Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Ігнаценка - Лесавічок

   Палявалі мы ў гэты дзень на багатых дзічынай Валожынскіх перавалах. Заблудзіўшы ў лесе, я не менш быў рады сустрэчы з чалавекам, чым Рабінзон Круза на пустэльным востраве.
   І вось такая сустрэча адбылася. З-за павароту лясной дарогі выкаціўся насустрач мне гадоў дзевяці хлапчук. Ён быў у чорных валёнках і насунутай на вочы вушанцы. Усім сваім выглядам ён нагадваў таёжнага мужычка-лесавічка.
   – Як мне адгэтуль, хлопчык, у Зялёнае Вяззе трапіць? – пытаю я.
   – Пойдзем, пакажу, – упэўнена, як бывалы чалавек, адказаў ён.
   Па дарозе я даведаўся, што Васілёк – так звалі майго новага знаёмага – сын лесніка, які жыве недалёка адгэтуль.
   – Напэўна, абед бацьку ў лес нясеш? – пацікавіўся я, заўважыўшы ў руцэ хлопчыка маленькую кужэльную торбачку.
   – Не, – адказаў ён. – Абед, але не бацьку.
   – А каму ж?
   – Курапаткам.
   – А ці многа курапатак да тваёй кармушкі прылятае? – пытаюся ў хлапчука.
   – Штук пятнаццаць.
   – І што ж ты ім даеш?
   – Усё тое, што і курам. Але асабліва яны грэчку любяць.
   – Грэчку, кажаш?
   – Нарасхват дзяўбуць!
   За размовай мы не заўважылі, як падышлі да маленькага ляснога яра.
   – Вось бачыце, колькі іх сабралася там, – паказаў Васілёк рукой наперад.
   На схіле яра я ўбачыў з дзясятак натапыраных шэрых курапатак. Калі мы падышлі бліжэй, птушкі ўзняліся і паляцелі ўздоўж яра.
   – Гэта яны вас спалохаліся, – растлумачыў Васілёк.
   У яры, пад кустамі алешніку, я заўважыў некалькі маленькіх буданчыкаў.
   – Гэта такія кармушкі? – здзівіўся я. – А хіба не ўсё роўна: у такую кармушку сыпаць ці проста на снег?
   – Вядома, не. Корм снегам не так замятае.
   Мне нічога не заставалася, як згадзіцца. Адышоўшы з паўсотні крокаў, я азірнуўся. Маленькі лесавічок сыпаў у адзін з буданчыкаў прынесены птушкам корм.

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

ПераказыПтушкі шчасця