Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Дубоўка - Разумная дачка
1
Гэта калісьці было, за прыгонам;
пан для сялян быў вышэйшым законам.
Мог і прадаць, і забіць селяніна,
хоць бы ён быў ані ў чым непавінен.
Той ненавіснай, прыгоннай парою
труцень вяльможны сядзеў у пакоі.
А селянін, паспяшаючы з працы,
шапку не зняўшы, прайшоў ля палаца.
Пан, узлаваўшыся, лёкаяў кліча:
— Ўзяць яго, хамскае тое аблічча!
Тут гайдукі наляцелі ў хвіліну,
рукі скруцілі таму селяніну.
Выйшаў на ганак з палаца вяльможны.
Сэрца сялянскае б’ецца трывожна.
2
Панскага слова чакаюць падпанкі.
Пан пачынае з высокага ганка:
— Як ты асмеліўся, галган пракляты,
каля палаца хадзіць панібратам?
Нават не зняў ля акна майго шапку!
Можа, не любіш такога парадку?
Хочаш, каб пан павітаўся з табою?
Шапку здыміце з дурной галавою!
Хоць не чакалі такога загаду,
але падпанкі ўсё выканаць рады.
Махам адным падкацілі калоду —
ім галавы гарацешнай не шкода...
3
Жалем зайшлося бязвіннае сэрца.
Як яно толькі само не парвецца!
— Яснавяльможны! Ды як жа? Завошта?
Шапку набыў я з уласнага кошту,
а галаву падарылі бацькі мне.
Што ж я рабіцьму, як пан яе здыме?
Мне галава памагае у працы,
мэблю не ўсю я зрабіў для палаца.
Хоць бы дакончыць вам стол-сакрытэру.
Я для яго і брускі ўжо намераў.
Дзе ж галаву я другую дастану? —
Так насмяшыў нечакана ён пана,
што аж за бокі узяўся вяльможны:
— Без галавы хіба жыць вам не можна?
Рукі патрэбны, патрэбны вам ногі,
а ў галаве тваёй клёку не многа...
4
Пан аж заходзіцца, ўзяўшыся ў бокі,
пану у тон заліваецца лёкай.
Ведаюць здаўна на свеце пра тое —
смех памагае знішчаць нам ліхое.
Так адбылося і тут нечакана:
смех закрануў нешта людскае у пана.
Але падацца нядобра адразу:
будзе спакусай для іншых «абраза».
Слёзы сялянскія пану пацеха.
Пан, як для жарту, гаворыць са смехам:
— Добра. Віну я, напэўна, дарую,
калі ты зробіш работу такую:
заўтра, у гэту дакладна гадзіну,
ты да палаца прынесці павінен,
з попелу звіўшы ў тры пасмы, вяроўку.
Гэтым сваю ты ўратуеш галоўку.
I даўжынёй каб не абы-якая —
дваццаць пяць локцяў ад краю да краю...
— Добра! — адказвае майстар з паклонам.
Сам жа падумаў:
«Забі яго громам!»
5
Дома дачка свайго бацьку чакае.
«Што ж за работа у таты такая?»
Той засмучоны ўваходзіць у хату.
— Дзе ж ты так доўга забавіўся, тата?
Тата ачухацца нават не можа,
так яго панскі загад устрывожыў.
Ды памаленьку дачушцы каханай
ён расказаў пра здарэнне у пана:
— Мілая Настачка, любая дзетка!
Радасць трапляецца беднаму рэдка.
Гора трымаецца кожнага кроку,
смерць мая ходзіць зусім недалёка.
Гэта здарэнне такое цяжкое,
мабыць, разлучыць мяне з галавою...
Наста ўсміхаецца толькі, ды годзе: —
Татачка, пану з табой мы дагодзім.
Пану вяроўку звіём мы з табою,
будзе яна ў самы раз даўжынёю.
Ты павячэрай і спі без турботы.
Досвіткам наша пачнецца работа...
Бацька здзівіўся: тут слёзы, не жарты,
кажа дачка: турбавацца не варта!
Але на сэрцы лягчэй яму стала.
Смуткам бядзе дапаможаш ты мала.
Вось і махнуў ён на смутак рукою,
добрай вячэрай сябе супакоіў.
Потым заснуў, як прадаўшы пшаніцу.
3 добрай вячэры і пан не прысніцца...
6
Сонца яшчэ не ўставала над вёскай,
а каля хаты пачаўся ўжо лёскат.
Крук ля крука аблятае, не моўкне,
Наста віе на ратунак вяроўку.
Толькі трубіць пачыналі на пасту,
тую работу дакончыла Наста.
Вынесла на панадворак вяроўку.
Соллю яе ўсю засыпала горкай
і запаліла на тым панадворку.
Так і згарэла пад соллю вяроўка.
Попел трымаецца соллю,
а пасмы
вельмі на ёй вызначаюцца ясна.
Майстар ад радасці свету не бачыць:
справіўся з гэткай цяжкою задачай!
I, не марудзячы часу дарэмна,
пану вяроўку прыносіць у тэрмін.
7
Пан абышоў ля яе неаднойчы:
дзіва такога не бачылі вочы!
Ён і памацаў вяроўку рукамі,
ён і панюхаў вяроўку таксама.
«3 попелу звіта, ну проста дзівосы!
Хоць ты бяры і вяжы на атосы!»
I даўжыня ў ёй не абы-якая:
двацаць пяць локцяў ад краю да краю!
Пан ад здзіўлення аж стаў заікацца:
— Б-бачу, што м-майстар ты, в-варты п-палаца!
Але на гэтым віну не дарую,
вырашы ты мне задачу другую.
Раз ты такі незвычайны умека,
бубен зрабі, каб ён без чалавека
граў і спяваў нам усім у палацы,
каб і мяне заахвоціў на танцы.
Зробіш — дарую табе я віну ўсю.
Толькі, глядзі, каб да заўтра вярнуўся!
— Добра! — адказвае майстар з паклонам.
Сам жа падумаў:
«Забі цябе громам!»
8
Майстар ідзе спахмурнелы дахаты.
Наста пытае:
— Як маешся, тата?
Што ж пра вяроўку не кажаш нічога?
— Аж аглушыў я ёй пана самога.
Але, пракляты, ніяк не адстане,
даў мне другое цяжкое заданне.
Бубен зрабіць я павінен да заўтра,
каб без музыкі ён пану іграў там.
Мала таго, каб і пана ў палацы
граннем сваім заахвоціў на танцы...
Зноў усміхаецца Наста вясёла:
— Бубнаў такіх колькі хочаш наўкола!
Зробім, татуля! Ён сам заіграе,
будзе пацеха з яго немалая.
9
Бацьку усцешыла Насціна слова.
Наста яго пасылае ў дуброву.
Бацьку усё растлумачыла Наста:
— Там, каля сцежкі, у дрэве дуплястым,
многа шарснёў напладзілася хіжых.
Лубку да дрэва прыставіш ты бліжай,
стукнеш па дрэву — палезуць адразу.
Ты, не марудзячы, лубку завязвай.
Вось на абвязку табе і тканіна,
ўсё як належыць зрабіць ты павінен.
10
Хто іх на свеце не знае, шарснёў тых,
з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых.
Пакаштаваўшы шарснёвага «мёду»,
іх не забудзеш да сотага году!
Але, ў выпадку такім незвычайным,
хочаш не хочаш, а будзеш адчайным.
Майстар набраў іх у лубку даволі,
хоць і далі яны майстру патолі.
Лубку нясе ён дахаты пад пахай,
не-не, ды гляне на лубку са страхам:
як бы тканіна іх толькі стрымала, —
б’юць у тканіну шарснёвыя джалы.
11
Наста не бавіла часу дарэмна:
бубен дастала, ды нават нядрэнны.
Дзірку прабіла на бубне пры боку,
каб для шарснёў не занадта шырока.
Бацька, прынёсшы шарснёў, толькі крэкча,
правай рукой пацірае ўсё плечы.
Век не забудзе ён гэту прыгоду,
пакаштаваўшы шарснёвага «мёду».
Лубку паставіў стары ля парога.
Наста цалуе татулю старога.
— Татачка, міленькі! Хіба ж так можна?
Трэба хадзіць ля шарснёў асцярожна.
Але ад смеху не можа стрымацца:
«Вось гэта музыка будзе ў палацы!»
Поўны той бубен шарснёў насадзіла,
бубну дала яна новую сілу.
Затычкай дзірку заткнула адразу,
каб не ўцяклі «музыканты» без часу.
12
Бубен нясе у палац ён да пана.
Музыкі ў бубне — як з двух барабанаў.
Бубен на стол ён паклаў у пакоі.
Пан дакрануцца баіцца рукою.
Гэта не музыка, гэта віхура,
аж выпінаецца музыкай скура,
аж ад стала пачынае ўздымацца.
Дзіва такога не чулі ў палацы!
Бубен усіх задзівіў нечаканкай,
каля яго і паны і падпанкі.
Чэлядзь уся цераз дзверы, праз вокны
прагне зірнуць на яго хоць бы вокам.
Мабыць, ад самага свету стварэння
першае бачаць такое здарэнне!
13
Пан пачынае размову такую:
— Грэх твой цяжкі я на гэтым дарую.
Але не ўсё ты зрабіў. У палацы
з музыкі гэтай няма яшчэ танцаў...
Покуль размову вялі яны з панам,
блазан у бубен парнуў нечакана,
затычку выбіў нядбайнай рукою.
Тут пачалося адразу такое,
што, як казалі даўнейшыя людзі,
толькі пры гібелі свету так будзе.
Як паляцелі шарсні
з бубна,
роем,
як пачалі джгаць
усіх
у пакоі,
дык, сапраўды, аніколі ў палацы
гэткіх не бачыў ніхто яшчэ танцаў.
Яснавяльможны скакаў сам
да столі.
Ён у жыцці не скакаў так
ніколі.
Мала таго,— «заспявалі» усе потым,
хоць, пеючы, абліваліся потам.
Толькі шарсні адгукаліся
хорам
ды шнуравалі
то долу,
то угору.
Людзі як рынулі
ў дзверы,
у вокны,
хто — галавой,
хто — нагамі,
хто — бокам,
не зразумееш —
куды,
хто,
каторы...
Танцы вясёлыя скончылі скора.
14
Тата дачцэ расказаў пра падзею:
— Вось,— кажа,— бубен, няхай прападзе ён!
Наста смяецца, ёй бубна не шкода:
— Пакаштавалі шарснёвага «мёду»!
Але на гэтым не скончыцца справа.
Пан на выгадкі заўсёды рухавы.
Толькі ачухаецца з пераляку,
дык падрыхтуе адразу падзяку.
Больш ён цябе не адпусціць на раду.
Ты і скажы яму шчырую праўду:
«Гэта дачка мне наладзіла бубен.
Сам я не ведаў, іграе чаму ён!»
Вось ён тады ад цябе і адстане,
запатрабуе са мною спаткання.
Можа, як-небудзь яго ашукаю.
Скончыцца ж, можа, нядоля такая!
Сядзем цяпер павячэраем, тата,
што будзе заўтра — дазнаемся заўтра.
15
Раніцай майстра пазвалі да пана.
Пан пасля «танцаў» выходзіць, як п’яны.
— Што ж, дараваў я грахі твае, хаме,
ты ж мне аддзячыў за тое шарснямі?
Сэрца сялянскае б’ецца трывожна.
Майстра гаворыць:
— Даруйце, вяльможны!
Гэта дачка мне наладзіла бубен,
сам я не ведаў, іграе чаму ён.
Пан задзівіўся:
— Якая дачка там?!
Гэта яна тут ва ўсім вінавата?
Добра! Скажы ёй, каб заўтра на ранку
тут вось стаяла, ля гэтага ганку!
Я і праверу, які ў яе розум.
Дзень ёй і ночка даюцца на роздум.
Папераджаю: задача цяжкая,
літасці хай ад мяне не чакае!
Каб і не конна, і не пехатою,
але была тут згаданай парою.
Ды не забудзься яшчэ і на гэта:
каб і не голай была, не адзетай.
Мне падарунак павінна прынесці,
каб я не мог яго ўзяць або з’есці.
16
Гора ідзе, а бяда даганяе.
Дзе ты радзілася, доля такая?
Слёзы пабеглі з вачэй у старога.
Як ён дахаты дастаўся, нябога?
— Гора, дачушка, і скача і плача!
Новую пан адшукаў нам задачу.
Вось што прыдумаў ліхой галавою:
заўтра не конна і не пехатою,
каб і не голая, каб не адзета,
але была ля палаца ты, дзетка.
I падарунак павінна прынесці,
каб скарыстаць ён не мог або з’есці.
Наста на гэта смяецца-жартуе:
— Што ты гаруеш-бядуеш, татуля?
Зробім усё мы па панскаму слову,
будзе у тэрмін яму усё гатова.
Толькі адразу ідзі ты да жыта,
зайцамі сцежка даўно там прабіта.
Ты забарсай там сіло ці са двое,
заяц і прыйдзе вячэрняй парою.
Будзе з яго падарунак цікавы...
Толькі, татуля, ты сам будзь рухавы.
Я ратавала цябе неаднойчы,
не пашкадуй для мяне гэтай ночы!
Зайца павінен прынесці на золку.
На табе, тата, сіло і вяроўку...
Можа тут быць хоць якая размова?
Тата пайшоў, не сказаўшы ні слова...
17
Раніцай тата вяртаецца з зайцам.
Наста ўстае, пачынае збірацца.
Сетку злажыла удвое, утрое і
ахінулася сеткаю тою.
Потым дастала кіёчак з паркана:
ехаць на ім яна будзе да пана.
Зайца ад бацькі ўзяла і — пад паху.
Бацька стаіць, спалатнеўшы ад страху.
Кій той, як дзеці, яна ажыргала,
едзе да пана з дарункам памалу.
Пану сказалі:
— Ля ганка дзяўчына! —
Выйшаў, праверыў сваімі вачыма.
«I не апранута, і не раздзета,
не пехатой, а кіёк — не карэта».
— Дзе ж твой дарунак? — у Насты пытае.
Лёкаю шэпча:
«Пусціць выжлаў зграю...
Хай разарвуць на кавалкі такую.
Я ёй ніколі шарснёў не дарую!»
Наста вымае з-за пазухі зайца.
Псярня якраз пачынае з’яўляцца.
Выйшлі ўсе выжлы, якочуць ад злосці.
Першыя служкі яны ў ягамосця.
Пан ім:— А-ту! —
ў сваёй роспачы дзікай.
Псы да дзяўчыны,
ашчэрыўшы іклы.
Наста тады і пусціла ім зайца.
Заяц у браму, а псы...
Што пытацца?!
Псы ўсе за зайцам у браму таксама.
Толькі і бачыў іх пан злютаваны...
18
— Яснавяльможны! — гаворыць дзяўчына, —
бачылі ўсё вы сваімі вачыма.
Што загадалі, усё я зрабіла.
Панскае слова павінна мець сілу.
Пан аж заляскаў на гэта зубамі —
слова давалася перад панамі.
Так і вярнулася Наста дахаты,
дзе нецярпліва чакаў яе тата.
Похожие статьи:
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Чаго смяяўся кот Васька
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Татаў родны куток
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Бацька і сын