІІІ ст., ён навучыўся бачыць свет вачыма простых сялян Кагутаў, што ў далейшым сталі ягонымі сябрамі і паплечнікамі ў рэвалюцыйнай справе. Тое, што ён чуў іх мову і чытаў старыя рукапісы, прывяло яго да пераканання, што беларуская мова – гэта мова ўсяго ягонага народа. Усведамленне гэтага дапамагло яму зразумець, што сяляне і дваране не маюць ніякага іншага выбару, як толькі аб’яднацца разам, каб процістаяць царскай Расіі. Хоць і не будучы гарачай галавой, у школе Аляксандр уступае ў барацьбу за неабходнасць змагацца за сацыяльную і нацыянальную незалежнасць, а ў Санкт-Пецярбургу яго выключаюць з універсітэта за сувязь з рэвалюцыйнай групай «Агул». Вельмі сур’ёзны ўплыў на яго аказаў Каліноўскі, спачатку сваім лістом, а потым асабіста. Загорскі паслядоўна дапамагае нам узнавіць больш поўны партрэт лідара паўстанцаў.
Караткевіч тлумачыў, што стаў пісаць такі доўгі раман з-за недасведчанасці сваіх суграмадзян у пытаннях беларускай гісторыі, таму адукацыйная функцыя гэтага тэматычна шырокага і надзвычай багатага на персанажы рамана абсалютна відавочная. Сярод постацяў беларускай літаратуры, прадстаўленых у ім, узгадваюцца Ф. Скарына, Я. Баршчэўскі, А. Кіркор, У. Сыракомля і Ф. Багушэвіч, а таксама шэраг іншых усходнеславянскім дзеячаў, у тым ліку рускі лінгвіст І. Сразнеўскі і ўкраінскі паэт Т. Шаўчэнка (апошні быў, у нейкім сэнсе, адным з натхняльнікаў беларусаў). На першым плане малююцца таксама фігуры выбітных гістарычных дзеячаў. Апрача гэтага, аўтар гаворыць і пра багацце беларускай культурнай спадчыны, і пра змаганне беларускіх патрыётаў, такіх, як Загорскі, за тое, каб абараніць яе перад тварам няспыннага культурнага і палітычнага ўціску з боку Расіі і Польшчы. Карціна росту беларускай нацыянальнай самасвядомасці ў рамане выглядае вельмі пераканаўча і натхняльна, у першую чаргу, у сувязі са складанасцямі дачыненняў паміж сялянамі і дваранствам: на пачатку рамана група сялян нападае на маёнтак аднаго з землеўладальнікаў – Яраслава Раўбіча, які ўдзельнічае ў падрыхтоўцы паўстання, апошні ледзь не гіне ў гэтай сутычцы, – большасць гэтых сялян, што рыхтуюць паўстанне (у адрозненні ад тых, хто здае дваран-дысідэнтаў рускім уладам) уваходзяць у ўзброенае фарміраванне, вядомае пад назвай «лясныя людзі», якое узначальвае дзікі і непрадказальны мяцежнік Корчак. Як становіцца ясна ў ходзе рамана, нейкае паўстанне павінна адбыцца, і таксама ясна, што яно асуджана на правал. У сувязі з гэтым раскрываецца метафарычнае значэнне назвы рамана ў сцэне, калі Алесь глядзіць на сялян, што прыйшлі ў царкву паслухаць царскі маніфест:
«Ён бачыў твары людзей, асабліва з іншых вёсак, бачыў усё гэта беднае чалавечае мора, на якое глядзеў з купала пантакратар. Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. [...] яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, класамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь».
Вобраз пасеянага і зжатага збожжа лейтматывам праходзіць праз увесь раман, як і белыя жарабяты і коні – увасабленне свабоды, якіх Алесь бачыць у сваіх снах.
Метафары адыгрываюць вялізную ролю на працягу ўсяго твора, як і ва ўсёй творчасці Караткевіча, і наступны прыклад – добрае таму пацвярджэнне:
«Жывая песня ў мёртвых снягах. Маленькае сэрца не звяртае ўвагі, што вялікае вось-вось разарвецца. Не звяртаючы ўвагі на сусвет, на тое, што будзе заўтра, на мяжу пазнання, на зорныя астравы, мудра і мужна льецца песня...»
У творы шырока выкарыстоўваюцца ўвасабленні, аднак большасць найбольш запамінальных аўтарскіх метафар звязана непасрэдна з прыродай. Добрым прыкладам можа паслужыць апісанне грушы на пачатку рамана, якое, без сумнення, адлюстроўвае ліберальныя, свабодалюбівыя элементы савецкага грамадства:
«Груша цвіла апошні год.
Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца.
І, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна.
Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў, каб пасадзіць у іншым месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлі. Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў».
«Каласы пад сярпом тваім» – найбольш багаты і дасканалы ў стылёвых адносінах празаічны твор. Апрача шматлікіх метафар аўтар выкарыстоўвае багатую палітру фарбаў, атрымліваючы асалоду ад візуальных і гукавых эфектаў: мова ягоная ўяўляе сабой неверагоднае змяшэнне дыялектных магілёўскіх, прастамоўных, літаратурных і кніжных беларускіх элементаў, часам нават узнікае пачуццё празмернасці, выкліканае мноствам лірычных адступленняў і ўлюбёных вобразаў. У рамане безліч чароўных пейзажных замалёвак, што дэманструюць магутнае візуальнае майстэрства Караткевіча. Карціна Дняпра – адна з іх:
«Дняпро цячэ паміж высокіх берагоў спакойна і ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад іх: наздраватыя вапнякі, чырвоныя з ліловым адценнем пліткі жалезняку і векавечныя, варажскіх часоў, дубы».
Г. Кісялёў вельмі трапна абазначыў жанр гэтага шматпланавага твора як не проста гісторыка-рэвалюцыйны ці сацыяльна-гістарычны раман, але таксама раман пра жыццё, філасофскі раман. У той час, як яго цэнтральнай тэмай з’яўляецца рост нацыянальнай свядомасці ў Беларусі напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага, абсалютна справядліва заўважана, што ў ім значна болей тэмаў, чым толькі гісторыя і палітыка. Дзеянне твора з Магілёўшчыны пераносіцца ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Варшаву і Вільню, і не ўсе персанажы маюць дачыненне да падрыхтоўкі ці падаўлення паўстання. Раман насычаны разнастайнымі прыгодамі, гумарыстычнымі сцэнамі, асабістымі канфліктамі і іншымі інтрыгамі, у ім таксама ёсць любоўныя калізіі і дуэль. У жыцці Алеся Загорскага існуюць дзве жанчыны: актрыса Гелена і шматпакутная, але абсалютна нязломная Майка. Ягонае да іх пачуццё, тым не менш, апісваецца вельмі пранікліва і цёпла. Караткевіч стварае адмысловы вобраз Алесева дзеда Данілы Вежа-Загорскага, які можа служыць прыкладам творчага рамантычнага падыходу аўтара да гісторыі. Неверагодным, напрыклад, падаецца прыведзенае Караткевічам апісанне беларускіх пастановак на сцэне прыгоннага тэатра Данілы і асабліва чытанне выдатных вершаў, якія складаюць частку прадстаўлення. Іншым прыкладам свабоднага абыходжання Караткевіча з гістарычнымі фактамі можа быць вельмі натуральная перапіска паміж Алесем Загорскім і Каліноўскім. На карысць канцэпцыі рамана аўтар лічыць мэтазгодным апусціць той факт, што ліставанне ў гэтай частцы свету магло пашкодзіць людзям у 1850-я гг., таксама як і стагоддзем пазней. Не дзіва, што як толькі выйшаў у свет раман, ён адразу выклікаў досыць эмацыянальную і супярэчлівую рэакцыю. Як і ў выпадку з многімі іншымі дыскусійнымі творамі гэтага перыяду (напр., «Мёртвым не баліць» В. Быкава), прайшло многа часу да таго, як быў дадзены дазвол на публікацыю рамана асобнай кніжкай, але сёння мы можам смела прызнаць яго сапраўднай вехай у беларускай гістарычнай прозе.
Якім бы ні быў лёс трэцяй і чацвёртай частак «Каласоў пад сярпом тваім», у 1981 г. Караткевіч здзіўляе сваіх чытачоў, напісаўшы аповесць «Зброя», у якую пераносіць некалькі персанажаў рамана, а менавіта Алеся Загорскага і братоў Кагутаў. Дзеянне аповесці адбываецца ў Маскве, куды Алесь едзе з дзвюма мэтамі – купіць зброю для будучага паўстання і вызваліць Андрэя Кагута з турмы. Сам Караткевіч падкрэсліваў, што «Зброя» – гэта не працяг рамана, а бакавы атожылак.
Яна малюе ў несумненна сатырычным ключы жыццё маскоўскіх нізоў з усімі іх сацыяльнымі праблемамі, такімі, як эксплуатацыя, злачыннасць, хабарніцтва і даносы, якія падточвалі грамадства ад самых яго каранёў. У гэтую багну, такую чужую Алесевай ідэалістычнай чыстай натуры, ён павінен апусціцца, каб нелегальна атрымаць зброю, але нават тут праяўляецца ягоная высакароднасць, калі ён спрабуе выратаваць прыніжаных і пакрыўджаных, што сустракаюцца на ягоным шляху, у першую чаргу, няшчасную жанчыну і юнага Сашку Шчалканава. Аповесць «Зброя» досыць чытабельная, яна нават зацягвае, аднак усё ж выклікае свайго роду шок у вельмі многіх чытачоў, што ўжо пазнаёміліся з гэтымі персанажамі ў абсалютна іншых абставінах.
Трэба коратка ўзгадаць яшчэ пра дзве аповесці аўтара, якія адразу набылі шырокую папулярнасць: «Чазенію» (спярша ў 1969 г. апублікаваную на рускай, а ў 1970 г. – на беларускай мове) і «Лісце каштанаў» (1973). Дзеянне другой з іх, ваеннай, ці, лепей сказаць, антываеннай гісторыі адбываецца ў 1944 г. у Кіеве пасля таго, як Савецкая Армія вызваліла горад. У цэнтры аповесці знаходзіцца група чатырнаццаці-шаснаццацігадовых юнакоў, сярод якіх Васілько Стасевіч, ад імя якога вядзецца аповед, два ўкраінцы, цыганка-малдаванка і немец. Падлеткі плануюць дабрацца да лініі фронту, якая ўжо перасунулася на захад, а пакуль гуляюць у вайну і ў той самы час, нягледзячы на зруйнаваны, галодны горад, радуюцца жыццю, як гэта магчыма толькі ў юнацтве, і кахаюць (каханне ўзнікла паміж апавядальнікам і малдаванкай Нонкай). Аднак пры ўсіх сваіх гульнях яны не перастаюць марыць пра новы, мірны і лепшы свет. У надзеі прыспешыць яго надыход яны выкопваюць зброю з пакінутых немцамі пячораў за горадам для таго, каб далучыцца да савецкіх салдат, але ад выбуху бомбы трое з іх гінуць. Для тых, хто застаўся жыць, лісце каштанаў набывае, сапраўды, вялікае значэнне: увосень, калі каштаны становяцца жоўтымі і чырвонымі, яны абуджаюць горкія згадкі пра сяброў і сваё ўласнае горкае дзяцінства. Як і многія Караткевічавы празаічныя творы, аповесць «Лісце каштанаў» напісана вельмі лёгкім і свабодным стылем, і гэты несумненна аўтабіяграфічны аповед пераконвае чытача ў сапраўднасці перажыванняў аўтара.
«Чазенію» сам Караткевіч называў «паэмай», яе жанр можна таксама вызначыць як экалагічны раман. У гэтай горка-салодкай лірычнай аповесці выбітны малады вучоны-атамнік Севярын Будрыс, які сам сябе лічыць чымсьці трохі лепшым за вылічальную машыну, адчувае небяспеку ад нярвовых перагрузак, звязаных з вельмі руцінным характарам ягонай працы. Будрыс збягае ў тайгу, каб захаваць здаровы розум (Караткевічу вельмі спадабаўся гэты край, дзе ён завёў сабе шмат сяброў), дзе сустракае маладую натуралістку Гражыну Аршылу, якая аказваецца нашчадкам беларускага інсургента, сасланага ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг., памяць пра якое ўсё яшчэ жыве ў яе сям’і.
У значнай ступені «Чазенія» – гэта гімн некранутай таёжнай прыродзе Далёкага Усходу, якую Караткевіч апісвае з рамантычным энтузіязмам і ў тонкіх прачулых дэталях. Спачатку здаецца, што маладыя людзі створаны адзін для аднаго, і, сапраўды, яны з галавой акунаюцца ў каханне. Севярын, тым не менш, у працэсе сваёй працы атрымаў немалую долю радыяцыі, і ягоныя эксперыменты нясуць экалагічную пагрозу прыродзе. Гражына, думаючы пра сваіх будучых дзяцей, усведамляе гэтую небяспеку і не можа змірыцца з ягонай працай. У святле Чарнобыльскай трагедыі яе словы гучаць як прароцтва:
«Я зямлю люблю, даліны, невысокія, зялёныя, вось такія, горы. Цеплыню люблю. У ёй прыгажосць. І сапраўдная вышыня – у ёй. Чорта людзям у вышынях, на якіх нельга жыць... Якая страшная праца!»
Яе трывога і страх у сувязі з ягонай прафесійнай дзейнасцю ўрэшце прыводзяць іх да пакутлівага расстання. Аповед Караткевіча ізноў гучыць вельмі пераканаўча, нягледзячы на ўзнёслы рамантызм любоўнай калізіі і эфектныя карціны сібірскай прыроды. Гэтая незвычайна гуманная аповесць мае, сапраўды, агульначалавечае значэнне.
Наступны буйны твор Караткевіча пачаўся са стварэння сцэнарыя да фільма «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка». Аднак калі быў адзняты фільм і адразу пакладзены на паліцу без усякіх перспектыў быць паказаным у застойныя брэжнеўскія часы, у аўтара ўзнікла ідэя сцэнарый перарабіць у самастойны празаічны твор. У выніку з’явіўся «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966) – адзін з найбольш вобразна багатых і шматпланавых раманаў Караткевіча, трагікамічная сярэднявечная містэрыя, якая ніколі не страціць сваю актуальнасць.
Дзеянне рамана адбываецца на пачатку XVІ ст. і суправаджаецца кароткай узгадкай пра з’яўленне лжэ-Хрыста падчас панавання Жыгімонта І, якую Караткевіч знайшоў у «Кроніцы Белай Русі...» (1582) Мацея Стрыкоўскага і якая паслужыла эпіграфам да рамана. У цэнтры дзеяння знаходзіцца група несамавітых вандроўных ліцадзеяў, на чале з былым шкаляром Юрасём Братчыкам, што прыйшлі да Гарадзенскай брамы:
«І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам... Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад’есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны, – і гэта было недарэчна і смешна.
За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.
З цярновым вянцом на лбе».
У месцы, куды прыйшла гэтая пярэстая кампанія, панавалі беспрынцыповыя, жорсткія і часам вартыя смеху езуіты на чале з біскупам Лотрам і ягоным памагатым Басяцкім. Караткевіч у сатырычных танах малюе органы кіравання сярэдневяковай Гародні, апісваючы, напрыклад, царкоўны судовы працэс над ерэтычнай мышшу, у той час як людзей-ерэтыкоў і магчымых ведзьмаў чакаюць жудасныя па сваёй бесчалавечнасці катаванні. Лжэ-Хрыста Юрася Братчыка ўлады горада хапаюць і запіраюць у злавесным Гарадзенскім замкавым палацы. Аднак гараджане і рэлігійныя скептыкі вераць, што яны сталі сведкамі другога прышэсця і ідуць на штурм палаца, каб вызваліць Братчыка. Вынаходлівы біскуп хуценька вырашае, што для царквы зручней за ўсё будзе прызнаць яго за Хрыста, агаварыўшы з ім тую ўмову, што ён мусіць узнесціся на неба ў месячны тэрмін. Братчык напачатку выступае супраць такога павароту падзей, аднак паступова сам уваходзіць у ролю, паўтараючы вядомыя «цуды»: хлябы і рыбу ён, напрыклад, атрымлівае, абрабаваўшы гандляроў хлебам і рыбай; Лазара ён «уваскрашае» пасля моцнага перапою і гэтак далей. Ён таксама атрымлівае перамогу над татара-мангольскім ханам: калі апошні здзекліва прапаноўвае яму падставіць другую шчаку, Братчык дае яму добрага тычка ў зубы. Ягоныя фальсіфікаваныя «цуды» ўвесь час мяжуюцца з натуральнымі злачынствамі, што ўчыняюць ягоныя непаслухмяныя «апосталы». Раман, відавочна, дэманструе не толькі раблезіянскія элементы, але і магутны ўплыў Тыля Уленшпігеля, аднак Хрыстос паняволі сам паступова пачынае адыгрываць значную сацыяльную ролю, якая прыцягвае да яго ўсё больш і больш паслядоўнікаў. Адзін з іх, гарадзенскі цясляр, наступным чынам выражае іх пачуцці:
«– А бог цябе ведае, – сказаў Кляонік. – Я... не дужа. Але ж хто б ты ні быў – ты з намі ў адну дуду дзьмеш, аднолькавыя поршні носіш, галадаеш, як мы. Даў ты нам хлеб. І яшчэ... даў ты нам веру. Веру ў тое, што не ўсе нам ворагі, што не ўсе нас хочуць ціснуць. Павінен быў ты прыйсці».
Сам Братчык марыць пра зямлю дастатку і гармоніі, аднак пастаянна сутыкаецца з суровай рэчаіснасцю сярэдневяковай Беларусі і паступова прыходзіць да разумення, што ягоная роля заключаецца ў тым, каб дапамагаць сваім забітым землякам, як ён і тлумачыць сваёй Магдаліне:
«Я іду да іх. Я яшчэ толькі не ведаю як. Але гэта беднае мора... Без грошай, без зямлі, без магчымасці ісці куды хочаш, без вачэй, без мовы – бог мой, што перад гэтым мая шкура, што перад гэтым усе храмы!».
Братчык уздымае сялянскі бунт, народ захоплівае Гародню і хутка дзеліць паміж сабой дабро царкоўнікаў і арыстакратаў, перад тым як вярнуцца назад да сваіх надзелаў. Не дзіўна, што ўлады ў хуткім часе даюць адпор і хапаюць паўстанцаў. З гэтага часу словы сялянскага Хрыста набываюць сур’ёзнае маральнае гучанне, калі ён размаўляе з гарадскімі і царкоўнымі ўладамі, кажучы ім, што ён стаў тым, якім яны зрабілі яго, тым, якім баяліся яго бачыць, і калі б зараз уваскрос Бог, з якога пачалася ўся іх справа, то яны і з ім зрабілі б тое самае. Дзякуючы аднаму з цудоўных пабегаў, Братчык пазбягае лёсу ахвяры і ў досыць сімвалічнай канцоўцы твора ўз’ядноўваецца са сваімі прыхільнікамі, некаторыя з якіх аселі на сваёй зямлі, а іншыя накіраваліся ў аддаленыя мясціны дзесьці паміж Палессем і Белавежскай пушчай чакаць лепшых часоў. Кніга заканчваецца на біблейскай ноце, адным з улюбёных вобразаў Караткевіча: «...выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая».
Юрась Братчык, шкаляр-недавучка, што становіцца народным героем, – адно з найвялікшых стварэнняў Караткевіча, багатае здаровым сялянскім розумам, добрым гумарам і нязменным аптымізмам у безлічы розных сітуацый. Мова, якой апісваюцца ягоныя прыгоды, вельмі розная, ад архаічнага стылю хронік і жывой, часам дыялектнай гаворкі простага народа да ўзнёслай мовы трагедыі, сентыментальнасці і высокіх пачуццяў. Але яна ў значнай ступені і асучасненая, дзякуючы рэху савецкіх лозунгаў. Застаецца не зусім ясным, ці ўключыў Караткевіч гэтыя відавочныя анахранізмы свядома, ці яны з’явіліся проста ў сувязі з універсальным характарам таго, што ён апісваў.
У рамане шмат аб’ектаў для вострай крытыкі і сатыры аўтара. Словы прадаўца індульгенцый, які прапануе іх за згвалтаванне адзінаццаці тысяч вядомых святых дзеў «оптам ці ў розніцу», гучаць, без сумнення, як здзек. У той жа час досыць чароўна выглядае іншы эпізод, пра які распавядае дробны шляхціч Багдан Роскаш, высакародны чалавек, якога не спакушае матэрыяльны дабрабыт. Калі ён апісвае маленькую перамогу над магнатам, што абазваў яго хамам і мужыком, ён заўважае з трыумфам: «І ён яшчэ казаў, што дваранін. Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў – хіба што толькі зусім п’яны». Сатыра і іронія складаюць толькі частку магутнай сілы гэтага рамана, якая абумоўлена таксама шырокім паказам жыцця сярэдневяковай Беларусі. Можна нават сцвярджаць, што некаторыя анахранізмы кнігі, такія, як, напрыклад, з’яўленне езуітаў у Беларусі на пяцьдзесят гадоў раней таго, калі яны на самой справе прыйшлі, хутчэй за ўсё можна трактаваць як дапушчальную аўтарскую свабоду ў адносінах да перадачы рэальных падзей з мэтай прадставіць энцыклапедыю беларускага жыцця XVІ ст. Гэты раман, безумоўна, адзін з самых багатых філасофскіх і гістарычных твораў беларускай літаратуры.
Шырыня інтарэсаў і творчай фантазіі Караткевіча знайшла адлюстраванне ў многіх аповесцях і апавяданнях 60-70-х гг. Апошнім буйным творам, апублікаваным пры жыцці аўтара, стаў раман «Чорны замак Альшанскі» (1979-1980). Раман пісаўся на працягу больш чым дзесяці гадоў, у 1983 г. выйшаў асобнай кнігай, а праз год паводле яго быў зняты аднайменны фільм. Па сваім жанры гэты твор блізкі да «Дзікага палявання караля Стаха», аднак элемент гістарычнага дэтэктыўнага апавядання ў ім яшчэ больш моцны (сам аўтар называў яго філасофскім дэтэктывам), хоць гэта адначасова і глыбокі філасофскі раман, які спалучае надзвычайную эрудыцыю аўтара з пастаянным клопатам пра захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі. Караткевіч спадзяваўся, што, напісаўшы такую кнігу з вельмі жывым сюжэтам, ён зможа стымуляваць інтарэс чытача да беларускай мовы. Улічваючы тое, што ягоны раман набыў неверагодна шырокую папулярнасць, можна лічыць, што Караткевіч з поспехам дасягнуў гэтай мэты.
Галоўным героем і апавядальнікам у творы выступае Антон Косміч, спецыяліст па гісторыі Сярэднявечча, для якога – як, канечне ж, і для самога аўтара – мінуўшчына складае неад’емную і жывую частку сучаснасці: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». Супрацоўнічаючы з аператыўнай следчай групай, хоць часам і ўступаючы ў канфлікт з фармалістам міліцыянерам Клепчам, ён праяўляе сваю незвычайную інтуіцыю ў вырашэнні цэлага шэрагу пытанняў. Хто і чаму на пачатку XVІІ ст. забіў Ганну Альшанскую і яе каханага Валюжына? Што пазней сталася з сямейнымі багаццямі? Што адбылося, калі больш чым праз тры стагоддзі пасля таго ў час Вялікай Айчыннай немцы захапілі замак? І ўрэшце, хто і чаму забіў Космічава сябра Мар’яна Пгашынскага і Людовіка Лапатуху, вар’ята, які быў у рамане чымсьці кшталту «юродзівага», а таксама і іншых нявінных ахвяр цэлай серыі злачынстваў.
Хоць і не зусім тыповая па жанры, гэтая кніга мае асноўныя рысы класічнай дэтэктыўнай гісторыі, са шматлікімі манёўрамі для адцягнення ўвагі і сюжэтнымі паваротамі, і чытач застаецца ў цемры да самай нечаканай развязкі. Параўнанне падзей з дэтэктыўнай гісторыяй робіць і адзін з персанажаў твора. Менш прынятым ў гэтым сэнсе, аднак абсалютна тыповым для творчасці Караткевіча ў цэлым з’яўляецца падзел герояў на дзве асноўныя катэгорыі – добрых і дрэнных. Да станоўчых персанажаў адносяцца галоўныя героі Косміч і начальнік археалагічнай экспедыцыі Стася Рэчыц, з якой ён пазней ажаніўся, мясцовыя гісторыкі-фанаты Шаблыка і Змагіцель, следчы Адам Хілінскі, вясковы настаўнік і ксёндз Леанард Жыховіч, а таксама дзед Мультан. Зло персаніфікуюць Альшанскі князь і асабліва апошні ягоны нашчадак, псіхіятр Вітаўт Шапо-Калавур-Лыганоўскі, а таксама прадстаўнік гістарычнай камісіі, былы калабарант часоў Вялікай Айчыннай вайны, Высоцкі-Кулеш і антынацыяналіст Ганчаронак-Боўбель.
Сумненне ў смерці сябра Пташынскага штурхае Косміча да ўсебаковага гістарычнага і крымінальнага расследавання, якое становіцца (без страты кампактнасці сюжэта) свайго роду гімнам чалавечай інтуіцыі, нязломнасці і эрудыцыі, сведчаннем якой з’яўляецца ўвядзенне ў тэкст грэчаскіх, стараславянскіх і іншых літар і значкоў. Уменне Косміча расшыфроўваць старыя тэксты вельмі дапамагае яму ў крымінальным расследаванні, таксама, як, дарэчы, і інтуіцыя ў раскрыцці праўды, чаго б гэта ні каштавала. Апроч сапраўдных злачынцаў ён мусіў змагацца з тымі, хто спрабаваў утойваць праўду пра сваю краіну, такімі, як Ганчаронак-Боўбель, якому Косміч гаворыць з расчараваннем: «...вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край». Раскрыццё сапраўднай сутнасці Беларусі заўсёды з’яўляецца найважнейшай мэтай не толькі Косміча, аднак і самога Караткевіча. У адным са шматлікіх адступленняў гэтай надзвычай рэалістычнай, хоць і мнагапланавай кнігі Косміч раптоўна папікае беларускіх вучоных за адсутнасць поўнага слоўніка старабеларускай мовы, які не быў створаны на працягу сотні гадоў; нязменнай тэмай служыць праблема знішчэння гістарычных пабудоў як ад яўнага вандалізму – бульдозерамі, так і ад толькі крыху менш небяспечнага дрэннага абыходжання з імі (калі іх выкарыстоўвалі ў якасці складоў альбо, напрыклад, хлявоў). Як і ва ўсіх іншых творах аўтара, у цэнтры гэтага рамана знаходзіцца повязь паміж мінулым і сучаснасцю, а таксама жывое жыццё з усімі яго складанасцямі і супярэчнасцямі.
Хоць персанажы «Чорнага замка Альшанскага» больш рэалістычныя і менш каларытныя за герояў некаторых іншых твораў аўтара, аднак сярод іх выдаецца вобраз «юродзівага» Людовіка Лапатухі, які, ходзяць чуткі, ведае пра месца знаходжання страчанага скарбу. У часы існавання Заходняй Беларусі ён быў бібліятэкарам у Альшанскім замку, аднак страціў розум ад жахаў вайны, і зараз гэты безабаронны і бясшкодны чалавек блукае па ваколіцах, час ад часу нечакана ўзнікаючы перад людзьмі і гаворачы прароцкія словы (у нечым на манер грэчаскага хору). Поўная амнезія сцерла з ягонай памяці ўсё, што датычыць мінулага. Так, па меншай меры, меркаваў сусед Косміча Лыганоўскі, апошні прадстаўнік роду Альшанскіх, што працаваў псіхіятрам. Злавесная і трагічная фігура, ён спрабуе аддаліць Косміча ад расследавання як забойстваў XVІІ ст., так і смерці Пташынскага, убачыўшы ў вучоным дастойнага апанента, які заслугоўвае большай павагі за ўсіх іншых людзей, з якімі ён мае справу, у тым ліку і ягоных пацыентаў. У канцы кнігі Косміч асуджае яго за тое, што той не цэніць добрых якасцяў свайго ўласнага характару: «Што ж вы нарабілі, Альшанскі? Які вялікі матэрыял чалавечы пагубілі ў сабе, пахавалі, каменем прыціснулі?!». Бліжэй да канца рамана ксёндз Леанард Жыховіч разумее, што заснавальнік касцёла князь Вітаўт не быў чымсьці кшталту святога, як гэта можна было сабе ўявіць. Яго прыводзяць у лютасць прамыя нашчадкі князя, якія «чыняць зло [...] Будзем мірыцца, дазволім ім засмечваць зямлю і неба – шэлег тады цана і цывілізацыі і нам». Людзі кшталту Антона Косміча з’яўляюцца яе выратавальнікамі. Апошні заключае: «Я зрабіў нават болей таго, што мог. І не для сябе, а дзеля іх, дзеля гэтага акіяна, народа майго». У сваім служэнні людзям і процідзеянні злу ён стаіць у адным шэрагу з такімі персанажамі Караткевіча, як Андрэй Грынкевіч з «Нельга забыць», Андрэй Беларэцкі з «Дзікага палявання караля Стаха» і Алесь Загорскі з «Каласоў пад сярпом тваім». Па меншай меры, у гэтым зменлівы Караткевіч застаўся пастаянным.
У рамане «Чорны замак Альшанскі» Караткевіч з тыповай для яго іроніяй апісвае размову двух персанажаў, якія абмяркоўваюць творчасць В. Быкава, а потым гавораць і пра самога Караткевіча: «А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць». І сапраўды, творчасць аўтара адрознівае і разнастайнасць жанраў, і тэматычная разнастайнасць у межах саміх жанраў, апроч таго, не многія сучасныя пісьменнікі маюць такую багатую фантазію. Караткевічу ўласціва таксама спалучэнне рамантычнага і рэалістычнага падыходаў і няспынная ўвага да роднай гісторыі, культуры і духоўнага стану краіны, таму гістарычнае мінулае ён заўсёды непасрэдна ці апасродкавана арганічна звязвае з днём сучасным. Надзвычайнай папулярнасцю карыстаюцца ягоныя творы, несумненна, дзякуючы сваім захапляльным сюжэтам, жывой і бясконца разнастайнай мове і арыгінальнаму спалучэнню высокага пафасу са здзеклівай іроніяй.
Як Караткевіч у сваёй творчасці часта падзяляў герояў на станоўчых і адмоўных, так і ягоныя творы раскалолі надвое беларускі літаратурны істэблішмент. Палітычны застой 70-х – пачатку 80-х, аднак, не паўплываў на вернасць ягоных чытачоў, для якіх кнігі Караткевіча альбо часопісы з ягонымі апавяданнямі заўсёды былі надзвычай цікавымі і патрэбнымі, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму святлу, якое яны пралівалі на беларускую гістарычную і культурную спадчыну. Заўчасная смерць Уладзіміра Караткевіча ў самым росквіце творчых і жыццёвых сіл стала велізарнай стратай для беларускай літаратуры і ўсяго грамадства ў цэлым.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.
Похожие статьи:
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы