Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Рыгор Ігнаценка - Рамантык
Ганчак узняў ліса і пагнаў яго ў далёкі лес.
Ісці туды за ім у нас з сябрам не было ўжо ні сіл, ні часу. Таму мы селі адпачыць на бураломіну і пачакаць сабаку, пакуль ён вернецца. А можа, падумалі, калі яму ўдасца, прыгоне рыжага назад на яго месца лежні.
Сядзім моўчкі ды ў лясную цішыню ўслухоўваемся: ці не падасць сабака голас, ці не абзавецца часам дзе? Але яго не было чуваць.
Я залюбаваўся дзвюма рабінавымі ягадкамі ў арэхавым кусціку насупраць. Вісяць чырвоненькія на галінцы. I як яны трапілі сюды: чалавек закінуў іх, ці птушка занесла, альбо вецер?
Нечакана сябар моўчкі шкуматнуў мяне за рукаў. Я зірнуў у той бок, куды ён глядзеў усміхаючыся, і, міжволі, сам заўсміхаўся.
Наперадзе ляжала шырокая паляна, на якой там-сям чарнелі нізкія пянькі і рэдкія маладыя дрэўцы. З правага боку паляны быў густы зараснік арэшніку і рабіны. З левага – старая дуброва. Вось з зарасніку выйшаў янотападобны сабака. Кудлаты, на нізкіх ножках, з куртатым пушыстым хвастом, круглай, з сівымі бакенбардамі і кароткімі стаячымі вушкамі галавой. У роце звярок трымаў вялікую яловую шышку. Відаць, у добрым настроі быў. А можа, малады?
Тупае ён сабе паважна па паляне, быццам па тым бульвары ў горадзе, ды з шышкай гуляе: круціць яе, залацістую, у зубах, цікаўна кудлатай галавой пакачваючы, хвастом матляе.
На сярэдзіне паляны янот спыніўся. Кінуў шышку і стаў па траве качацца. Відаць, звярка сухі дзядоўнік непакоіў, які ў густое футра ўчапіўся. Вось ён і спрабаваў як-небудзь пазбавіцца яго. Аднак, колькі ні качаўся, так ніводнай галоўкі яму не ўдалося скінуць са свайго пушыстага футра. Толькі болей на сябе ляснога смецця начапляў.
Нарэшце янот узняўся, пачухаў задняй лапай за вухам, энергічна страсануўся і памкнуўся было далей ісці. Але, успомніўшы пра шышку, назад вярнуўся, узяў яе ў рот. Ступіў некалькі крокаў і раптам угору падкінуў, спрабуючы злавіць на ляту. Калі ж яна ўпала на зямлю, стаў дурэць з ёю, як гэта робіць сыты кот з мышшу.
Пагуляўшы трохі, янот зноў узяў шышку ў рот і, не спяшаючыся, пасунуўся далей сваёй дарогай.
Нам з сябрам не цяжка было ўпаляваць звярка. Дый трафей, трэба сказаць, дарагі, жаданы.
Але хіба ў каго ўзнялася б рука на гэтага ляснога рамантыка?
Так ён і знік у дуброве, далікатна махнуўшы нам на развітанне куртатым хвастом.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе