Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Дубоўка - Ноч на Прыпяці і казка пра зоркі
Засыпана зорамі неба ўсё чыста,
плывуць адлюстроўкі ад іх
каля нас тут.
Калыша іх Прыпяць павольна,
ўрачыста,
адносіць да самых дубоў каранастых.
Мінаюць ля берагу бакены, вышкі,
дубровы, затоны, палеткі мінаюць.
А Прыпяць –
і неба,
і зоры калыша,
няма ім ні ліку,
ні меры,
ні краю.
Ідзе цеплаход наш
размераным ходам,
за ім
белапенная стужка віецца.
Пануюць навокал
спакой і лагода,
спакой і лагода
у думках,
на сэрцы.
Насустрач ідуць рудавозы няспынна,
вянкамі агнёў каляровых убраны.
І нам,
і бязмежным прасторам айчыны
сігналяць агнямі сваімі:
– Дабранач!
Цудоўная ноч!
Не прыдумаць такую!
Ніяк не прыдумаць такую сумысна,
ні гэтых прастораў,
ні Прыпяць другую,
ні гэтых убораў
квяцістых і пышных.
На палубе людзі
ўсялякіх прафесій.
Сягоння нікога і сон не бярэ тут.
Стаяць ля бартоў
і глядзяць на Палессе,
на ўсю прыгажосць
невыказную гэту.
– Ой, –
кажа дзяўчына, зірнуўшы на хвалі, –
ды колькі тут зорачак
Месяц насеяў!
Як быццам на Прыпяці закрасавалі
мільёны дзівосных,
чароўных
лілеяў...
– Як хочаш ты ведаць,
ён добры не надта, –
сказала з усмешкай дзяўчына другая, –
чамусьці на зоркі
ён вельмі багаты,
а Сонца
ніводнае зоркі не мае...
– Пры чым жа тут Сонца,
скажы мне на ласку?
– А Сонца пры тым,
што яно свае зоркі
людзям аддало ўсе.
Пра гэта ёсць казка.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
І так пачалася ПРА ЗОРКІ гаворка.
Калісьці Сонца ў небе сінім
хадзіла з Месяцам, як з сынам.
Тады не зналі людзі змроку.
Быў дзень на свеце ўсім шырокім,
бо двое разам іх свяціла,
а ў двух мацнейшая і сіла.
У Сонца кветнік быў вялікі,
а кветак-зорак там без ліку.
І Месяц кветнік меў цудоўны,
а ў ім таксама кветак поўна.
Аднойчы Сонца так гаворыць:
– Дадзім людзям свае мы зоры!
Няхай красуюць лепш на доле,
у нас і так красы даволі!
Як быццам спрэчкі не было тут.
Яны ўзяліся за работу.
Збірае Сонца зоркі-кветы,
дарунак свой рыхтуе свету.
А Месяц, як зірнуў на зоркі,
увесь праняўся жалем горкім:
– Я іх саджаў сваёй рукою...
паіў сцюдзёнаю расою...
Я даглядаў іх, родных дзетак...
Як застануся сам без кветак?!
Ад жалю аж змяніўся з твару.
Закрыўшы сад свой цёмнай хмарай,
сабраў свае ўсе кветкі-зоркі
і прыхаваў іх за узгоркам.
Панабіраў камення потым,
насыпаў крушню каля плота
і сеў на крушні, як на лаве,
як быццам добрае што справіў.
Кідае Сонца кветкі з неба,
яны лятуць на нашу глебу.
У нашых пушчах, на узгорках
закрасавалі кветкі-зоркі.
На сенажацях, на палетках
зазіхацелі зоркі-кветкі.
На ўсёй Зямлі настала свята,
яна красой уся абнята.
Падзяку Сонцу шле за тое,
што хараство дало такое.
А Месяц стаў і поўнай жменяй
пачаў кідаць далоў каменне.
Яно ляцела як папала:
дзе вельмі шмат, дзе вельмі мала,
а дзе зусім няма нічога,
няма й каменьчыка малога...
Хоць зіхаціць яно цудоўна,
красой да зорачак падобна,
хоць хараство яго не вяне, –
але жывым яно не стане,
халодным вечна застанецца,
так, як і Месяцава сэрца...
Пасля такой сваёй работы,
сабраўшы кветкі ўсе з-за плота,
у садзе Месяц пасадзіў іх.
Закрасаваў той сад на дзіва.
Аж супыніла ход свой Сонца.
Яно здзівілася бясконца.
– Ты так сваё трымаеш слова?
Была такая ў нас умова?
А Месяц кажа:
– Шкода стала,
у мяне самога кветак мала...
– Дык слухай, Месяц,
над зямлёю
хадзіць не будзеш
ты са мною!
Я ашуканства
не дарую!
Ідзі на сцежку ты
другую!
Вось так, асобнай пуцявінай
яны і ходзяць з той часіны.
Не ходзяць больш ніколі разам,
выходзіць кожны іншым часам.
Калі на небе Месяц стане,
дык Сонца нават і не гляне:
адразу знікне з небакраю.
Такую крыўду Сонца мае!
Як разышліся ў небе сінім,
як стаў рубеж той паміж імі,
тады і ноч пазналі ў свеце,
бо Месяц толькі ўночы свеціць.
Свяціць ён свеціць, ды не надта,
ён садам больш сваім заняты.
А то зусім, бывае, сядзе
адпачываць у гэтым садзе.
Тады яго няма над светам,
гараць на небе зоркі-кветы,
а з імі ціхенька гавораць
зямныя нашы кветкі-зоры.
Гавораць сонейкавы дзеткі,
што ў нашых пушчах, на палетках,
на сенажацях, у садочках
гараць, зіхцяць, як аганёчкі...
Затым і любы нам яны ўсе,
хоць Месяц з Сонцам пасварыўся...
Вялікі клопат Сонца мае.
Як толькі гляне з небакраю, –
яно адразу грэць пачне так,
каб цеплыня дайшла да кветак,
дайшла да ўсіх жывых на свеце.
Яно і грэе ўсім і свеціць...
Бывае, сумна Сонцу стане,
калі яно навокал гляне:
адно, як ёсць, на сінім небе!
А зоркі-дзеткі ў нас, на глебе!
Ніяк таго не перайначыць!
Ад смутку Сонца аж заплача,
а слёзы на зямлю ліюцца.
Дажджом іх называюць людцы.
Яно хаваецца ў аблокі,
каб мы не бачылі здалёку,
які на сэрцы смутак мае.
Пасля вясёлку выкідае,
каб паказаць, што смутак згінуў.
У тую самую часіну
ізноў над светам усміхнецца.
І ў нас тады лягчэй на сэрцы...
Я слухаў уважна.
Глядзеў на дзяўчыну.
Яна,
пасылаючы Месяц упрочкі,
зрабіла для страху
сур’ёзную міну
і нават прымружыла
сінія вочкі.
А потым,
падняўшы свой пальчык угору,
яму паківала,
як маці на сына.
І Месяц,
адчуўшы заслужаны сорам,
схаваўся за хмаркай
у тую ж хвіліну.
І покуль дзяўчына не скончыла казку,
хаваў ён за цёмнаю хмаркай аблічча.
Праз шчылінкі ў хмарцы,
як быццам праз маску,
на ўсякі выпадак
ён зоркі падлічваў...
– Дык будзеце ведаць,
чаму ён няпэўны?
Чаму ашуканцам
наш Месяц названы?
Дзяўчаты згадзіліся з гэтым,
напэўна.
А хто ім на свеце
не быў ашуканы?!
– Скажы мне на ласку, –
спытаў я ў дзяўчыны, –
адкуль ты ўзяла гэту казку,
сястрыца,
якая ўрачыстаю гэтай часінай
прыйшла,
каб да сэрца майго прытуліцца?
Крынічныя хвалі
яе наспявалі
ці вецер,
што з жытам гамоніць-гаворыць?
Ці сонцавы дзеткі –
цудоўныя кветкі,
ці з неба блакітнага
ясныя зоры?
– Ні вецер,
ні хвалі,
ні ясныя зоры, –
мне родная маці
яе расказала.
У нашых бязмежных,
радзімых прасторах
і казак,
і казачных дзеяў
нямала...
Насустрач ідуць рудавозы няспынна,
вянкамі агнёў каляровых убраны.
І нам,
і бязмежным прасторам айчыны
сігналяць агнямі сваімі:
– Дабранач!
Цудоўная ноч!
Не прыдумаць такую!
Ніяк не прыдумаць такую сумысна!
Ні гэткай дзяўчыны,
ні Прыпяць другую,
ні гэтых прастораў
квяцістых і пышных...
Похожие статьи:
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Галоўны дворнік
Якуб Колас → Якуб Колас - Усход сонца
Пераказы, дыктанты → Сонца не стаіць на месцы